Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская гандлярка: Усе сядзяць як на бомбе і чакаюць, што будзе далей...


На Цэнтральным рынку ў Горадні

На Цэнтральным рынку ў Горадні

Апошнія два тыдні на гарадзенскіх рынках амаль штодня — праверкі, канфіскацыі тавару. Як вынік — многія прадпрымальнікі вымушаны плаціць штрафы.

Найбольш гучная канфіскацыя адбылася на рынку «Паўднёвы»: у прадпрымальнікаў забралі тавару больш як на 75 мільёнаў рублёў. Канфіскавалі адзеньне, футры, акустычныя сыстэмы, відэарэгістратары ды іншае. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у гандляроў не было дакумэнтаў на гандаль гэтым таварам.

Другі тыдзень амаль штодня праверкі і на рынках «Цэнтральны» і «Карона». На «Цэнтральным» прадпрымальнікі кажуць, што гандляваць немагчыма, атмасфэра ў сувязі з праверкамі нэрвовая, шмат хто папросту не выходзіць на працу.

Спадар: «Зь мінулага тыдня пачаліся кантрольныя закупы — гэта каб была прычына правесьці праверку астаткаў тавараў. А потым ідуць праверкі з канфіскацыяй тавару, а далей штрафы. І так па поўнай кожны дзень. І сёньня ізноў гэта адбываецца. Дастаткова любой невялікай прычыны, каб налічваліся штрафныя санкцыі. Я так думаю, што гэта пачатак моцнай буры».

Спадар кажа, што пачынаюць з тых, хто гандлюе абуткам, бо там на кожную пару павінна быць адпаведная марка, што аблягчае праверку. Іншы спадар дадае, што такія праверкі заўсёды адбываюцца, калі пустая каса ў дзяржавы:

«Далі б магчымасьць хоць распрадаць тыя рэшткі, што ў нас засталіся, але яны і гэтага не даюць. Мала таго што падаткі толькі растуць, дык яны яшчэ і праверкамі душаць...»

Я цікаўлюся — чаму ў прадпрымальнікаў няма адпаведных дакумэнтаў, калі яны прадаюць толькі рэшткі тавараў, якімі можна гандляваць яшчэ да 1 сакавіка? Высьвятляецца, што многія наагул ня могуць гандляваць рэшткамі, бо гэта тавар нехадавы, і яны падвозяць новы тавар, але падатак дзяржаве ня плацяць. А ня плацяць таму, што падатак зьядае ўвесь прыбытак, які яны могуць зарабіць.

Спадар: «У 5% ёсьць дакумэнты, недзе і неяк дамаўляюцца, а ў астатніх няма. А калі ты павесіш нейкую адну мадэльку, то нічога не прадасі, будзеш у мінусе. Чым большы асартымэнт, тым большая магчымасьць прадаць. І натуральна, што ўсе імкнуцца падвезьці тавар. Праўда, за гэты час рынак дакладна на 5% апусьцеў».

У мяне астаткі тавару ёсьць на ўсе сэзоны, але калі няма хадавых памераў, а гэтыя не прадаюцца, то што рабіць?

Да нашае размовы далучаецца яшчэ адзін спадар і выказвае свае аргумэнты.

Спадар: «У мяне астаткі тавару ёсьць на ўсе сэзоны, але калі няма хадавых памераў, а гэтыя не прадаюцца, то што рабіць? Вось плаціш 3 мільёны падатак, а потым тут стаіш, і немагчыма вярнуць нават гэты падатак».

Іншы спадар: «Людзі імкнуцца рознымі шляхамі выйсьці з сытуацыі, бо чалавека папросту загналі ў кут. Чалавек тут шукае проста альтэрнатыву, каб выжыць. Тут гаворка ідзе ўжо не пра нейкае багацьце, а проста пра тое, каб выжыць».

Пытаюся ў спадароў — чаму ім не гандляваць беларускім таварам, на які ёсьць усе адпаведныя дакумэнты?

Спадар: «Таму што браць тавар у Беларусі няма ніякага сэнсу: аптовыя закупы будуць перавышаць цану розьнічных. Каля я бяру беларускія курткі, то опт тут даражэйшы, чым я ў Маскве набуду іх у розьніцу. І я прадаю тут тавар з Масквы таньней, чым каштуе опт беларускага тавару. Я папросту застануся ні з чым...»

Спадарыня кажа, што дзяржава сама стварыла для іх такую сытуацыю, калі людзі мусяць працаваць, парушаючы законы, а таму і атмасфэра на рынку штодня вельмі нэрвовая.

Спадарыня: «Усе хвалююцца, паколькі ні ў кога няма ўсіх неабходных дакумэнтаў. Усе чакаюць сакавіка, спадзяюцца на зьмены і пакуль працуюць — да тае пары, пакуль даюць працаваць, бо няма іншага выйсьця. Зразумела, што ўсе нэрвуюцца, бо аддаваць свае грошы ні за што нікому ня хочацца. Усе сядзяць як на бомбе, і чакаюць, што будзе далей. Усім трэба кожны дзень карміць свае сем’і...»

XS
SM
MD
LG