Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на абвешчанае замірэньне, у Данбасе не спыняюцца атакі прарасейскіх баевікоў на пазыцыі ўкраінскіх войскаў.

Карэспандэнт Радыё Свабода Леў Стэк правёў апошнія два дні на перадавой пад горадам Дэбальцэва, дзе яшчэ ўчора баевікі інтэнсыўна абстрэльвалі ўкраінскія блёкпосты.

Леў Стэк распавядае, што ў справе ўладкаваньня буфэрнай зоны пакуль украінскія вайскоўцы сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі:

«Я меў зносіны зь некалькімі камандзірамі, яны ўсе ведаюць, што павінна быць буфэрная зона, іх праінфармавалі, як яна павінна выглядаць, дзе яна павінна праходзіць. Але некаторыя адрэзкі гэтай зоны павінны праходзіць па тэрыторыі баевікоў. Як яны павінны заняць гэтую тэрыторыю і ўладкаваць там нейкія абарончыя рэдуты, пакуль ня вельмі гэта ўяўляюць сабе», — распавёў карэспандэнт Радыё Свабода.

Нягледзячы на замірэньне, паміж баевікамі і ўкраінскімі вайскоўцамі адбываюцца сапраўдныя баі.

У зоне баёў складваецца вельмі складаная гуманітарная сытуацыя. У прыватнасьці, у горадзе Станіца Луганская, распавядаюць валянтэры.

«Там вельмі сумная сытуацыя, там гуманітарная катастрофа. Станіца Луганская цалкам разгромленая, няма сьвятла, няма ацяпленьня. Людзі ўжо некалькі месяцаў без прадуктаў, ім нічога не давозяць. Кажуць, хлеба няма ўжо месяцы два. Там нейкім чынам пару разоў даходзіў расейскі гуманітарны канвой», — заўважае валянтэр Ганна Кашаеда.

Яна заклікае ўлады Ўкраіны неадкладна дапамагчы гэтым людзям:

«Валянтэры ня могуць замяніць дзяржаву, хоць і прыкладаюць усе намаганьні, каб дапамагчы мясцоваму насельніцтву. Сёньня ўкраінскія вайскоўцы аддалі мясцовым жыхарам свае сухпайкі, мэдыкамэнты і хлеб».

Між тым незаконная ўзброеная групоўка «ДНР», якая прызнаная ва Ўкраіне тэрарыстычнай, заяўляе аб адводзе сваіх падразьдзяленьняў ад лініі судакрананьня з украінскімі вайскоўцамі ў тых раёнах, дзе гэтак жа паступілі і астатнія.

XS
SM
MD
LG