Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэты пад арыштам. Актывіст пакараны


Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Канфіскаваныя ў намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава некалькі тысяч асобнікаў друкаваных выданьняў застаюцца ў Магілёўскім раённым аддзеле міліцыі.

Сам жа партыец намагаецца скасаваць рашэньне Магілёўскага раённага суду, які пакараў яго на 4,5 мільёна рублёў за парушэньне Закону аб СМІ. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён, ня маючы дазволу на распаўсюд выданьняў, іх перавозіў, а тым самым і распаўсюджваў.

25 верасьня Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле рашэньне раённага суду. Судзьдзя Мікалай Гладкі аргумэнтацыю свайго рашэньня не агучваў. Паводле Ігара Барысава, матывіровачная частка прысуду будзе яму ўручана празь некалькі дзён.

Разгляд справы ў абласным судзе, паведаміў партыец, быў непрацяглы. Барысаў выклаў сваю пазыцыю, судзьдзя яго моўчкі выслухаў і вынес рашэньне.

Барысаў настойвае, што рашэньне раённага суду палітычна матываванае і неправамернае. Намагаўся давесьці гэта і ў абласным судзе. Аргумэнтаваў сваю пазыцыю тым, што вырак судзьдзі Станіслава Леўчанкі парушае ратыфікаваны Беларусьсю міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прыводзіў прыклады падобных спраў, якія разглядаліся камітэтам ААН па правах чалавека. Вынікі разгляду тых спраў далучыў да матэрыялаў сваёй справы.

«Я прасіў судзьдзю Мікалая Гладкага, каб ён агучыў рашэньні Камітэту па справе Аляксандра Мілінкевіча, Віктара Карніенкі і Ўладзімера Кацоры, якія судзіліся, бо і ў іх, як і ў мяне, канфіскавалі друкаваныя выданьні. Камітэт вынес па гэтых справах рашэньні на карысьць грамадзян Беларусі. І ў мяне гэтак жа канфіскаваўшы выданьні, дзяржава парушыла маё права на свабоднае распаўсюджваньне інфармацыі. Судзьдзя адмовіўся зачытваць выракі па гэтых справах. Я спадзяваўся, што, агучыўшы іх, судзьдзя хаця б задумаецца над сваім рашэньнем і над тым, што я ўсё адно давяду сваю справу да Камітэту ААН па правах чалавека. Я перакананы, што судзьдзі знаёмяцца з падобнымі справамі павярхоўна і выносяць прысуды несправядлівыя», — заяўляе Ігар Барысаў.

Партыец лічыць, што арышт газэт зьвязаны з маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. На яго думку, улада спрабуе перакрыць каналы паступленьня друкаваных выданьняў, таму і ўзмацніла кантроль за дзейнасьцю актывістаў, а таксама незалежных журналістаў, які церпяць перасьлед за сваю дзейнасьць. Ігар Барысаў згадвае фрылансэраў Аляксандра Буракова з Магілёва і бабруйчанку Марыну Маўчанаву.

Больш за 11 тысяч асобнікаў газэт у Ігара Барысава канфіскавалі ўначы 16 ліпеня. Забралі партыйны бюлетэнь «Сацыял-дэмакрат», прысьвечаны кампаніі «Народны рэфэрэндум», а таксама наклад газэты «Наш Магілёў», прысьвечаны дзейнасьці актывістаў па ўратаваньні помнікаў архітэктуры ў Магілёве.

Лёс канфіскаваных газэт Ігару Барысаву невядомы. Магілёўскі раённы суд не задаволіў ягонае хадайніцтва, каб выданьні яму вярнулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG