Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя ЭБРР — пра санкцыі, правы чалавека і міратворчую дзейнасьць Лукашэнкі


«Міжнародная супольнасьць з удзячнасьцю глядзіць і ацэньвае міратворчыя намаганьні, якія робіць Беларусь і прэзыдэнт Беларусі дзеля вырашэньня гэтага складанага канфлікту (паміж Расеяй і Ўкраінай)», — заявіў на сустрэчы з журналістамі прадстаўнік Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Шон Донлан.

На пытаньне Радыё Свабода, як паўплываюць на стратэгію ЭБРР у Беларусі ўведзеныя супраць Расеі міжнародныя эканамічныя санкцыі з улікам шчыльнага ўзаемадзеяньня беларускай і расейскай эканомік, Шон Донлан заявіў наступнае:

«Зразумела, што сытуацыя будзе ўплываць на беларускую эканоміку. Падчас усіх сустрэчаў, у прыватнасьці ва ўрадзе Беларусі, нам ня раз падкрэсьлівалі, што Расея — асноўны гандлёвы партнэр Беларусі. Зразумела, што бясьсьледна такія санкцыі ня пройдуць. Аднак вызначыцца, як канкрэтна гэта паўплывае і якое менавіта ўзьдзеяньне гэта будзе мець на нашу дзейнасьць у Беларусі, мы зможам у тым ліку і па выніках гэтага візыту».

Шон Донлан падкрэсьліў, што кіраўніцтва банку найперш ацэньвае тыя працэсы, якія адбываюцца ў самой Беларусі.

Прадстаўнік рады дырэктараў ЭБРР адзначыў, што дэлегацыя мела адкрытыя размовы на ўсіх узроўнях і доступ да неабходнай інфармацыі.

Дэлегацыя Рады дырэктараў ЭБРР знаходзіцца ў Беларусі з 22 верасьня. У праграму ўвайшло наведваньне некалькіх гарадоў Беларусі, у тым ліку Смаргоні, Фаніпаля, Баранавічаў, Менску. Падчас візыту дэлегацыя, якая прадстаўляе сумарна 28 краінаў-акцыянэраў, сустрэлася з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам, міністрам эканомікі Беларусі Мікалаем Снапковым, намесьнікам міністра замежных спраў, дарадцам Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях.

Таксама былі праведзеныя сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва Нацыянальнага банку і банкаў-контрагентаў па праектах ЭБРР у Беларусі.

Дэлегацыя наведала кампаніі, якія выступаюць кліентамі ЭБРР у Беларусі: прадпрыемства па вырабе трыкатажу «Марк Фармэль», прадпрыемства «Водаканал» у Баранавічах, а таксама кампаніі з замежнымі інвэстыцыямі — «Штадлер» па вытворчасьці рухомага саставу і дрэваапрацоўчы холдынг «Кроноспан».

Журналістка ВВС задала пытаньне, наколькі ЭБРР заклапочаны праблемай абароны інвэстыцыяў, і прывяла ў прыклад выпадак з амэрыканскім бізнэсмэнам Маратам Новікавым, які страціў свае прадпрыемствы ў Беларусі ў выніку дзеяньняў беларускіх уладаў.

Мы задаволеныя ўмовамі, у якіх працуюць тыя кампаніі, у якія мы ўклалі грошы

Шон Донлан: «Мы ведаем пра гэтыя выпадкі. Мы задаволеныя ўмовамі, у якіх працуюць тыя кампаніі, у якія мы ўклалі грошы. Зразумела, што сытуацыя магла быць і лепшая, яна не ідэальная, але яны не адчуваюць ціску, падобнага да тых выпадкаў, пра якія вы кажаце».

Франсыс Маліж, кіраўнічы дырэктар ЭБРР па Ўсходняй Эўропе і Каўказе, зазначыў, што гэтыя выпадкі бяруцца пад увагу:

«У любога інвэстара ёсьць выбар, куды ўкладаць свае грошы. Ёсьць такі панятак, як інвэстклімат. Мы сур’ёзную ўвагу гэтаму аддаём. Нават калі няма ціску на тыя кампаніі, у якія мы не інвэставалі, нас усё адно гэта непакоіць, бо гэта ў цэлым уплывае на інвэстыцыйны клімат у краіне».

Дэлегацыя ЭБРР сустракалася з прадстаўнікамі НДА і незалежных дасьледчых інстытутаў. На пытаньне Радыё Свабода, наколькі адрозьніваецца прадстаўленьне беларускай эканомікі і грамадзтва з боку гэтых арганізацыяў і на адміністрацыйным узроўні, Шон Донлан паведаміў:

«Ня надта адрозьніваецца. Зразумела, што на сустрэчы зь няўрадавымі арганізацыямі ішла размова пра правы чалавека. Мы гэтыя пытаньні абмяркоўвалі, але мы ўсё ж банк. Мы найперш знаходзімся тут, каб пасьпяхова ажыцьцяўляць камэрцыйныя апэрацыі, задуманыя банкам у адпаведнасьці з нашай стратэгіяй. Аднак пытаньні правоў чалавека заўжды знаходзяць адлюстраваньне ў стратэгіі банка».

Шон Донлан адмыслова зазначыў, што ўдзельнікі дэлегацыі былі рады наведаць замкі ў Міры і Нясьвіжы і ім спадабалася беларуская кухня.

ЭБРР — буйны інвэстар у Беларусі. Паводле стану на 1 верасьня 2014 году банк выдзеліў больш за 1,5 мільярда эўра па 66 праектах. Аб’ём апэрацыяў ЭБРР у 2013 годзе дасягнуў узроўню 255 мільёнаў эўра. Гэтыя сродкі банк накіраваў на падтрымку праектаў мясцовых і замежных інвэстараў у прыватным сэктары Беларусі.

XS
SM
MD
LG