Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі ў дачыненьні да Расеі неэфэктыўныя, запозьненыя і слабыя?


Ціск на Расею санкцыямі — гэта не адзіны інструмэнт, які ЭЗ мае ў сваім распараджэньні, прызнаюць у эўраўстановах. Але ці дзейсны ён?

Ці быў рэжым пакараньняў — пэрсанальных, эканамічных ці гандлёвых — уведзены своечасова і ў поўным аб’ёме? Меркаваньні палітыкаў і экспэртаў, як сьведчаць кансультацыі, арганізаваныя ў Эўрапейскім парлямэнце, розныя.

У ЭЗ няма намераў адказваць Расеі ваеннымі сродкамі, таму санкцыі — гэта той інструмэнт, якім можна прымусіць сесьці за стол перамоваў і весьці сур’ёзную размову, тлумачыць старшыня Эўрапейскай рады Герман Ван Рампей, дадаючы, што «рэжым санкцыяў не спрацоўвае адразу і патрабуе некаторага часу».

Разам з тым эўрачыноўнік перакананы, што ўжо прынятыя санкцыі «вельмі відавочна б’юць па расейскай эканоміцы, і некаторая станоўчая эвалюцыя апошніх тыдняў — гэта таксама сьледзтва эўрапейскіх санкцыяў».

Менш пазытыўна настроены Майкл Эмерсан, аналітык Эўрапейскага цэнтра палітычных дасьледаваньняў. На яго думку, пэрсанальныя санкцыі толькі прывялі да таго, што ў Расеі асобаў, на якіх яны накіраваныя, сталі лічыць «патрыётамі». Крыху іншая, хоць і ня лепшая, сытуацыя з эканамічнымі санкцыямі.

«Яны досыць важныя, але не мяняюць палітыкі, бо робяцца велізарныя прапагандысцкія намаганьні ўнутры і па-за межамі Расеі. Людзі там гатовыя на пакуты і лічаць, што гэта — для спыненьня „фашыстаў“ у Кіеве, якіх падтрымліваюць ЭЗ і НАТО». Гэтая жудасная хлусьня валодае сьвядомасьцю большасьці расейцаў«, — падкрэсьлівае экспэрт.

Эўропа патрабуе салідарнасьці, таму што Расея ў адказ на санкцыі Захаду наклала эмбарга. Яна «балюча кусае шэраг сэктараў эўрапейскай эканомікі, у прыватнасьці, аграрыяў», — адзначае эўрадэпутат ад Фінляндыі Олі Рэн.

Санкцыі раней давалі вынік

Між тым, як сьведчыць вопыт, санкцыі, якія Эўразьвяз накладаў на некаторыя дзяржавы, у рэшце рэшт, давалі вынік. Польскі парлямэнтарый Яраслаў Валенса кажа, што гісторыі такія посьпехі вядомыя — гэта Іран, які пасьля працяглага эмбарга ўсё ж пагадзіўся на рэформы або сеў за стол перамоваў.

Румынскі эўрадэпутат Віктар Баштынару заяўляе, што ЭЗ ня мае альтэрнатывы — толькі санкцыі, таму іх варта ўводзіць больш своечасова, шырэй і ўзгоднена. Аднак галоўнае ў іншым: аб’яднанай Эўропе ўжо час узяцца за стварэньне сваёй сыстэмы абароны, а не спадзявацца толькі на НАТО.

«Эўропа павінна пачаць пабудову сваіх уласных абарончых магчымасьцяў, — кажа дэпутат. — Пра гэта ўжо заяўляюць, скажам, французскія лідэры. Ня варта спадзявацца толькі на НАТО, а трэба ўмацоўваць абарону Эўропы самім. Час падумаць пра сапраўдную салідарнасьць унутры ЭЗ у сэнсе бясьпекі і патрэбаў абароны».

Абмеркаваньне не абышлося бяз згадкі пра супярэчлівыя французскія караблі «Містраль», продаж якіх заказчыку-Расеі Парыж пакуль прыпыніў. Пры гэтым эўрапарлямэнтарый ад Францыі Янік Жадо зьвяртаецца з заклікам і да іншых дзяржаваў, якія працягваюць супрацоўніцтва з Крамлём.

«Калі пасьля ўсяго Фінляндыя падпісвае кантракт з „Расатамам“ для пабудовы АЭС — гэта ўжо праблема. Калі ў Эўропе частка газавай інфраструктуры належыць „Газпраму“ — гэта таксама палітычная праблема. Варта быць пасьлядоўнымі ў нашых супольных словах і дзеяньнях », — заклікае эўрадэпутат, дадаючы, што інакш санкцыі супраць Расеі, накладзеныя з аднаго боку, губляюць сілу праз палітыку, якую працягваюць зь іншага боку Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG