Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы, вы мірныя людзі, рабіце ўсё, падтрымлівайце вашага прэзыдэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш», — заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора ў перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ. І выклікала тым самым вялікае непаразуменьне з боку незалежнага грамадзтва Беларусі.

Сапраўды, заява Майры Моры выглядае трохі дзіўна на фоне таго, што ЭЗ афіцыйна лічыць Лукашэнку пэрсонай нон грата, якой забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Чым тлумачыцца такі незвычайны крок вядомай дыпляматкі?

Найперш, трэба зьвярнуць увагу на кантэкст гэтай заявы. Тэлевізійная перадача, у якой удзельнічала Майра Мора, была прысьвечаная падзеям на ўсходзе Ўкраіны. І ў гэтай фразе дыпляматка заклікае беларусаў падтрымаць палітыку Лукашэнкі адносна ўкраінскага крызісу.

Гэта тым больш актуальна, што пазыцыі большасьці беларускіх грамадзян не супадаюць з афіцыйнай лініяй дзяржаўнага кіраўніцтва. Беларусы ў асноўным падтрымліваюць Расею ў гэтым канфлікце.

Але адначасова заява Майры Моры сьведчыць пра відавочную зьмену настрояў эўрапейскіх палітыкаў што да беларускага рэжыму. Украінскі крызіс моцна зьмяніў увесь геапалітычны ляндшафт у Эўропе. У аналітычным асяродзьдзі было шмат размоваў пра тое, што статус міратворца, якія ўзяў на сябе афіцыйны Менск, зьменіць стаўленьне Захаду да яго ў лепшы бок.

На мой погляд, ня толькі і ня столькі міратворчая актыўнасьць кіраўніцтва Беларусі, колькі ўвесь кантэкст украінскага крызісу ўплывае на карэкціроўку пазыцыяў ЗША і ЭЗ адносна рэжыму Лукашэнкі. Падчас вострага супрацьстаяньня, абвастрэньня адносін паміж Захадам і Расеяй на першы плян у міжнароднай палітыцы выходзяць пытаньні геапалітыкі, а праблема каштоўнасьцяў (правоў чалавека, дэмакратыі) адсоўваецца крыху ўбок. Калі на кану — пагроза вялікай вайны, то актуальнасьць тэмы палітвязьняў аб’ектыўна зьмяншаецца.

Дык вось якраз у найважнейшым геапалітычным пытаньні — канфлікце вакол Украіны — Беларусь, самы блізкі саюзьнік Расеі, спрабуе дыстанцыявацца ад Масквы і заняць пазыцыю нэўтралітэту. Менск не палез у адзін акоп з РФ у вайне з Захадам, як гэта было ў 1990-я гады.

Так, на беларускай тэрыторыі разьмясьціліся расейскія вайсковыя самалёты, Менск прагаласаваў у Генэральнай Асамблеі ААН у падтрымку РФ. Але, зь іншага боку, Беларусь пастаўляе ва Ўкраіну нафтапрадукты, МАЗы, якія Кіеў выкарыстоўваў у антытэрарыстычнай апэрацыі. Менск падтрымлівае сяброўскія адносіны з украінскім кіраўніцтвам, робіць міратворчыя высілкі, каб дасягнуць міру ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Вось Расея ўвяла эмбарга на імпарт харчаваньня з ЭЗ. Беларусь ня толькі не далучылася да яго, але наадварот, скарыстала сытуацыю ў сваіх інтарэсах і наладзіла транзыт эўрапейскага харчаваньня ў РФ. Тым самым дапамагаючы сельскай гаспадарцы Польшчы, Літвы, Латвіі, Нарвэгіі ды іншых эўрапейскіх краін.

У адказ на падпісаньне Малдовай дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ Расея ўвяла эканамічныя санкцыі супраць гэтай краіны. А Лукашэнка паехаў туды зь візытам дамаўляцца пра пашырэньне гандлю. І заявіў, што, маўляў, дамова аб асацыяцыі з ЭЗ — гэта ваша сувэрэнная справа.

Беларускі палітычны рэжым на кантрасьце і з Украінай, і з Расеяй стаў выглядаць у вачах Эўропы і ЗША не такім адыёзным, як раней

Увогуле, беларускі палітычны рэжым на кантрасьце і з Украінай, і з Расеяй стаў выглядаць у вачах Эўропы і ЗША не такім адыёзным, як раней. У Беларусі хоць і садзяць у турму за палітычную дзейнасьць, але нікога не забіваюць, з 2000 году апазыцыйныя палітыкі і журналісты не зьнікаюць. На фоне штодзённых ахвяр вайны ва Ўкраіне гэта ацэньваецца па-новаму. І ў параўнаньні з Уладзімерам Пуціным Аляксандар Лукашэнка стаў выглядаць ня самым «дрэннымі хлопцам». На тле пагрозы з транзытам расійскага газу ў краіны ЭЗ праз украінскую тэрыторыю беларуская стабільнасьць падвышаецца ў цане для заходніх суседзяў.

Яшчэ адзін момант. У Беларусі няма сацыяльнага крызісу, нейкіх працоўных канфліктаў, публічных пратэстаў. Сацыёлягі засьведчылі рост падтрымкі ўлады насельніцтвам. Гаварыць пра палітычную ролю апазыцыі апошнім часам не выпадае.

На гэтым тле цяжка патрабаваць ад Захаду, каб ён, нягледзячы ні на што, бараніў беларускую дэмакратыю. Калі самім беларусам гэта ня надта патрэбна, калі яны маўчаць, то чаму Эўропа павінна тут надта шчыраваць?

Што далей? Думаю, нас чакае павольнае пацяпленьне адносін паміж Беларусьсю і Захадам. Пазыцыю афіцыйнага Менску пакуль нельга назваць балянсаваньнем паміж ЭЗ і Расеяй. Хутчэй — толькі размарожваньнем дачыненьняў з Захадам.

Калі ў апазыцыі няма шанцаў на перамогу, калі пэрспэктывы перамен не відаць, ЭЗ будзе рабіць стаўку на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі

Калі ў апазыцыі няма шанцаў на перамогу, калі пэрспэктывы перамен не відаць, ЭЗ будзе рабіць стаўку на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. Ня думаю, што гэтаму моцна перашкодзяць прэзыдэнцкія выбары 2015 году, якія пройдуць паводле звыклага сцэнару. Гэтым разам такіх маштабных рэпрэсіяў, як пасьля 19 сьнежня 2010 году, ня будзе. Бо значных пратэстаў не прадбачыцца. І можна будзе сказаць, што ёсьць прагрэс.

Пэўным момантам ісьціны ў гэтым сэнсе стане пытаньне аб эканамічных і візавых санкцыях, уведзеных Эўразьвязам у дачыненьні да беларускіх службовых асобаў і буйных бізнэсоўцаў. Іх тэрмін дзеяньня заканчваецца 31 кастрычніка 2014 году, і ЭЗ павінен будзе прымаць рашэньне: альбо іх працягнуць, альбо скасаваць, альбо ўвесьці мараторый на ўжываньне гэтых «абмежавальных захадаў».

Але ўзьнікае пытаньне пра парадак дня гэтага дыялёгу паміж Беларусьсю і Захадам. Безумоўна, на першае месца выходзіць праблема ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу і ролі ў гэтым працэсе Беларусі. Падчас візыту Ўладзімера Макея ў Варшаву менавіта гэтая тэма афіцыйна вылучалася на першы плян.

Ёсьць яшчэ пытаньне супрацоўніцтва ў справе транзыту і перапрацоўкі ў Беларусі прадуктаў харчаваньня і сельскагаспадарчай сыравіны з краін ЭЗ для наступнага продажу ў Расеі. Але гэта ўсё хутчэй часовыя, каньюнктурныя, бягучыя пытаньні. На іх складана будаваць трывалую аснову адносін. А патрэбны доўгатэрміновы парадак дня, «дарожная мапа». Так, ідуць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Але гэтага мала. Дыялёг аб мадэрнізацыі — тэма зусім штучная і несур’ёзная. Пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека фактычна вынесена за дужкі дыялёгу. Што яшчэ?

У любым выпадку нясьмелая спроба дыялёгу паміж Беларусьсю і Захадам — гэта новы выклік для абодвух бакоў.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG