Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замест аднапалярнага парадку — шматпалярны беспарадак


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Калісьці ў часы «халоднай вайны» ў сьвеце было два «смотрящих» за падтрыманьнем парадку, два міжнародныя паліцэйскія — СССР і ЗША. Яны між сабой жорстка супернічалі, але маглі хутка і рашуча вярнуць да рэальнасьці любога свавольніка. Можна ўзгадаць, як эфэктна паставілі на месца садамаўскі Ірак, які захапіў Кувэйт у 1991 годзе.

Пасьля распаду СССР і савецкага блёку адзінай звышдзяржавай засталіся Злучаныя Штаты. Цягам 1990-х — пачатку 2000-х гадоў іх уплыў у сьвеце быў велізарны. Палітыкі і аналітыкі гаварылі пра пабудову аднапалярнага сьвету. (Дарэчы, культавы тэзіс беларускага афіцыйнага прапагандысцкага канструкту.) Каталізатарам гэтага працэсу стаў тэракт 11 верасьня 2001 году. Рэакцыя на яго — спроба ЗША перабудаваць сьвет паводле свайго сцэнару. Адлюстраваньнем чаго стала канцэпцыя ўсясьветнага паходу за дэмакратыю адміністрацыі Буша-малодшага. Кульмінацыяй таго трэнду былі вайсковыя апэрацыі міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША ў Аўганістане і Іраку.

Аднак за кароткі час гэтая тэндэнцыя зьмянілася на процілеглую. Спроба ЗША перабудаваць сьвет на свой вобраз і падабенства выклікала моцную антыамэрыканскую хвалю на ўсіх кантынэнтах. Адначасова зьявіліся новыя цэнтры сілы: ЭЗ, дзяржавы БРІКС (асабліва Кітай). На ўсясьветны парадак дня замест G8 усё больш стала ўплываць G20.

Але галоўным чыньнікам крызісу амэрыканскага лідэрства сталі працэсы ўнутры ЗША. Хутка выявілася, што грамадзяне Злучаных Штатаў не гатовыя шмат плаціць за ўсясьветную гегемонію сваёй краіны. Асабліва жыцьцямі амэрыканскіх вайскоўцаў. (У гэтым прынцыповае адрозьненьне ЗША ад Расеі. Вось расейцы — клясычная імпэрская нацыя, якая за дзяржаўную веліч гатовая плаціць любую цану.) Да таго ж вынікі апэрацыі ў Аўганістане і Іраку выявіліся, мякка кажучы, непераканаўчымі. Палітыка адміністрацыі Буша выклікала жорсткую крытыку.

У выніку Барак Абама перамог на прэзыдэнцкіх выбарах пад міралюбнымі лёзунгамі, абяцаньнямі вывесьці амэрыканскія войскі з Аўганістану і Іраку. За што атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Кампанія ўсясьветнага паходу за дэмакратыю была згорнутая. Адміністрацыя Абамы абвясьціла «перазагрузку» ў адносінах з Расеяй, што фактычна азначала адмову ЗША ад канкурэнцыі з РФ за кантроль над постсавецкай прасторай, Вашынгтон прызнаваў гэты рэгіён расейскай дзялянкай.

Адміністрацыя Абамы абвясьціла «перазагрузку» ў адносінах з Расеяй, што фактычна азначала адмову ЗША ад канкурэнцыі з РФ за кантроль над постсавецкай прасторай

І вось тут, калі ЗША дэ-факта прызналі, што ў іх нестае сілаў усталяваць аднапалярны сьвет, выявілася цікавая рэч. Крытыкі амэрыканскай гегемоніі грунтаваліся на тым, што Злучаныя Штаты выконваюць сваю ролю дрэнна, часта злоўжываюць сваім статусам усясьветнага паліцэйскага на сваю карысьць. Таму, маўляў, трэба ўсталяваць больш справядлівы шматпалярны сьвет.

І вось амэрыканская гегемонія разбураная. І хутка выявілася, што альтэрнатывай аднапалярнаму парадку стаў не шматпалярны парадак, як усе думалі, а шматпалярны беспарадак. Бо калі зьнікае ўсясьветны паліцэйскі, які б ён ні быў дрэнны, пачынаецца хаос.

Узгадайце, колькі гадоў свавольнічалі самалійскія піраты. У ХХІ стагодзьдзі, на самым ажыўленым марскім шляху яны доўгі час беспакарана рабавалі гандлёвыя караблі розных краін, амаль вярнуўшы сьвет у гэтай частцы плянэты ў сярэднявечча.

Колькі гадоў выпрабоўваў усясьветную супольнасьць на цярпеньне Іран з сваёй ядзернай праграмай! Можна ўзгадаць фэномэн КНДР, кіраўнікі якой рэгулярна пужаюць усіх вакол ядзерным армагедонам. У адказ вялікія дзяржавы, каб улагодзіць вар’ятаў, пастаўляюць туды харчаваньне.

Вось Расея, парушаючы ўсялякія міжнародныя нормы, пачала захопліваць тэрыторыі суседніх дзяржаў (Грузіі, Украіны). У адказ Захад увёў эканамічныя санкцыі. І толькі. Прэзыдэнт Украіны Парашэнка паехаў у ЗША па дапамогу, але Вашынгтон ня даў ні узбраеньня, ні, фактычна, грошай. Бо шматпалярны сьвет, кожны сам за сябе.

Ці вось новы выклік сьвету — Ісламская дзяржава Іраку і Леванту. Гэтыя не прызнаюць ніякіх правілаў, захопліваюць закладнікаў, рэжуць горла «няверным» перад тэлекамэрамі, ёсьць інфармацыя пра прымяненьне хімічнай зброі. Сьвет павінен быў бы здрыгануцца і хутка, рашуча ліквідаваць гэты небясьпечны ачаг. Але дзе там? Рада Бясьпекі ААН дэманструе бездапаможнасьць. Расея выкарыстоўвае сытуацыю, каб нашкодзіць ЗША. Калі глядзець расейскія тэлеканалы, то галоўная небясьпека сьвету — не ісламісцкія тэрарысты, а амэрыканцы, якія зьбіраюцца іх бамбіць на сырыйскай тэрыторыі. Маўляў, парушэньне сувэрэнітэту. Хоць рэжым Асада даўно не кантралюе тыя тэрыторыі.

ЗША змаглі арганізаваць сваіх саюзьнікаў толькі на бамбаваньне Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту. Але ўсім зразумела, што аднымі бамбаваньнямі, без сухапутнай апэрацыі, гэтую навалу ня зьнішчыць. Урадавыя арміі Сырыі і Іраку перамагчы ісламістаў ня здольныя. Але ваяваць ніхто ня хоча. Бо шматпалярны «парадак».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG