Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктар Мальцаў з жалезнай клеткі даў бой сьведкам


Уладзімер Мальцаў

Уладзімер Мальцаў

У Менскім абласным судзе, дзе судзяць гендырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімера Мальцава, пачаліся допыты сьведак.

Першым дапыталі намесьніка начальніка ўправы камітэту Дзяржпрамнагляду Ўладзімера Гарбарца. Сьведка патлумачыў суду, што турэцкая фірма «Бэрсэй», якая паставіла на «Барысаўдрэў» кацёл для кацельнай, мела на гэта дазвол органаў Беларусі і, адпаведна, магла без дадатковага дазволу дазьбіраць і мантаваць пастаўленае ёю абсталяваньне. Уладзімеру Мальцаву інкрымінуюць тое, што ён не забясьпечыў законнасьць гэтых дзеяньняў і дапусьціў, каб за мантаж абсталяваньня заплацілі двойчы, што нанесла прадпрыемству вялікія страты.

Між тым узьнікла пытаньне: што лічыць дадатковай зборкай, а што мантажом? Ад вырашэньня гэтага пытаньня ўрэшце залежыць дакладнасьць прэтэнзіяў, якія Мальцаву выставіла сьледзтва. Паводле сьведкі, няма «адназначнай дакумэнтацыі, што лічыць дазборкай, а што мантажом», гэта вызначаецца практыкай, і толькі некаторыя пытаньні ўдакладняе адмысловая інструкцыя № 47, на якую спаслаўся сьведка.

Паводле гендырэктара «Барысаўдрэва», такая размытая пазыцыя і дазволіла сьледзтву выставіць яму абвінавачаньне ў тым, што ён нібыта дапусьціў марнатраўства. Сваю пазыцыю Ўладзімер Мальцаў праілюстраваў на такім прыкладзе. Зварачныя працы пры зборцы турэцкага катла, зробленыя ў Турцыі, дадатковага ліцэнзаваньня не патрабавалі, бо мелася агульная ліцэнзія на ўвесь кацёл. Але ў Барысаве сытуацыя была іншая, тлумачыў падсудны сьведку і дамогся ад яго пацьвярджэньня сваёй пазыцыі.

Мальцаў: «Вось ад катла ідзе труба, і каб яе заварыць, робіцца зварачны шоў. Гэты шоў ужо робіцца ня ў Турцыі, а тут, у Беларусі. Значыць, адносна яго патрэбныя дзеяньні па „неразбуральным кантролі“, як патрабуе закон. А гэта значыць, што патрэбны сэртыфікат зваршчыка ды іншыя захады. І ўсе гэтыя дадзеныя ўпісваюцца ў пашпарт катла як выкананьне мантажу ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону.Так?»

Сьведка: «Калі гаворка ідзе пра кацёл, дык пэўна так».

Хісткія моманты ў абвінаваўчым заключэньні супраць Мальцава выявіліся і пры допыце наступнага сьведкі — кіраўніка інстытуту БелЦЭІ Яўгена Зінчанкі. Гэты інстытут падпарадкаваны канцэрну «Белэнэрга». Падначаленыя Зінчанкі па заданьні сьледзтва вывучылі дакумэнты кантракту «Барысаўдрэва» з турэцкай фірмай «Бэрсэй» на пастаўку катла, і ў прыватнасьці тое, ці змог бы турэцкі кацёл працаваць у кліматычных умовах Беларусі.

Нюанс у тым, што Мальцаў замовіў не паравы кацёл, якія звычайна выкарыстоўваюць у Беларусі, а тэрмамасьляны. Гэткія катлы цяпер папулярныя ў Эўропе, у тым ліку ў суседняй Літве, бо даюць лепшыя паказчыкі цяпла на выхадзе і патрабуюць менш выдаткаў на абслугоўваньне, хоць і каштуюць даражэй.

Крымінальная справа Ўладзімера Мальцава складаецца з 117 тамоў, па справе праходзяць дзясяткі сьведак

Паводле турэцкага пастаўшчыка, ягоны тэрмамасьляны кацёл мог бы працаваць у Беларусі пад адкрытым небам пры пэўных удасканаленьнях, якія «Бэрсэй» і ўзяўся зрабіць. Але падначаленыя сьведкі Зінчанкі далі заключэньне, што турэцкі кацёл у Барысаве бяз «даху над галавой» ня змог бы пратрымацца больш за 10 гадоў. Сёньня Яўген Зінчанка прызнаў, што сам з паперамі кантракту не разьбіраўся, але подпіс пад заключэньнем паставіў.

Між тым, паводле Мальцава, гэтае заключэньне дало падставу сьледчым абвінаваціць яго ў непрафэсіяналізьме. Пытаньні былога гендырэктара «Барысаўдрэва» да сьведкі зноў былі паказчыкам ягонай кампэтэнцыі:

Мальцаў: «З кацельнай павінны выходзіць неабходныя для вытворчасьці парамэтры. Гэта неабходна 2,5 мэгават тэрмамасла, 20 тон пары, 10 гігакалёрый сеткавай і гарачай вады. Калі дадзеная кацельная з комплексам абсталяваньня выдае такія парамэтры, дык яна можа разглядацца як альтэрнатыўная прапанова?»

Сьведка: «Вядома».

Допыты ўсіх сьведак з боку абвінавачанага вядуцца гэтак жа ўчэпіста. Дэманструе намер шчыра разабрацца ў справе і судзьдзя Вердыш. Абарона Мальцава ўжо пачала выстаўляць хадайніцтвы адносна паказаньняў сьведак. У прыватнасьці, суд задаволіў просьбу адваката Гарачкі, каб сьведка Зінчанка прадставіў доказы таго, што адмыслоўцы ягонага інстытуту могуць выступаць у якасьці экспэртаў.

Усяго крымінальная справа Ўладзімера Мальцава складаецца з 117 тамоў, па справе праходзяць дзясяткі сьведак. Паводле дадзеных зь Менскага абласнога суду, працэс над былым гендырэктарам «Барысаўдрэва» стаіць у працоўным раскладзе суду і на кастрычнік.

Уладзімер Мальцаў абвінавачваецца ў службовых злоўжываньнях, якія нанесьлі страты прадпрыемству на 18 мільярдаў рублёў, і зрыве праграмы мадэрнізацыі «Барысаўдрэва», зацьверджанай Аляксандрам Лукашэнкам. Сваёй віны былы гендырэктар, які пасьпеў папрацаваць на пасадзе меней за 2 гады, не прызнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG