Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Людміла Мірзаянава: «Паверце ў сябе, і посьпех абавязкова прыйдзе»


Людміла Мірзаянава

Людміла Мірзаянава

Кандыдат псыхалягічных навук, навуковец і пэдагог Людміла Мірзаянава, маці былога вязьня Плошчы Фёдара Мірзаянава, распачала псыхалягічныя трэнінгі «Самаэфэктыўнасьць: сутнасьць, фактары фарміраваньня і разьвіцьця».

Яна вучыць людзей, якія расчараваліся ў жыцьці ці проста стаміліся, якія страцілі веру ў сябе, сталі ў некаторай ступені абыякавымі, паверыць у свае сілы, стаць пасьпяховымі. Людміла Мірзаянава распавяла Радыё Свабода, чаму гэта так неабходна менавіта цяпер.

— Вы да гэтага займаліся ў асноўным выкладчыцкай працай, пісалі навуковыя працы. Чаму зараз заняліся трэнінгамі?

— Ініцыятыва сыходзіла ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яе лідэраў. Але праблема відавочная, і ня толькі для партыі, палітыкаў — яна відавочная для ўсяго нашага грамадзтва. У Беларусі апошнім часам палітыкі, актывісты страцілі веру ў посьпех у грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Простыя людзі страцілі веру ў сябе, сталі абыякавымі, страцілі цікавасьць да жыцьця. І перада мной паставілі пытаньне: што рабіць у гэтай сытуацыі?

У псыхалёгіі ёсьць такі тэрмін: самаэфэктыўнасьць. І мы прынялі рашэньне паспрабаваць вырашаць гэтую праблему.

Я — выкладчык ВНУ, і выступаю за тое, каб ня толькі запрашаць людзей на трэнінгі, праводзіць зь імі практыкаваньні, такім чынам умацоўваючы іх веру ў сябе. Я за тое, каб людзі разумелі, што зь імі адбываецца. Я — за веды. Таму самы сур’ёзны блёк працы — запрашэньне іх, так бы мовіць, у навуковую лябараторыю з тлумачэньнямі, што зь імі адбываецца, што, уласна, ёсьць гэта вера ў сябе, якая формула гэтай веры, адкуль яна зьяўляецца, якія фактары ўплываюць, наколькі яна моцная.

Тлумачу, што гэта ня нейкі складнік, які «звальваецца» на нас, перадаецца генэтычна. Я распавядаю людзям пра вынікі дасьледаваньняў, якія спосабы ўмацаваньня веры ў сябе ёсьць. Я стаўлю людзей перад навуковымі фактамі, што наша вера ў сябе вызначае вельмі шмат: менавіта ад яе залежыць, якія мэты мы ставім, якім шляхам мы пойдзем да гэтай мэты, што мы будзем рабіць, калі сутыкнёмся зь перашкодамі — а перашкоды нам ставяць на кожным кроку. Ад чаго будзе залежаць наша рашучасьць, калі мы толькі-толькі прыступім да нейкай справы? А калі здарыцца няўдача — як мы сябе будзем паводзіць? Гэта таксама залежыць ад нашай веры ў сябе. І здароўе — будзем пра сябе клапаціцца ці не — таксама залежыць ад веры ў сябе. А схільнасьць да рызыкі? Хто рызыкуе, хто не, і як гэта зьвязана?

Людміла Мірзаянава падчас суду над сынам Фёдарам, травень 2011

Людміла Мірзаянава падчас суду над сынам Фёдарам, травень 2011

Спачатку я спрабую пераканаць людзей, уключыць у іх сьвядомасьць, каб яны зразумелі, асэнсавалі, што ўсё гэта — ня проста словы, а навуковыя факты, што ёсьць вынікі грунтоўных навуковых дасьледаваньняў . І толькі потым мы пачынаем трэнінг, пачынаем працаваць, выконваць разнастайныя практыкаваньні, авалодваем спосабамі ўмацаваньня ўпэўненасьці ў сабе.

Як паказвае практыка, усе мае слухачы лічаць, што яны, у прынцыпе, не упэўненыя ў сабе. Таму я прапаную ўсім удзельнікам прайсьці пэўныя дыягнастычныя працэдуры і адказаць на мае пытаньні шчыра — гэта перш за ўсё для іх трэба. Наколькі яны асэнсоўваюць свае сілы, сваю пасьпяховасьць і кампэтэнтнасьць у розных сфэрах дзейнасьці? У працы, вучобе, у творчасьці, у зносінах, кантактах, у грамадзка-палітычнай дзейнасьці. А потым я прапаную паразважаць, як бы яны рэалізавалі канкрэтны праект, арганізавалі пэўную кампанію, акцыю.

— А зь якой аўдыторыяй вы працуеце? Гэта грамадзкія актывісты, палітыкі? Які ў вашых слухачоў узрост, адукацыя?

— Першы сэмінар у мяне быў у Берасьці. Гэта былі людзі розных узростаў. Канечне, лягчэй працаваць з аўдыторыяй аднаго ўзросту. Але людзі былі розныя, дарэчы і мае былыя студэнты — выпускнікі Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Апошні сэмінар быў тут, у Менску. Таксама людзі розныя і па ўзросьце, і розных прафэсій.

— На Захадзе, у ЗША ледзьве ня кожны мае ўласнага псыхатэрапэўта. Людзі гатовы плаціць вялікія сродкі (цэньнік аднаго наведваньня пачынаецца ад 100 даляраў) за карысныя парады. Паводле статыстыкі, у Менску штогод да псыхіятраў і псыхатэрапэўтаў зьвяртаецца прыкладна 10 — 12 тысяч чалавек. Паводле ацэнкі галоўнага няштатнага псыхатэрапэўта камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Сяргея Давідоўскага, маюць патрэбу ў такіх спэцыялістах каля 85 тысяч — гэта 5% насельніцтва сталіцы. У рэгіёнах наагул лічаныя адзінкі прыбягаюць да прафэсійнай дапамогі спэцыялістаў. Чаму ў нас не зьвяртаюцца, а ў лепшым выпадку «плачуцца ў камізэльку» сябру, у горшым — напіваюцца?

— Так, праблема ёсьць. Сапраўды, ў нашым грамадзтве псыхіятар, псыхоляг, псыхатэрапэўт — гэта людзі, якіх стараюцца пазьбягаць. Па іх дапамогу зьвяртаюцца рэдка. Таму што гэта людзі, прыйшоўшы да якіх, ты можаш атрымаць дадатковыя праблемы. То бок, калі ты зьвяртаесься да псыхоляга ці псыхатэрапэўта (ня кажучы ўжо пра лекара-псыхіятра), значыць, маеш праблемы. На табе будзе ўжо ярлык: «Ты — чалавек з праблемамі». Таму людзі і апасаюцца. Да таго ж, большасьці нашых людзей вельмі складана сфармуляваць сваю праблему. Што ён скажа? «Я чалавек, у якога аслабла вера ў сябе»? Сказаць гэта вельмі складана. Мы не настолькі псыхалягічна пісьменныя, каб прызнаць праблему, а потым яшчэ і зьвярнуцца па дапамогу да спэцыяліста, каб праблему вырашыць.

Людміла Мірзаянава Мірзаянава разам з аднакурсьнікамі сына Фёдара ў залі суду, травень 2011

Людміла Мірзаянава Мірзаянава разам з аднакурсьнікамі сына Фёдара ў залі суду, травень 2011

— Страта веры ў сябе — гэта што, дэпрэсія, гэта дыягназ, псыхалягічная праблема?

— Гэта псыхалягічная праблема. Але адразу адкажу, таму што ваша наступнае будзе пытаньне: «А чаму чалавек, які быў упэўненым, пасьпяховым, ў нейкі момант страчвае веру ў сябе?» Альбо наадварот, на голым месцы вера раптам зьяўляецца. Чаму? На гэтыя пытаньні навукоўцы не далі дакладных адказаў. Тут вельмі шмат складнікаў і фактараў — адкуль яна бярэцца? Некаторыя кажуць, што гэта здольнасьць прад’яўляць патрабаваньні, запыты і потым іх ажыцьцяўляць. Калі здольнасьць, адразу паўстае пытаньне: дык можа, яна нам даецца ад нараджэньня? Можа, тут нейкі генэтычны складнік: атрымаў у спадчыну — і ты верыш у сябе? А не атрымаў — значыць, ня верыш у сябе?

Але я думаю, што гэта ўсё ж такі ня здольнасьць, а прыжыцьцёвае фармаваньне, гэта асэнсаваньне самім чалавекам: «Я пасьпяховы альбо не? Я кампэтэнтны альбо не?» Таму, я думаю, што верыць у сябе — гэта дакладна асэнсоўваць, што я, па-першае, ведаю; па-другое, я ўмею; па-трэцяе, я маю досьвед дасягненьня чагосьці, і гэты досьвед пасьпяховы.

— А вось гендэрны фактар: хто часьцей зьвяртаецца да псыхолягаў, хто хоча разабрацца ў сабе — жанчыны альбо мужчыны?

— Псыхолягі назіраюць, што менавіта жанчыны часьцей зьвяртаюцца да іх. Ў іх больш імкненьня даведацца пра сябе. Дапамагчы блізкім вырашыць праблемы. У мяне на сэмінары ў Берасьці былі жанчыны, якія

мужчынам цяжэй прызнацца, што яны страцілі веру ў сябе

сказалі: «Мы палітыкай не займаемся. Але праблемы ёсьць. У нас ёсьць дзеці, унукі, і мы хочам, каб у іх была вера ў сябе, вера ў посьпех». То бок яны думаюць, каму могуць перадаць веды, якія атрымаюць на нашых сэмінарах. Прычым, яны прыехалі ў сталіцу і хацелі яшчэ зладзіць для сябе культурную праграму, некуды схадзіць. Але яны нікуды не сышлі, яны ўвесь дзень да позьняга вечара былі побач з намі, яны ўключыліся ў агульнае дзеяньне, арганізаванае мною. То бок прыходзяць звычайныя людзі, якія не займаюцца палітыкай, не вызначаюцца актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй. А вось мужчынам цяжэй прызнацца, што яны страцілі веру ў сябе.

— А якія парады вы даеце?

— Я скажу і тое, што я казала на сэмінарах у Берасьці і Менску. Займацца палітыкай у краіне, дзе парушаюцца правы чалавека, дастаткова небясьпечна. Таму што вера ў сябе можа быць хутка страчана альбо аслаблена. А хто балятуецца на высокую пасаду, часьцяком праходзіць і праз краты. Пакутуе і ягонае блізкае атачэньне, і гэта ўдар па веры ў сябе. Плюс яшчэ і агульны страх у грамадзтве — ён таксама аслабляе веру ў сябе.

Таму я ўсім кажу: уключайцеся ў розныя віды дзейнасьці: старайцеся, каб вашы зносіны зь людзьмі былі пасьпяховымі, каб вы былі пасьпяховымі ў сям’і. Вельмі важна, каб у вас была свая справа, праца, творчасьць. Чаму? Таму што калі ў адной сфэры няма посьпеху (у той жа палітыцы), у вас ёсьць любімая справа, у вас ёсьць цудоўная сям’я, і гэта асэнсаваньне посьпеху ў іншай сфэры падсілкоўвае вас, вы ня будзеце лічыць сябе непасьпяховым чалавекам. Гэта дасьць вам сілы зноў ставіць мэты і ісьці наперад.

— У вас пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года была няпростая жыцьцёвая сытуацыя, калі сын, студэнт-выдатнік БДЭУ, трапіў за краты. Як вы спраўляліся са сваімі праблемамі ды яшчэ дапамагалі іншым бацькам палітзьняволеных? Дый зараз дапамагаеце, ведаю...

— Сапраўды, быў цяжкі пэрыяд. Асабліва напачатку: з 23 студзеня да сярэдзіны лютага 2011-га. Тыдні тры — калі я была ў самоце. Таму я заўсёды кажу: калі ў вас расчараваньне, горыч — вы не маеце права заставацца сам-насам з сабой.

Ведаеце, што мяне вельмі хутка падтрымала, замацавала веру ў сябе і

Ведаеце, што мяне вельмі хутка падтрымала, замацавала веру ў сябе і давяло яе да такой вышыні, да такіх парамэтраў, якіх не было раней? Салідарнасьць.

давяло яе да такой вышыні, да такіх парамэтраў, якіх не было раней? Салідарнасьць. А таксама ўключэньне ў іншыя віды дзейнасьці, пра якія я раней ўяўленьня ня мела, якія я засвоіла. Я ўвайшла туды, дзе ўявіць не магла, што буду мець посьпех. Пашырыла кола зносінаў.

Я пастаянна працавала, дый калегі мяне падтрымлівалі. Я пасьля ўсіх гэтых падзеяў напісала манаграфію, дапаможнік выдала ў Маскве, выдала кніжку пра нашых палітзьняволеных, пра шчасьце за кратамі. Вось-вось у Беларусі выйдзе мая першая кніга на ангельскай мове — мэтадычны дапаможнік аб псыхалягічным тэатры. То бок, я займалася творчасьцю, прафэсійнай дзейнасьцю — і гэта ўсё ўмацоўвае веру ў сябе.

Самы лепшы спосаб умацаваць веру ў сябе — дапамагайце людзям, асабліва дабрачынна. Ідзіце ў дзіцячы дом, дапамажыце ўцекачам з Украіны — сотні, тысячы людзей маюць патрэбу ў вашай дапамозе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG