Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц фатаграфіі ў Менску. Здымкі, якія мяняюць гісторыю


У кастрычніку 2014 году ў беларускай сталіцы праходзіць «Месяц фатаграфіі ў Менску». Мэта імпрэзы — паказаць, што культурнае асяродзьдзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, што беларусам таксама цікавыя фатаграфічныя падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, і адна з задачаў фэстывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

Апавядае арганізатар праекту Андрэй Лянкевіч:

— Мы шукалі вялікую колькасьць выставаў, якія можна было б паказаць у межах месячніку, і зыходзілі мы з таго, што маюць нашы сябры і знаёмыя. У першую чаргу тыя, хто жыве побач з намі — у Польшчы, Літве, Латвіі, Расеі і Ўкраіне, канечне ж. І праз розныя інстытуцыі, праз пэрсанальныя знаёмствы пачалі шукаць ужо гатовы прадукт, які можна было б прывезьці ў Беларусь. І маё асабістае знаёмства з Аляксандрам Сорыным, які ўзначальвае прастору «Фотадок», што знаходзіцца ў Сахараўскім цэнтры ў Маскве, дало нам магчымасьць прывезьці FotoEvidence 2013 у Менск. Тры месяцы таму мы сустрэліся ў Маскве, і Аляксандар нам зрабіў такі падарунак, дабрачынна, бясплатна даў унікальныя фота. Засталося толькі прывезьці.

— Што цікавага пакажуць у Беларусі нашы суседзі?

— Расейская фатаграфія будзе прадстаўлена выставай «Ня[свое]часовае» фонду «ФотаДэпартамэнт». У супрацы з інстытутам IFA Інстытут Гётэ ў Менску арганізуе выставу клясыка нямецкай фатаграфіі Арна Фішэра. Латвійская фатаграфія будзе паказаная на выставе Sense of Place. Latvian Contemporary Photography, таксама ў фармаце асобнай экспазыцыі будуць прадстаўленыя працы выпускнікоў Майстэрні фатаграфічнага апавяданьня Акадэміі мастацтваў Варшавы. Фотапраект Tulips, зьняты ў Беларусі і прысьвечаны яе афіцыйным сьвятам, прэзэнтуе знаны літоўска-амэрыканскі фатограф Эндру Мікшыс.

Ну, а пачаўся месячнік з выставы пераможцаў міжнароднага конкурсу FotoEvidence 2013, мэта якога — на мове фатаграфіі расказаць пра парушэньні правоў чалавека і прыніжэньне чалавечай годнасьці. На сайце FotoEvidence гаворыцца: «Фатографы зьмянілі ня толькі стаўленьне людзей да тых ці іншых рэчаў, але ў асобных выпадках і ход гісторыі».

Андрэй Лянкевіч

Андрэй Лянкевіч

— Ці былі ў вас праблемы з выставачнымі залямі? Вашы імпрэзы праходзяць і ў прыватных, адкрытых арт-прасторах, і ў эўрапейскіх прадстаўніцтвах, і ў дзяржаўных галерэях?

— У Менску з выставачнымі залямі не было праблемаў. Мы думаем, што будуць праблемы, зыходзячы з нашага папярэдняга досьведу, і часьцяком нават не спрабуем штосьці арганізаваць, зламаць правілы гульні, зьмяніць... Таму заклікаю ўсіх: ня бойцеся спрабаваць!

— А што цікавага пакажуць беларускія фотамайстры?

— Што да ўдзелу беларускіх фотамайстроў, то ў межах гэтага месячніку мы пакажам ад самых маладых — гэта падлеткавы фатаклюб «Сьвятласіла» з Паставаў, да нашага клясыка Сяргея Брушко, выстава якога будзе разьмешчаная ў трамваі. Так атрымліваецца, што прыкладна 50% падзеяў у межах месячніку фатаграфіі будзе прысьвечана і гісторыі фатаграфіі, і сучаснай беларускай фатаграфіі. З сучасных пакажам тры выставы маладых беларускіх аўтараў — у кастрычніку па 10 дзён на кожнага аўтара. І гэта для мяне вялікая перамога.

Ёсьць некалькі онлайн-часопісаў, прысьвечаных фатаграфіям, якія робяць маладыя аўтары. Ёсьць маладыя аўтары, якія робяць фатаграфіі, якія тут ніколі не паказваліся.

— І кожная выстава будзе мець адукацыйны характар? Заплянаваныя лекцыі, экскурсіі, прэзэнтацыі?

— Так. Ёсьць дасьледчыца Надзея Саўчанка, якая піша гісторыю беларускай фатаграфіі, і яна будзе прэзэнтаваць на лекцыі пэрыяд, пра які наагул мала хто ведае — гэта так званы «міжваенны пэрыяд», паміж першай і другой Усясьветнымі войнамі.

З Санкт-Пецярбургу да нас прыедзе выстава вельмі супярэчлівая, і мы наўмысна выбіралі такі фармат — цэнтар «ФотаДэпартамэнт», які ўзначальвае Надзея Шараметава. Яна прыяжджае з чатырма фатографамі. А выстава, якую яны вязуць — падборка фатаграфіяў, прысьвечаная дасьледаваньню расейскай душы. Мы падумалі, што ў цяперашні момант гэта будзе вельмі актуальна — што такое маладая расейская душа? Акрамя таго, Надзея Шараметава выступіць зь лекцыяй пра тое, як расейская фатаграфія ўпісваецца ва ўсясьветную. А гэтыя чацьвёра аўтараў зробяць экскурсію па выставе, распавядуць пра сваё разуменьне той самай таемнай расейскай душы.

Яшчэ мы хочам зладзіць вечарыну і запрасіць беларускіх фотамайстроў Васіля Фядосенку з Reuters і Cашу Васюкевіча з Tut.by, каб яны распавялі, як ім працавалася ва Ўкраіне, на Майдане, на Данбасе.

Сёлета ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга «Сыгізмунд Юркоўскі — фатограф зь Віцебску» — пра чалавека, які вынайшаў затвор для фотаапарата, у выніку чаго сталася магчымым усім нашым калегам мець маленькія фотакамэры. Такім чынам, наш суайчыньнік Сыгізмунд Юркоўскі ў свой час зрабіў рэвалюцыю ў фотасправе. Гэтую кнігу напісала дырэктарка музэю Шагала Людміла Хмяльніцкая, і падчас месячніку адбудзецца прэзэнтацыя кнігі.

Сапраўды, вакол шмат цікавага адбываецца, і надышоў час у межах адной падзеі аб’яднаць усе нашы намаганьні. І мы паспрабавалі гэта зрабіць.

XS
SM
MD
LG