Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАТО заяўляюць пра значны вывад расейскіх сіл з Украіны


Сытуацыя ў зоне АТА на 24 верасьня 2014

Сытуацыя ў зоне АТА на 24 верасьня 2014

Прадстаўнік НАТО, падпалкоўнік Джэй Джанзэн заявіў, што Паўночна-атлянтычны альянс зафіксаваў вывад значнай часткі расейскіх вайскоўцаў з Украіны. Пры гэтым іншая частка расейскіх войскаў застаецца на тэрыторыі Ўкраіны, і іх колькасьць вызначыць цяжка. Джанзэн таксама адзначыў, што ва Ўкраіне дзейнічаюць спэцыяльныя падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі. Акрамя гэтага, паблізу ўкраінскай мяжы па-ранейшаму дысьлякаваная вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў.

Паводле прадстаўніка НАТО, прарасейскія сэпаратысты кантралююць некалькі кантрольна-прапускных пунктаў, што дазваляе забясьпечыць перамяшчэньне расейскіх войскаў празь мяжу паміж Украінай і Расеяй.

Масква абвяргае абвінавачваньні ўкраінскага кіраўніцтва і шэрагу заходніх палітыкаў у падтрымцы сэпаратыстаў, якія ваююць ва Ўкраіне, а таксама ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на ўкраінскай тэрыторыі расейскіх войскаў.

У жніўні так званы «прэм’ер» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка заявіў, што каля трох-чатырох тысяч добраахвотнікаў з Расеі ваююць на баку ДНР, і што сярод іх ёсьць салдаты расейскай арміі, якія вырашылі правесьці свой адпачынак за межамі Расеі, беручы ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.

Кіраўніцтва Ўкраіны заяўляе, што на месца выведзеных расейскіх вайскоўцаў уводзяцца новыя расейскія часткі. Таксама Ўкраіна сьцьвярджае, што цяпер ідзе ратацыя тых вайсковых падразьдзяленьняў Расеі, якія знаходзяцца каля мяжы з Украінай на расейскім баку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG