Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыклямат, або чым адрозьніваецца Кока-Кола ў ЗША і Эўропе


Падсалоджвальнікі — гэта рэчывы, якія дадаюцца ў прадукты харчаваньня для таго, каб зрабіць іх салодкімі.

Падсалоджвальнікі могуць быць натуральнага паходжаньня (цукар, мёд, сіропы) і сынтэтычнага. Гэты артыкул прысьвечаны апошняй групе.

Сынтэтычныя падсалоджвальнікі падзяляюцца на паліёлы і інтэнсіўныя падсалоджвальнікі.

Паліёлы напалову менш салодкія ці такія ж салодкія, як цукар. Большасьць паліёлаў не паглынаецца арганізмам і ня мае калёрый. Смак паліёлаў вельмі падобны да смаку цукру, у адрозьненьне ад большасьці інтэнсіўных падсалоджвальнікаў, яны ня маюць прысмаку. Паліёлы ксіліт, ізамальт, мальтытол і лактытол (на грам вагі) маюць прыкладна на палову калёрый менш за цукар. Эрытрыёл зьяўляецца адзіным натуральным паліёлам. Яго атрымліваюць шляхам фэрмэнтацыі глюкозы з дапамогай дрожджаў. Паліёлы ўжываюцца ў асноўным для вытворчасьці прадуктаў для людзей з дыябэтам, (дыябэтычныя цукеркі, джэмы, шакаляд, пірожныя), а таксама ў жавальных гумках.

Інтэнсіўныя падсалоджвальнікі саладзейшыя за цукар у шмат разоў і маюць зусім мала калёрый, альбо ўвогуле іх ня маюць. Інтэнсіўныя падсалоджвальнікі сустракаюцца ў так званых дыетычных содавых напоях і «лайт» прадуктах накшталт ёгурту. Яны таксама прадаюцца ў якасьці сталовых падсалоджвальнікаў для хатняга ўжываньня. Большасьць інтэнсіўных падсалоджвальнікаў вырабляецца сынтэтычным шляхам. Толькі таўматын і стэвія зьяўляюцца натуральнымі інтэнсіўнымі падсалоджвальнікамі. Яны паходзяць з расьлін.

Падсалоджвальнікі дадаюцца ў прадукты харчаваньня вытворцамі, каб зрабіць прадукты салодкімі бяз цукру. Падсалоджвальнікі таксама можна набыць асобна ў выглядзе парашка, таблетак або раствору. Усім падсалоджвальнікам прысвоены E-нумар.

Бясьпека, нормы, этыкеткі

У эўрапейскім рэгуляваньні, што мае справу з выкарыстаньнем падсалоджвальнікаў у харчовых прадуктах, дакладна ўказана, якія канкрэтна падсалоджвальнікі могуць дадавацца да канкрэтных катэгорый прадуктаў. Існуюць таксама нормы максымальна дапушчальнай прысутнасьці падсалоджвальнікаў у прадуктах. Да падсалоджвальнікаў ужываюцца тыя ж патрабаваньні бясьпекі, што і да іншых Е-нумароў.

Е-нумары зьяўляюцца кодамі для рэчываў, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасьці харчовых дабавак у Эўропе. «Е», дарэчы, абазначае Europe. Ацэнка бясьпекі і зацьвярджэньне дабавак уваходзяць у абавязкі Эўрапейскага ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў.

Паліёлы і інтэнсіўныя падсалоджвальнікі маюць нязначны ўплыў ці ўвогуле не ўплываюць на ўзровень цукру ў крыві і, такім чынам, могуць выкарыстоўвацца асобамі з цукровым дыябэтам.

Прадукты з падсалоджвальнікам аспартамам не падыходзяць для людзей з прыроджаным парушэньнем абмену рэчываў фенілкетанурыяй (ФКУ). Аспартам утрымлівае амінакіслату фенілаланін. Гэтая амінакіслата не мэтабалізуецца асобамі з ФКУ і назапашваецца ў мазгах, што нясе пагрозу для здароўя і жыцьця. Таму спэцыяльна для пацыентаў з ФКУ на прадуктах з аспартамам (Е951 і E962) заўсёды павінна прысутнічаць папярэджаньне: «Утрымлівае крыніцу фенілаланіну».

На этыкетцы харчовых прадуктаў, якія зьмяшчаюць больш за 10% ад масавай долі паліёлаў, павінна быць папярэджаньне: «Празьмернае спажываньне можа мець слабіцельны эфэкт».

Увага: цыклямат

Хачу зьвярнуць увагу на адзін з самых часта ўжываных падсалоджвальнікаў – цыклямат (cyclamate). Мяне, як працаўніка ў галіне аховы здароўя, вельмі турбуе той факт, што гэты прадукт выкарыстоўваецца ў харчовай прадукцыі большасьці краін сьвету.

Цыклямат (E952) адносіцца да катэгорыі сынтэтычных інтэнсіўных падсалоджвальнікаў.

Цыклямат у 30-50 разоў саладзейшы за цукар. Цыклямат – самы вядомы з падсалоджвальнікаў ў безалькагольных напоях.

Цыклямат натрыю зьявіўся на рынку ЗША пасьля яго зацьвярджэньня Адміністрацыяй харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ў 1951 годзе. У 1970-я справаздача аб росьце выпадкаў раку мачавога пухіра ў пацукоў і малпаў, якім уводзілі сумесі цыклямату і сахарыну (10: 1) прывяла да забароны на цыклямат у харчовай прамысловасьці ў ЗША і шэрагу іншых краінаў. Варта адзначыць, што цыклямат па сёньняшні дзень цалкам забаронены ў ЗША. Напрыклад, кампанія Кока-Кола, якая выкарыстоўвае цыклямат у сваёй эўрапейскай прадукцыі, замяняе яго на іншы штучны падсалоджвальнік у ЗША. FDA лічыць, што цыклямат можа быць патэнцыйным канцэрагенам, мець нэгатыўны эфэкт на сардэчна-ссудзінную сыстэму і быць таксычным для яечкаў. Амаль ва ўсіх іншых краінах сьвету цыклямат да гэтага часу выкарыстоўваецца, часта ў спалучэньні зь іншымі падсалоджвальнікамі.

Эўрапейскае ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў сьцьвярджае, што інтэнсіўныя падсалоджвальнікі, у тым ліку цыклямат, бясьпечныя ў выкарыстаньні пры ўмове, што дапушчальнае сутачнае паступленьне (ДСП) не перавышанае. Дарэчы, ДСП для дзяцей і дарослых рознае, для дзяцей, натуральна, норма ніжэйшая. У 2004 годзе максымальны дапушчальны ўзровень цыклямату быў вызначаны 250 мг/л. Варта адзначыць, што раней ён стаяў на адзнацы 400 мг/л. Зьмены ў рэгуляваньні сталі вынікам справаздач аб новых дасьледаваньнях, якія паказалі, што цыклямат можа быць канцэрагенам, то бок, спрыяць разьвіцьцю раку. Эўрапейскія ўстановы, адказныя за адукацыю ў галіне харчаваньня, перасьцерагаюць, што калі дзіця вагой 25 кг выпівае за дзень 700 мл безалькагольных напояў, падсалоджаных цыкляматам, то яно ўжо спажывае больш цыклямату, чым лічыцца бясьпечным! Яны таксама раяць бацькам не даваць дзецям піць напоі, падсалоджаныя цыкляматам.

Дарэчы, кожная дзяржава-сябра ЭЗ мае абавязацельства кантраляваць спажываньне і выкарыстаньне штучных дабавак, у тым ліку падсалоджвальнікаў. Вынікі нядаўняга буйнога дасьледаваньня паказалі, што ў 4% з пратэставаных прадуктаў максымальна дапушчальныя канцэнтрацыя была перавышаная.

XS
SM
MD
LG