Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ФПБ баяцца паведаміць, хто ў іх цяпер старшыня. Козік звольніўся?


Леанід Козік

Леанід Козік

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Леанід Козік звольніўся з пасады старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Аднак дзясяткі чыноўнікаў ФПБ, зь якімі гутарылі карэспандэнты Свабоды, адмовіліся пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю.

Паводле інфармацыі лідэра Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, Леанід Козік сышоў з пасады старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. 22 верасьня ён нібыта разьвітаўся з калектывам. Дакладная прычына сыходу невядомая.

На афіцыйным сайце Фэдэрацыі няма партрэта Леаніда Козіка і наагул не пазначана, хто зьяўляецца старшынём ФПБ. Хаця ўсё кіраўніцтва абласных аб’яднаньняў, галіновых прафсаюзаў ёсьць.

Спадар Козік ачольваў Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі з 2002 года. Яму 66 гадоў, так што пэнсійнага ўзросту ён дасягнуў.

Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук распавёў Радыё Свабода: «Паводле маіх зьвестак, спадар Козік напісаў заяву. Хутчэй за ўсё, прымусілі, ці, мякка кажучы, прапанавалі. Усё да гэтага ішло. Відавочна, што старшыня справу праваліў. Думаю, апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня ўлады, было тое, што ён замахнуўся на Генэральную пракуратуру — абвінаваціў у незаконных дзеяньнях. Два тыдні таму кіраўніцтва ФПБ запатрабавала ад Генэральнай пракуратуры адмяніць рашэньне пракуратуры Бабруйску і аднавіць дзеяньне калектыўнай дамовы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Але падрабязнасьцяў мы пакуль ня ведаем».

Пацьвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю аб звальненьні прафсаюзнага лідэра краіны ў самой Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Радыё Свабода не ўдалося. Цягам другой паловы аўторка і з раніцы серады журналісты зрабілі некалькі дзясяткаў тэлефанаваньняў у Фэдэрацыю. У прыёмнай старшыні слухаўку не здымалі наагул. Прэсавы сакратар ФПБ сышла ў дэкрэтны адпачынак. Па тэлефонах аддзелу кадраў, юрыдычнай кансультацыі, у прыёмных намесьнікаў старшыні адказвалі «тэхнічныя супрацоўнікі», якія «ня ў курсе спраў». Маўчалі тэлефоны ўсіх намесьнікаў. І толькі пад вечар сакратарка намесьніцы старшыні Алены Манкевіч паведаміла, што «у сераду Алена Мікалаеўна выйдзе з адпачынку, і толькі яна ўпаўнаважаная даваць камэнтары». У сераду з самага ранку Алена Мікалаеўна пачала праводзіць паседжаньні «у рэжыме „нон-стоп“ — пасьля адпачынку трэба ўвайсьці ў справы, у яе вельмі шмат аб’ектаў», — сказала Радыё Свабода сакратарка спадарыні Манкевіч.

Леанід Козік нарадзіўся ў 1948 годзе ў Барысаве. Працоўны шлях пачынаў з токара, кіроўцы. У 1977 годзе скончыў БДУ і ў 1985 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, юрыст, эканаміст. Працаваў памочнікам пракурора, старшынём прафкаму БАТЭ, дырэктарам швейнай фабрыкі ў Барысаве. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 скліканьня — старшынём Камісіі па эканамічнай рэформе, дасягненьні эканамічнай самастойнасьці і сувэрэнітэту. З 1995 да 1998 года працаваў ў структурах СНД, Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У 1998 годзе нядоўга быў намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі. У 2001 годзе таксама нядоўга — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. У ліпені 2002 года быў абраны старшынём Савета Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Доктар эканамічных навук (1999), прафэсар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, эканомікі і права.

XS
SM
MD
LG