Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірванец: «У зоне АТА недзе бегае з аўтаматам украінскі Эрых Марыя Рэмарк»


Аляксандар Ірванец

Аляксандар Ірванец

З нагоды апошніх драматычных падзей ва Ўкраіне Свабода пагутарыла зь вядомым украінскім пісьменьнікам, аўтарам раманаў і вершаў, перакладчыкам твораў беларускай літаратуры Аляксандрам Ірванцом.

— Я з захапленьнем чытаў ваш раман «Рівне/Ровно» (гэты раман выйшаў таксама па-беларуску), і ў мяне цяпер склалася такое ўражаньне, што ён ня толькі фантасмагарычны, але ў нейкім сэнсе ён прадбачыў гэтую сытуацыю, што склалася цяпер ва Ўкраіне, якой яна выглядае ўжо цяпер: падзеленая на дзьве часткі, адна — таталітарная, а другая — дэмакратычная. Толькі што няма такой сьцяны, якая была ў Бэрліне ці як вы апісваеце ў сваім рамане.

Як вы лічыце, ці гэта такое мастацкае прадказаньне, ці так выпадкова адбываецца, што ваш раман увасабляецца ў рэальнасьць?

— Мне, вядома, вельмі прыемна, калі мяне называюць нейкім прарокам, толькі пра гэтую сьцяну, пра гэты мур, які там апісаны, — наагул, яго не існавала і не існуе да сёньня. Можа толькі ён зьявіцца на самой мяжы Украіны з Расеяй. Ёсьць такія ідэі цяпер у нашай краіне. А так гэты ўяўны мур — тады ён праходзіў у Роўне. Гэта мой родны горад, гэта заходняя Ўкраіна. Далей гэтая сьцяна пасунулася на ўсход. Ужо ў 2004 годзе, калі выйграў Юшчанка, гэтая сьцяна прасунулася ажно да Сумскай, Палтаўскай абласьцей, а сёньня гэтая сьцяна ўжо на ўсходзе, яна ўжо адмяжоўвае нашу зону АТА, гэтыя асобныя раёны Данбасу. А заходняя Ўкраіна павялічылася ўжо да памераў усёй Украіны, апроч тых некалькіх раёнаў.

— А як вы сабе ўяўляеце існаваньне ў гэтых раёнах: у аточаным Данецку, дзе блёкпасты баевікоў, дзе рабункі, забойствы... Як тая частка Ўкраіны выжыве, перажыве гэтую акупацыю?

— Гэта вельмі-вельмі сумнае пытаньне. Я думаю пра гэтых людзей, бо яны там таксама засталіся ўкраінцамі, патрыётамі. Яны павінны вытрываць, і мы ім у гэтым дапаможам. Уся Ўкраіна — нас усё-ткі каля 40 мільёнаў, і мы павінны зрабіць усё, каб яны зноў былі з намі. Украіна не аддасьць гэтую зямлю, колькі б яе ні было. Гэта наша зямля, гэта нашы людзі.

Я ведаю, што цяпер ім цяжка, але і яны ведаюць, што мы — зь імі.

— На сайце газэты «Наша Ніва» нядаўна было апытаньне сярод чытачоў на тэму, ці варта было Ўкраіне праходзіць праз Майдан, зыходзячы з таго, што потым сталася з Крымам, з Данбасам, з вайной, гэтымі сьмерцямі... І цяпер цяжка сказаць, які вынік будзе. Якая ваша думка наконт гэтага: ці варта было?..

— Адназначна, варта. Ужо тое, што наш прэзыдэнт сёньня не Януковіч, — адно гэта было варта таго, каб выходзіць на Майдан. Усе гэтыя страшныя Азаравы, якія сёньня ўцяклі і адседжваюцца — хто ў Расеі, хто ў Аўстрыі (таксама блізкая ім краіна, якая іх прымае)... Узровень хлусьні ў краіне быў такі, што трываць было ўжо немагчыма. І людзі выйшлі.

Я пра Эўрамайдан ні на ёту не шкадую. Тое, што ён адбыўся, — у гэтым вялікае значэньне майго народу.

— Вы асабіста хадзілі на Майдан. Ці хто з вашых знаёмых таксама пацярпеў? Як гэтыя падзеі (і Майдан, і цяперашняя АТА, вайна) закранулі вас асабіста?

— Так, вядома, я ж украінец, я патрыёт. Канечне мы былі на Майдане. Я ўжо ня вельмі малады чалавек, але калі дзяўблі гэты брук, я дапамагаў яго падносіць хлопцам. Якія яго кідалі ў «беркутаўцаў».

У мяне ўжо ёсьць некалькі знаёмых, якія ўжо ня вернуцца з зоны АТА, і гэта, вядома, вельмі сумна. Гэта страшна, гэта траўмы, але, як мне падаецца, праз гэта нараджаецца ўкраінская палітычная нацыя.

— Аксана Забужка нядаўна прэзэнтавала сваю новую кнігу, прысьвечаную Эўрамайдану і апошняй вайне. Ці паўплывалі гэтыя падзеі нейкім чынам і на вашы творчыя пляны? Ці маеце вы жаданьне адлюстраваць у сваёй творчасьці гэтыя падзеі?

— У мяне ўжо вельмі хутка выйдзе кніга вершаў, якая называецца «Пісні війни». У гэтым зборніку ўсяго каля двух дзясяткаў вершаў, якія былі напісаныя ў мінулым лістападзе, сьнежні, студзені, — тады, калі ўсе гэтыя падзеі толькі пачыналіся. Гэтая кніга мае выйсьці ўжо праз пару тыдняў.

А наагул я думаю, што гэтыя падзеі дадуць нам новую добрую літаратуру. Я б сказаў так: цяпер, на ўсходзе, у зоне АТА недзе бегае з аўтаматам наш украінскі Эрых Марыя Рэмарк.

— Я ведаю, што вы некалі вучыліся ў Маскве і, відаць, ведаеце крыху Расею. Якая ў вашым уяўленьні цяпер гэтая краіна? Масква, Расея, расейскі народ...

— Вельмі сумнае пытаньне, дый адказ будзе адпаведны... Для мяне гэтыя 84 працэнты — вы ведаеце, пра што я кажу, і нашы слухачы ведаюць, — гэта вельмі-вельмі сумна. Гэта адурманены народ. Калісьці яго прапагандысты пра немцаў пісалі: «Як мог народ, які даў сьвету Гётэ і Бэтховэна, стаць народам нацыстаў?!» А як народ, які даў сьвету Дастаеўскага і Талстога, змог стаць тым, чым стаў сёньня расейкі народ?..

Што яшчэ сумна — што не адчуваецца якога-кольвек абуджэньня, выхаду з гэтага страшнага стану, эўфарыі «Крым наш!», «Вялікая дзяржава ўстае з калень!», — не відаць, каб ім было сорамна. Вось гэта вельмі сумна.

— Як вы думаеце, ці рэальна, як днямі заявіў ваш прэзыдэнт, каб Украіна ажыцьцявіла ўсе неабходныя рэформы і да 2020 году падала заяўку на ўступ у Эўразьвяз, будучы ўжо больш-менш гатовай да Эўрапейскага Зьвязу?

— Што тычыцца мяне, дык я буду рабіць усё, каб гэта адбылося. Ня ведаю, за ўсю краіну, за ўвесь народ казаць ня буду, але думаю, што мы гэта зробім. Ужо два разы мы рабілі рэвалюцыю — у 2004 і 2013 гадах. Мы не хацелі Януковіча ні тады, ні тады, і нарэшце мы ад яго пазбавіліся. Калі нам гэта ўдалося, то, можа, нам і тое ўдасца.

— «Вочы баяцца, а рукі робяць»?

— Так, паспрабуем.

— Пазыцыя беларускіх уладаў, беларускага народу адносна гэтага канфлікту — яна даволі прыхільна ва Ўкраіне сустрэтая. Хоць некаторыя ў нас выказваюць непаразуменьне, што вось нядаўна былі апытаньні, і самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне стаў Аляксандар Лукашэнка, які фактычна яшчэ нядаўна быў прызнаны апошнім дыктатарам Эўропы. Як гэта патлумачыць?

— Ён не перастаў быць гэтым самым апошнім дыктатарам, толькі шмат людзей ня ведаюць, як жывуць на Беларусі. Калі мяне падвозіў таксіст і сказаў мне: «Вось я чуў, там на Беларусі такі парадак, там пэнсіі плоцяць...» Я яго запытаў, а ці быў ён там. — «Не, ня быў, толькі чуў». І шмат людзей «чула». А ўкраінцы часта думаюць, што «добра там, дзе нас няма».

Так, ёсьць нейкая ідэалізацыя Лукашэнкі. Ва ўсёй Украіне багата шапікаў, дзе напісана «беларускія прадукты», і людзі купляюць іх і думаюць, што гэта нешта добрае, лепшае, чым наша. Гэта таксама міт, і ён ёсьць у галаве, у сьвядомасьці ўкраінцаў.

«Пазыцыя Беларусі» — ну якая гэта пазыцыя Беларусі? Гэта пазыцыя Лукашэнкі, а сапраўднай пазыцыі Беларусі мы яшчэ ня ведаем. А так, на ўзроўні асабістых кантактаў — зь беларусамі ўсё ОК. Мае сябры-беларусы нас падтрымліваюць, і за гэта вялікі дзякуй.

— А тое, што ў Менску ўсё-ткі ўдалося правесьці гэтыя перамовы, падпісаць пратаколы, мэмарандумы, дасягнуць нейкага замірэньня, і тое, што Лукашэнка прыяжджаў на інаўгурацыю Парашэнкі, ніколі наўпрост не ўхваляў анэксію Крыму, — чым тлумачыцца гэтая ягоная палітычная пазыцыя, на вашу думку?

— Менск — гэта таму, што шукалі нейкі такі Кэмп-Дэвід. Перамовы не маглі прайсьці ў эўрапейскай сталіцы, бо гэта было б з боку Расеі як адступленьне перад гэтай «Гейропай», а Менск — гэта «свой» горад, блізкі і Расеі, і Ўкраіне. Гэта было аптымальнае месца. І за гэта трэба дзякаваць — што ёсьць Менск, ёсьць Беларусь. Калі б яшчэ тыя дакумэнты, якія былі падпісаныя, выконваліся, тады б наагул было вельмі добра. Але пакуль яшчэ гэтага няма.

Трэба дзякаваць — што ёсьць Менск, ёсьць Беларусь

— Ці будуць у вас якія далейшыя творчыя сувязі зь Беларусьсю, ці разьвіваеце, ці падтрымліваеце вы іх цяпер, або вам не да таго?

— Вельмі хочацца нешта рабіць. Ёсьць яшчэ трохі перакладаў зь беларускай, неапублікаваных. Пераважна гэта пераклады твораў Уладзя Арлова, майго блізкага сябра.

Нядаўна сустракаўся ў Львове на Форуме выдаўцоў з Андрэем Хадановічам. Гэта была такая мілая, раптоўная і вельмі прыемная сустрэча. Хацеў бы нешта рабіць для Беларусі. Убачым, як яно выйдзе. Яшчэ адну-дзьве нейкія добрыя кніжкі я пераклаў бы на ўкраінскую мову.

— Не магу не спытаць: дзе вы так добра вывучылі беларускую мову? Я нават не чакаў і пачаў размаўляць з вамі па-ўкраінску...

— І ваша ўкраінская вельмі добрая, лепшая, чым мая беларуская, як я думаю. Ужо 14 год я актыўна перакладаю, а яшчэ перад тым... Я з Роўна, і блізка ля нас Палесьсе. У нас лавілася і беларускае тэлебачаньне, і (я ўжо казаў пра гэта ў адным інтэрвію) нават часопіс «Вожык» прадаваўся ў нашых шапіках. Мова была на слыху, начытаная. Калі я яшчэ не гаварыў, у мяне былі кніжкі па-беларуску: і Караткевіча, і Някляева — і я ўжо ўмеў чытаць. А калі пачаў больш працаваць для беларусаў, дык навучыўся і размаўляць.

— Аляксандар Васільевіч, дзякую вам за нашу гутарку. Асабіста вам жадаю нейкіх творчых дасягненьняў, але найперш, канечне, — Украіне міру і аднаўленьня краіны, дэмакратыі, руху ў Эўрапейскі Зьвяз.

— Спадзяюся, што ўсё будзе добра і ў нас, і ў вас. Мы з Арловым заўжды так разьвітваемся: «Слава Україні!» — «Жыве Беларусь!».

Пісьменьнік Аляксандар Ірванец нарадзіўся ў 1961 годзе ў Львове, вырас у Роўне, скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. У 1985 годзе зь Юрыем Андруховічам і Віктарам Небаракам заснаваў літаратурную групоўку «Бу-Ба-Бу». Творы Ірванца перакладаліся на ангельскую, нямецкую, францускую, швэдзкую, польскую, чэскую, беларускую, расейскую, італьянскую, харвацкую мовы. Сам Ірванец перакладае зь беларускай, польскай, расейскай, францускай і чэскай моў.

XS
SM
MD
LG