Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў хоча адкарэктаваць сёлетні бюджэт


Ад гэтага найперш пацярпяць звычайныя людзі. Будзе менш жыльля, менш паліклінік, менш новага абсталяваньня ў іх, не палепшацца дарогі і яшчэ шмат што ня будзе абнаўляцца, — кажа, камэнтуючы ініцыятыву фінансістаў для Свабоды, экс-старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Пра жаданьне Мінфіну паведамляе сёньня агенцтва Інтэрфакс, спасылаючыся на агляд выкананьня рэспубліканскага бюджэту ў першай палове сёлетняга году. Гэты дакумэнт падрыхтавалі спэцыялісты міністэрства.

У аглядзе канстатуецца нізкі ровень выкананьня бюджэту, асабліва паступленьняў ад падаткаў. Так, падатак на прыбытак за паўгода прынёс у дзяржаўную скарбонку толькі 31,2% ад гадавога пляну. А грошы, атрыманыя ад падатку за зьнешнеэканамічную дзейнасьць, аказаліся на 28,6% меншымі параўнальна з студзенем-чэрвенем мінулага году.

Пры ўсім гэтым у першым паўгодзьдзі 2014 году бюджэт быў выкананы хоць з маленькім, але прафіцытам, то бок даходная частка перавышае расходную. Міністэрства фінансаў тлумачыць гэта «стрымліваньнем непершачарговых расходаў». І заклікае далей скарачаць расходы.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«А што фінансістам яшчэ застаецца рабіць?» — кажа прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

«Ужо адбылося вялікае скарачэньне расходаў. Бо над краінай паўстала вельмі сур’ёзная праблема — значны рост стратных прадпрыемстваў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, іх у Беларусі ўжо 15%. А ў прамысловасьці, якая найбольш напаўняе бюджэт, іх аж 27,5%. Такога раней не было. І таму трэба хутчэй рабіць высновы — хто давёў Беларусь да ручкі? Гэтыя лічбы — ацэнка працы нашага кіраўніцтва, таго ж Мясьніковіча.

Няхай стратныя прадпрыемствы банкрутяцца. Няхай мяняюцца кіраўніцтва, стратэгія. На складах столькі ляжыць непрададзенага. Гэта ж таксама красамоўнае сьведчаньне, што ў эканоміцы Беларусі робіцца ня тое.

А церпяць ад гэтага людзі. Што такое „непершачарговыя расходы“? Гэта — не прадпрыемствы. Гэта — менш жыльля, менш паліклінік, горшыя дарогі і яшчэ шмат чаго. Заробкі ж не скароціш, дый пэнсіі таксама».

XS
SM
MD
LG