Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зноў пагражае Ўкраіне з-за асацыяцыі з Эўразьвязам


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Масква пагражае Кіеву закрыць доступ да свайго рынку ў выпадку рэалізацыі гандлёвага пагадненьня Ўкраіны з Эўразьвязам.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на ліст прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ўкраінскаму лідэру Пятру Парашэнку.

Журналісты агенцтва бачылі ліст Пуціна ад 17 верасьня і цытуюць вытрымкі з яго.

У ім фактычна ўтрымліваюцца пагрозы блякаваць расейскі рынак для ўкраінскіх тавараў, калі Кіеў будзе прысьпешваць асацыяцыю з Эўразьвязам. Пуцін напісаў, што нават зьмена нацыянальнага заканадаўства для падрыхтоўкі да гандлёвага пагадненьня з Эўропай выкліча неадкладны адказ Масквы. Расея згорне доступ Украіны да «жыцьцёва важных расейскіх рынкаў», калі Кіеў рэалізуе любую частку гандлёвага пагадненьня з Эўразьвязам.

"Толькі сыстэмныя карэкціроўкі Пагадненьня аб асацыяцыі, якія прымаюць пад увагу ўвесь спэктар рызык для расейска-ўкраінскіх эканамічных сувязяў і ў цэлым для расейскай эканомікі, дазволяць захаваць існуючае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Ўкраінай",— цытуе Reuters вытрымку зь ліста Пуціна.

Для Ўкраіны, якая экспартуе ў Расею сталёвую прадукцыю, вугаль, хімікаты і збожжавыя, увядзеньне падвышаных тарыфаў можа азначаць страту трох мільярдаў эўра ў год.

Прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў не пацьвердзіў і не абверг наяўнасьць падобнага ліста.

17 верасьня Кабінэт міністраў Украіны зацьвердзіў плян захадаў па імплемэнтацыі Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. 12 верасьня, у ходзе перамоваў прадстаўнікоў Украіны, Эўразьвязу і Расеі была дасягнутая дамоўленасьць аб адтэрміноўцы да канца 2015 года ўступленьня ў сілу пагадненьня аб свабодным гандлі паміж Украінай і Эўразьвязам.

На мінулым тыдні кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў пастанову аб увядзеньні мытаў на ўкраінскія тавары, якія пачнуць спаганяцца, калі Кіеў датэрмінова рэалізуе палажэньне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам.

XS
SM
MD
LG