Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агурбаш: «Я творчы чалавек і ні ў якіх канфліктах ня ўдзельнічаю»


У цэнтры Масквы ля помніка паэту Аляксандру Пушкіну стартавала акцыя абмену футболак з замежнай сымболікай на майкі зь лёзунгамі супраць заходніх санкцыяў і ў падтрымку расейскай акупацыі Ўкраіны.

Напярэдадні да прапагандысцкай кампаніі падключылася сьпявачка беларускага паходжаньня Анжаліка Агурбаш, якая пазіравала рэпартэрам у майцы з надпісам «Не сьмяшыце мае «Іскандэры».

У інтэрвію арганізатарам пракрамлёўскай акцыі Анжаліка распавяла, што асабіста яна не баіцца санкцыяў Захаду, бо «для рускага чалавека санкцыі — гэта тое ж самае, што мядзьведзя палохаць камарамі». Пры гэтым сказала, што нарадзілася ў Беларусі і ёй дастаткова «бульбы, абаранкаў і кіслай капусты, каб пражыць».

Радыё Свабода паспрабавала ўдакладніць, чаму пераможца першага ў Беларусі конкурсу прыгажосьці «Менская прыгажуня» бярэ ўдзел у ідэалягічных дэмаршах расейскай улады і ад якога часу лічыць сябе «рускім чалавекам»:

— Анжаліка, хацелі б удакладніць літаральна два моманты, якія, што называецца, рэжуць слых. Найперш, ці азначае ідэнтыфікацыя сябе «рускім чалавекам», што вы адмяжоўваецеся ад беларускіх каранёў...

— Ведаеце, я ня буду гэта ніяк камэнтаваць, таму што ваша пытаньне абсалютна дурное. І пазыцыя ваша таксама абсалютна дурная. Як беларуска, народжаная на беларускай зямлі, можа адмяжоўвацца ад беларускіх каранёў? Гэта сьмешна. Таму давайце скончым гэтыя размовы, я ўвогуле не хачу гаварыць на такія тэмы. Спадзяюся на разуменьне, бо зусім дурная сытуацыя з вашага боку. Разумееце хоць, пра што я гавару?.

— Зразумела, канечне. Другі момант: калі гаворка пра канфлікт Расеі і Ўкраіны, то беларусы, паводле лёгікі, не павінны агітаваць за расейскія «Іскандэры»...

— І што з таго? Што вы ўвогуле маеце на ўвазе? Паслухайце, я ўсяго толькі творчы чалавек і ні ў якіх канфліктах ня ўдзельнічаю. Я чалавек сьвету, чалавек абсалютна інтэрнацыянальны, калі гаварыць пра мяне як пра артыста. Таму такія размовы абсалютна безгрунтоўныя, непатрэбныя і бессэнсоўныя. Разумееце, так? І ўцягваць творчых людзей у падобныя канфлікты, разборкі і разьбіральніцтвы абсалютна непатрэбна. Мы былі, ёсьць і будзем творчымі людзьмі.

— Але ж вас ніхто сілком не цягнуў да помніка Пушкіну?

— Ну вось і ўсё, і вы мяне ня ўцягвайце. Дзякуй, усяго найлепшага...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG