Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля амаль 13 гадоў ва ўладзе, прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай сыходзіць са сваёй пасады і пакідае па сабе неадназначную спадчыну.

Пачынаючы з выгнаньня Талібану, Аўганістан ведаў толькі аднаго лідэра – Хаміда Карзая. Адслужыўшы два напоўненых рознагалосьсямі тэрміны, Карзай пакідае прэзыдэнцкі палац і мірным шляхам перадае ўладу ў краіне 29 верасьня сёлета.

Аб спадчыне Карзая мы гаворым з аўганскімі дзеячамі, якія належаць да розных грамадзкім слаёў краіны.

Амрула Салех, былы шэф аўганскай выведкі ў гады кіраваньня Карзая, які лічыцца выдатным апазыцыйным лідэрам і адным з найбольш гучных крытыкаў Карзая:

«Дзейнасьць Карзая можна падзяліць на тры пэрыяды. З 2001 па 2004 год Карзая ўспрымалі як героя. З 2004 па 2009 год яго бачылі ў ролі тонкага палітыка, занятага ўмацаваньнем уласнай улады. Менавіта ў гэты пэрыяд ён стаў ўжываць тактыку «падзяляй і ўладар», сутыкаючы лбамі як асобных дзеячоў, так і этнічныя групы. Ужываючы дзяржаўныя рэсурсы, правамоцнасьць свайго кіраваньня і міжнародную падтрымку, Карзай здолеў стаць цэнтрам улады. Да канца свайго кіраваньня Карзай ператварыўся ў карысьлівага лідэра, які, замест таго, каб накіраваць свае намаганьні на годную перадачу ўлады, сканцэнтраваў усю ўвагу на вузка этнічных інтарэсах. На жаль, гэта прывяло да грубых парушэньняў у працэсе выбараў і прыходу да ўлады новага прэзыдэнта, які не валодае якой-небудзь легітымнасьцю».

Надэр Надэры, праваабаронца:

«Калі перадача ўлады ў Аўганістане мірным шляхам пройдзе спакойна, калі ён перадасьць уладу і дазволіць перамагчы канстытуцыі, то гэта назаўсёды захаваецца ў памяці як найбольш высакароднае, каштоўнае і пасьпяховае дасягненьне яго прэзыдэнцтва. Ён тады будзе прызнаны бацькам-заснавальнікам гэтай вельмі маладой і далікатнай дэмакратыі. Яго стануць праслаўляць. Калі ж яму гэта не атрымаецца, то тады гэта ператворыцца ў яго найбуйнейшы правал, і ўспамінаць аб ім будуць нэгатыўна».

Роя Махбуб, IT-прадпрымальнік:

«Прэзыдэнта Карзая будуць успамінаць з станоўчага боку. У маім разуменьні, ён – бацька дэмакратыі. Ён – першы лідэр, які перадае ўладу пераемніку. Тым ня менш, ён мог бы зрабіць і больш. На працягу гэтых 12 гадоў Аўганістан быў у цэнтры ўвагі столькіх краін. Але мы, на жаль, не змаглі скарыстацца гэтай магчымасьцю. Мы не павінны закрываць вочы на ўсё станоўчае, але можна б было дасягнуць і большага. Можна было зрабіць у пяць разоў больш. Калі б ён меў лепшую каманду, мы б сёньня жылі ў іншым Аўганістане. Ён паменшыў этнічную напружанасьць паміж пуштунамі, таджыкамі, хазарамі і ўзбэкамі, ён аб'яднаў іх у адзіную нацыю. Ён таксама прыўнёс нябачаны дагэтуль у Аўганістане ўзровень дэмакратыі і свабоды. Ён зрабіў нямала дабра ў сфэрах адукацыі, аховы здароўя і свабоды СМІ. Але ў яго былі і недахопы – карупцыя і адсутнасьць бясьпекі. У апошнія гады становішча з бясьпекай сапраўды пагоршылася і большасьць інвэстараў пакінулі Аўганістан».

Ага Лалай Дастагіры, кіраўнік мясцовай рады Кандагару:

«Яго будуць успамінаць за яго намаганьні па стварэньні нацыянальнага адзінства ў Аўганістане. Ён вёў перамовы з рознымі групоўкамі і 13 гадоў таму атрымаў кантроль над Кандагарам. Калі б не яго дзейнасьць, у Аўганістане па-ранейшаму працягваліся б бітвы і міжусобная барацьба. Працуючы з рознымі групоўкамі і этнічнымі групамі, ён здолеў стварыць нацыянальнае адзінства. Ён змог дасягнуць міру. Нягледзячы на замежныя войскі, якія знаходзяцца ў Аўганістане, ён прыўнёс унутраны мір і адзінства, якіх яны не маглі забясьпечыць».

XS
SM
MD
LG