Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошце Свабоды па-ранейшаму нямала допісаў на тэму ўкраінскай драмы. Назіраючы за вялізнымі выпрабаваньнямі і ўзрушэньнямі, якія перажывае суседні народ, многія людзі ў Беларусі міжволі задумваюцца над глыбіннымі прычынамі гэтых падзеяў ды іх магчымым уплывам на далейшы лёс Беларусі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў піша:

«Пра вайну Расеі супраць Украіны (буду называць рэчы сваімі імёнамі) ужо столькі сказана і напісана, што дадаць штосьці новае вельмі цяжка. Зацікавіла мяне больш шырокае пытаньне — удзел Расеі ў ваенных канфліктах. Нават ня столькі сам удзел, колькі пытаньне: НАВОШТА?

Сваё маленькае дасьледаваньне я вырашыў абмежаваць усяго толькі гадамі свайго жыцьця, то бок пачынаючы з 1950 году. Вы спытаеце, чаму? Ды таму, што надта ўжо іх многа, гэтых канфліктаў.

Пакорпаўся я ў інтэрнэце, і выявіў: за 64 гады з удзелам Расеі адбывалася 16 збройных канфліктаў і паўнавартасных войнаў. Гэта, напрыклад, Карэйская вайна пачатку 50-х гадоў, вайна ў Віетнаме, здушэньне вугорскага паўстаньня ў 1956-м, араба-ізраільская вайна канца 60-х — пачатку 70-х, здушэньне Праскай вясны ў 1968-м, Аўганская вайна, дзьве чачэнскія, канфлікты ў Афрыцы (у Этыёпіі і Анголе). Ну, і самыя апошнія войны — Грузія, Крым, Данбас...

Не гарантую, што гэта поўны сьпіс. Магчыма, я нешта прапусьціў. Але як вам такія вынікі? Ці не зашмат для адной толькі краіны?

Цяпер другое пытаньне: НАВОШТА?

Тут мне ўзгадваецца стары анэкдот брэжнеўскіх часоў. У такіх анэкдотах часта дзейнічаюць прадстаўнікі трох нацыянальнасьцяў, сярод якіх абавязкова — рускі. Дык вось, спыталі неяк рускага і яшчэ дваіх: што б яны рабілі, каб былі царамі. Адказ рускага: «Каб я быў царом, я б сабраў усё сена з усёй зямной кулі, склаў бы ў вялізную капу і на ёй бы спаў».

Што адказалі іншыя, тут ня так важна. А вось адказ рускага чалавека вельмі дакладна яго характарызуе: захапаць як мага больш. Што потым з усім гэтым рабіць — прыдумаем, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў. — Вельмі тыповы прыклад — шалёная ідэя зладзіць сусьветную рэвалюцыю. Нікому іншаму нават да галавы такое не прыйшло, толькі расейскім бальшавікам. Захапаць усё! Скарыць усіх! Ідэалягічнае абгрунтаваньне прыдумаем потым!

2700 год таму прарок Ісая казаў: «... і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць».

Ажно дваццаць сем стагоддзяў мінула, а прароцтва так і ня зьдзейсьнілася! Нічога не памянялася! Нічога, за выняткам зброі — яна стала нашмат больш магутнай і страшнай. Сёньня за некалькі сэкундаў можна зьнішчыць мільёны жыцьцяў. Хоць я, шчыра кажучы, толькі за адну думку пра такую зброю закратаваў бы яе аўтара ў вар’ятню да скону жыцьця незалежна ад ягонага сацыяльнага статусу, а за выказваньне яе ўслых яшчэ пасьмяротна пару тысяч гадкоў дадаў бы. Тое самае за думку пра захоп чужой тэрыторыі. Спадзяюся, што чалавецтва калі-небудзь паразумнее да такой ступені, каб ажыцьцявіць гэта«.

Думаю, спадар Кастусь, ваш сьпіс далёка ня поўны. Савецкі Саюз у другой палове мінулага стагодзьдзя тым ці іншым чынам удзельнічаў практычна ва ўсіх войнах і грамадзянскіх канфліктах ва ўсіх кутках сьвету — у Нікарагуа і Чылі, на Кубе і ў Цэнтральнай Афрыцы, у Палестыне і Камбоджы... Калі туды не пасылаліся непасрэдна вайсковыя часьці і не было савецкіх вайсковых дарадцаў — дык накіроўвалася зброя і амуніцыя, рыхтаваліся дывэрсанты, наладжвалася фінансаваньне тых ці іншых сэпаратысцкіх ці так званых «рэвалюцыйных» груповак, партыяў, рухаў... Савецкія людзі самі ледзь зводзілі канцы з канцамі, стаялі ў чэргах па каўбасу і масла — але караблі са зброяй, харчаваньнем і розным рыштункам спраўна накіроўваліся ва ўсе канцы сьвету дзеля дапамогі братэрскім народам Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, якія, так бы мовіць, «сталі на сацыялістычны шлях разьвіцьця». За тыя грузы братэрскія народы амаль ніколі не плацілі: ну якія разьлікі паміж братамі, якія супольна будуюць сьветлую камуністычную будучыню? Што цікава, учорашнія «браты» тут жа здрадзілі сацыялістычным ідэалам і адвярнуліся ад Масквы, як толькі ў той скончыліся валютныя запасы і яна не змагла болей прысылаць караблі зь бясплатнай зброяй і ежай.

Здавалася б, савецкай імпэрыі няма, урокі мінулага не забытыя... Але як толькі Расея ледзь-ледзь акрыяла, як зноў зьявіліся грошы — тут жа адрадзіліся ўсе імпэрскія комплексы, звычкі і фантомныя болі.

Наш слухач Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну, пачуўшы 17 верасьня ў аглядзе пошты лісты Васіля Тура і Вячаслава Сухарэбскага, у якіх ішла размова пра шматлікія заганы калгаснай сыстэмы, успомніў нашу зь ім даўнюю завочную дыскусію. У 2006 годзе мы шмат расказвалі пра фэрмэрскую гаспадарку пасьпяховага гомельскага прадпрымальніка Міхаіла Шруба. Тады здарылася так, што ўвесь мясцовы калгас «Шлях да камунізму» папрасіўся да яго. Мясцовыя ўлады ўспрынялі гэта з насьцярогай. У Хільчыцах ЧАТЫРЫ РАЗЫ зьбіралі сходы вяскоўцаў, каб прымусіць іх зьмяніць рашэньне пра далучэньне да фэрмэра. І ўрэшце ўсё ж далучэньне адбылося.

Наш слухач Пятро Касьнерык убачыў тады ў гэтым форму новага рабаўладальніцтва ці фэадалізму. Дыскутуючы зь ім, я пісаў:

«Калгасьнікі ў гаспадарцы фэрмэра — па сутнасьці, найманыя работнікі (такія ж, як рабочыя на прамысловым прадпрыемстве ці клеркі ў канторы). Дарэчы, найманую рабочую сілу выкарыстоўваюць фэрмэры і ў Нямеччыне, і ў Галяндыі, і ў Францыі, якія вы, спадар Касьнерык, ставіце ў прыклад. І з гэтай прычыны іхныя фэрмэрскія гаспадаркі не становяцца рабаўладальніцкімі».

У сваім новым лісьце на Свабоду Пятро Касьнерык піша:

«У Нямеччыне і ў Францыі агулам у 1 мільёне 585 тысячах гаспадарак працуюць 2 мільёны 800 тысяч чалавек уключна з найманымі работнікамі. У сярэднім атрымліваецца менш як па два чалавекі ў адной гаспадарцы.

І менавіта з гэтай прычыны іхныя фэрмэрскія гаспадаркі не становяцца рабаўладальніцкімі. Падобная карціна і ў ЗША. Колькасьць фэрмэрскіх гаспадарак — 2 мільёны 115 тысяч.

Лічба занятых — 3 мільёны 250 тысяч чалавек. Атрымліваецца, менш за два чалавекі ў АДНОЙ гаспадарцы».

Да гэтых лічбаў варта ставіцца крытычна, спадар Пятро. Вядома, заходнія фэрмэры не трымаюць у сябе ў штаце лішніх штатных супрацоўнікаў, паслугамі якіх даводзіцца карыстацца ня часта. Напрыклад, фэрмэр заключае дамову на абслугоўваньне тэхнікі або на правядзеньне хімічнай апрацоўкі палёў са спэцыялізаванымі кампаніямі — замест таго каб трымаць у сябе на фэрме мэханікаў з майстэрнямі ці хімічныя склады (як гэта найчасьцей бывае ў беларускіх калгасах). Няма ў яго, як правіла, і асобнай канторы з бухгальтарамі, касірамі, рахункаводамі, улікоўцамі і кладаўшчыкамі...

Даволі дзіўна чытаць вашы сьцьвярджэньні пра тое, што, працуючы на фэрмэра, учорашні калгасьнік трапляе ў большую залежнасьць, чым гэта было ў калгасе. Так, прыватны гаспадар патрабуе ад найманага працаўніка значна большай дысцыпліны і ня будзе плаціць лайдакам, якія толькі імітуюць працу. Але сілком такога працаўніка на гэтым месцы ніхто не трымае. Не падабаецца, марыш пра калгас? Калі ласка, калгасаў у Беларусі яшчэ хапае.

Нашага слухача Алеся Станкевіча з Горадні ўразілі намаганьні цяперашніх расейскіх уладаў усталяваць адзіны погляд на гісторыю Расеі. Тое, што прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў канцэпцыю новага навучальна-мэтадычнага комплексу па айчыннай гісторыі, слухача абурыла. Спадар Алесь піша:

«Паводле заяваў Пуціна, якія знайшлі адлюстраваньне ў новай канцэпцыі, савецкую армію нельга называць акупанткай краінаў Усходняй Эўропы. Цікава атрымліваецца. А хто ж тады душыў народныя паўстаньні ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, у Чэхаславаччыне ў 1968-м? А на чыіх штыках трымаліся камуністычныя дыктатарскія рэжымы ў Польшчы і ГДР?

Дарэчы будзе ўспомніць і так званы „вызвольны паход“ Чырвонай арміі ў верасьні 1939-га ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. Чым суправаджалася тое „вызваленьне“? Масавымі рэпрэсіямі, арыштамі, дэпартацыяй соцень тысяч людзей у Сыбір і Казахстан. Каля 10 працэнтаў іх ня вытрымалі нялюдзкіх умоў і загінулі яшчэ ў дарозе да месцаў высылкі.

А колькі гістарычных і культурных каштоўнасьцяў было разрабавана і вывезена ў Расею — зь Нясьвіскага і Мірскага замкаў, зь бібліятэк... Дык хто гэта, як не акупанты?

А расстрэл 24 тысяч палонных польскіх афіцэраў і рэзэрвістаў, сярод якіх было каля 3000 беларусаў? Між іншым, рашэньне аб гэтым злачынстве было прынята на найвышэйшым узроўні — Палітбюро ЦК на чале са Сталіным.

Між тым Пуцін кажа, што Савецкі Саюз у вайне Нямеччыны з Польшчай нібыта займаў нэўтральную пазыцыю. А хто гэта, цікава, напярэдадні вайны падпісаў з Бэрлінам сакрэтныя пагадненьні, дзелячы паміж сабой Усходнюю Эўропу?

Увогуле, відавочна, як расейская прапаганда цяпер стараецца абяліць Сталіна, савецкае кіраўніцтва, прыменшыць ролю антыгітлераўскай кааліцыі. Між тым менавіта Сталін разам з Гітлерам распачалі Другую сусьветную вайну, у выніку якой загінулі 60 мільёнаў чалавек».

Той рэжым, які склаўся ў сёньняшняй Расеі, мае патрэбу менавіта ў такой гісторыі — у якой на першым пляне фігуруюць веліч, імпэрскасьць, магутнасьць. Ня дзіва, што і савецкі пэрыяд перапісваецца, і асоба Сталіна абяляецца, і масавыя палітычныя рэпрэсіі рэтушуюцца...Для расейскага грамадзтва гэта ня ёсьць чымсьці надзвычайным. Айчынная гісторыя ў Расеі перапісваецца кожным новым валадаром. Так было за камуністамі — так працягваецца і цяпер. І наўрад ці пасьля Пуціна нейкі новы правадыр захоча, каб і сьветлы вобраз Пуціна як вялікага зьбіральніка страчаных імпэрскіх ускраінаў, які так старанна лепіць сёньняшняя афіцыйная прапаганда, заставаўся нязьменным.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG