Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі хочуць рэгістраваць Facebook, Gmail і Twitter. А то аштрафуюць


«Роскомнадзор» апавясьціў Facebook, Gmail і Twitter, што яны мусяць зарэгістравацца ў Расеі ў якасьці «арганізатараў распаўсюджваньня інфармацыі».

Пра гэта піша сёньня газэта «Известия» са спасылкай на намесьніка кіраўніка ведамства Максіма Ксянзова.

Паводле ягоных слоў, калі амэрыканскія інтэрнэт-сэрвісы ня будуць выконваць патрабаваньні расейскага заканадаўства, да іх будуць ужытыя адміністрацыйныя захады. Пасьля другога папярэджаньня сайт можа трапіць у «чорныя сьпісы».

Зарэгістраваўшыся ў «Роскомнадзоры» ў якасьці арганізатара распаўсюджваньня інфармацыі, такі сайт павінен на працягу шасьці месяцаў захоўваць «на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі інфармацыю пра факты прыёму, перадачы, дастаўкі і апрацоўкі галасавой інфармацыі, пісьмовага тэксту, малюнкаў, гукаў ці іншых электронных паведамленьняў карыстальнікаў сеткі інтэрнэт». За невыкананьне гэтага патрабаваньня пагражае штраф да 500 тысяч рублёў.

Пры гэтым Ксяндзоў удакладніў, што асноўныя расейскія пляцоўкі — «Вконтакте», сэрвісы «Яндэкса», Mail.Ru Group — ужо зарэгістраваныя.

З 1 жніўня ў Расеі ўступілі ў сілу папраўкі ў законы «Аб пэрсанальных дадзеных» і «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і аб абароне інфармацыі». Згодна з новымі правіламі інтэрнэт-кампаніі абавязаныя захоўваць дадзеныя пра актыўнасьць карыстальнікаў на працягу паўгода. Прычым сэрвэры, якія зьмяшчаюць інфармацыю, павінны знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Да таго ж старонкі сайтаў і блогераў з наведвальнасьцю больш за 3 тысячы карыстальнікаў у суткі павінны быць уключаныя ў адпаведны рэестар «Роскомнадзора».

XS
SM
MD
LG