Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Нацболы» заявілі, што сарвалі канцэрт Макарэвіча ў Маскве


Андрэй Макарэвіч

Андрэй Макарэвіч

Адказнасьць за зрыў канцэрту Андрэя Макарэвіча ў Доме музыкі ў Маскве ўзялі на сябе актывісты незарэгістраванай партыі «Другая Расея». Пра гэта яны напісалі ў твітэры.

Раней адна з глядачак распавяла тэлеканалу «Дождж», што праз паўгадзіны пасьля пачатку канцэрту пяць-шэсьць мужчын, якія сядзелі ў першым шэрагу, падняліся зь месцаў, сталі крычаць, абвінавачваючы Макарэвіча ў здрадзе радзімы і раскідваючы ўлёткі.

Пасьля гэтага музыка сказаў: «Дзякуй, калі вы скончылі, дазвольце, я працягну канцэрт», і гледачы сталі пляскаць у ладкі, падтрымліваючы яго. Мужчын, якія крычалі, нэўтралізавала ахова. Неўзабаве людзі, кашляючы, пачалі пакідаць першыя шэрагі, і стала ясна, што невядомыя распылілі пярцовы газ.

У Доме музыкі Макарэвіч выступаў са сваім праектам «Ідыш джаз».

Пазьней «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах паведаміў, што канцэрт быў працягнуты і што сарваць яго спрабаваў адзін чалавек, якога затрымалі.

Апошнімі днямі канцэрты Макарэвіча былі адмененыя ў Кіраве, Пецярбургу, Навасібірску і Самары і шэрагу іншых расейскіх гарадоў.

Макарэвіч лічыць, што супраць яго вядзецца кампанія цкаваньня і зьвязана гэта зь яго пазыцыяй адносна сытуацыі ва Ўкраіне.

У лютым музыка выступіў супраць уводу расейскіх войскаў у Крым, а затым прымаў удзел у антываенным маршы ў Маскве. У пачатку жніўня Макарэвіч выступіў на ўсходзе Ўкраіны з дабрачыннымі канцэртамі ў дапамогу бежанцам. Некаторыя СМІ і частка расейскай грамадзкасьці палічылі, што ён выступаў перад украінскімі вайскоўцамі, і назвалі яго дзеяньні «антырасейскімі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG