Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве праходзіць першая прэсавая канфэрэнцыя Пятра Парашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў чацьвер дае сваю першую на пасадзе кіраўніка дзяржавы прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

У якасьці тэмы прэсавай канфэрэнцыі Пятро Парашэнка назваў праблему рэформаў ва Ўкраіне, будучыню дзяржавы, стратэгію пераўтварэньняў з умоўнай назвай «2020». Менавіта да 2020 году, паводле Парашэнкі, Украіна падасьць заяўку на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.

«Карупцыя, беднасьць, адсталасьць — найбольшыя саюзьнікі баевікоў і расейскіх інтэрвэнтаў. Іх мэта — зьнішчыць нашу дзяржаву. Не даць адбыцца гуманітарнаму праэкту... Пытаньне стаіць аб тым, быць Украіне ці ня быць. Таму патрэба ў рэформах для нас аж гарыць», — заявіў Парашэнка.

Мэта гэтых рэформаў — дасягнуць эўрапейскіх стандартаў, якія дазволяць Украіне далучыцца да Эўразьвязу, прызнаў прэзыдэнт Украіны.

«Цяпер адбываецца Айчынная вайна за нашу незалежнасьць і барацьба за мір. Нам кінуты выклік, зь якім не сутыкалася ніводная краіна з часоў Другой сусьветнай вайны, — ворагі хочуць зьнішчыць нашу краіну, зьнішчыць вялікую эўрапейскую нацыю. Але вораг груба пралічыўся. Ён зрабіў нас яшчэ мацнейшымі. Тое, што выпала на нашу долю, толькі ўмацавала нас», — заявіў ва ўступным слове ўкраінскі лідэр.

Годнасьць, свабода, будучыня — такую формулу ўкраінскай рэвалюцыі 2013–14 гадоў Парашэнка параўнаў зь лёзунгамі Вялікай францускай рэвалюцыі.

«Дзьверы Эўразьвязу для нас адчыненыя. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Мы маем поўнае права пастукаць у дзьверы Эўразьвязу. Альтэрнатыва — застацца ў адзіноце з Расеяй», — заявіў Парашэнка.

Парашэнка заявіў пра пільную патрэбу разбурыць фэадальны алігархічны мэханізм, пабудаваць справядлівую прававую дзяржаву. Прэзыдэнт паведаміў, што хоча распачаць усяго каля 60 рэформаў і сацыяльных праграмаў.

«Можна сказаць, што гэта складана, але вочы баяцца, але рукі робяць. Для мяне самае галоўнае, што гэтых рэформаў хоча ўкраінскі народ».

Асноўныя прыярытэты стратэгіі, па словах прэзыдэнта, такія:

  • антыкарупцыйная рэформа, абнаўленьне ўлады і бюракратычнага апарату;
  • судовая рэформа;
  • рэформа праваахоўных органаў;
  • дэцэнтралізацыя;
  • падатковая рэформа;
  • дэрэгуляцыя і разьвіцьцё прадпрымальніцтва;
  • рэформа сыстэмы бясьпекі і абароны;
  • энэрганезалежнасьць дзяржавы;
  • папулярызацыя Ўкраіны ў сьвеце.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў упэўненасьць, што самая небясьпечная частка вайны ўжо ў мінулым, дзякуючы гераізму ўкраінскіх байцоў: «Я перакананы, што мой мірны плян спрацуе. У мяне няма сумневу, што галоўная, самая небясьпечная частка вайны ўжо ў мінулым, дзякуючы гераізму нашых украінскіх салдат».

Павал Шарамет з сайта «Украінская праўда» спытаў Парашэнку пра пагрозы на ягоны адрас ад Пуціна ў тэлефонных размовах і перапісцы зь ім:

«Ці былі такія пагрозы і чаго вы больш за ўсё баіцеся ад Расеі?» "Я нічога не баюся і ніколі не баўся. Я прадстаўляю вялікую дзяржаву з вялікім і моцным народам. Уявіць не магу, каб мне нехта пагражаў. Гіпатэтычна спробы ціску на Ўкраіну магчымыя, але зь іх нічога ня будзе",— адказаў Парашэнка.

Адказваючы на пытаньне пра сына, які пайшоў добраахвотнікам і ваяваў у Данбасе, Парашэнка заявіў, што гэта было асабістае рашэньне сына, і што ён ганарыцца гэтым ягоным учынкам. Цяпер сын вярнуўся з Данбасу паводле ратацыі і прыняў рашэньне балятавацца ў Вярхоўную Раду па мажарытарнай акрузе.

На пытаньне, калі будзе сустрэча з Пуціным, Парашэнка адказаў, што цягам трох тыдняў гэта магчыма, пад час знаходжаньня ў Эўропе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG