Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерная пагроза Расеі: рэальнасьць ці піяр?


Павел Фэльгенгаўэр

Павел Фэльгенгаўэр

Расейскі вайсковы аглядальнік Павел Фэльгенгаўэр адказаў на пытаньні для тэлепраекту Радыё Свабода «Цяперашні час».

Сяргей Дарафееў: Пасьля Маршу Міру віцэ-прэм'ер Расеі Дзьмітры Рагозін заявіў, што Масква абнаўляе свой ядзерны арсэнал апераджальнымі тэмпамі не на 70, як меркавалася, а на 100 адсоткаў. На якія грошы ідзе гэтая мадэрнізацыя? Расейская эканоміка перажывае не найлепшыя часы, тым больш, у кантэксьце санкцый. Ці можна верыць названым лічбам пра 100 адсоткаў?

Павел Фэльгенгаўэр: У прынцыпе, праграма мадэрнізацыі ўсіх нашых узброеных сіл даўно ўжо зьвярстаная, і ядзерны кампанэнт заўсёды быў асноўным і першасным у гэтым пераўзбраеньні. Мяркуецца, што Расея можа захаваць рэшткі свайго статусу звышдзяржавы толькі за кошт ядзернай зброі. Праграмы гэтыя ёсьць, яны ажыцьцяўляюцца: новыя ракеты робяць, разгортваюць і новыя носьбіты. Падводныя лодкі таксама, зьбіраюцца будаваць нейкі новы стратэгічны бамбавік. Ракеты стратэгічныя нейкія сапраўды разгортваюцца. Яны, зрэшты, і раней разгортваліся, цяпер крыху хутчэй. Падводныя лодкі таксама атрымліваюцца, і нават ракета «Булава», зь якой былі вялікія праблемы, цяпер лётае. Так што праграма гэтая больш ці менш выконваецца.

СД: Вы ў гэта верыце?

ПФ: Тут не пытаньне веры, а пытаньне таго, што гэтая зброя сапраўды робіцца. Іншая рэч, што гэта зброя суднага дня і выкарыстоўваць яе ніколі ня будуць. І велізарныя сродкі, укладзеныя ў ядзернае ўзбраеньне, і ў саму зброю, і ў сродкі дастаўкі, якія былі ў Савецкім саюзе, працягваюцца ў Расеі, але ў прынцыпе ўсё гэта сышло на сьметнік. Зь іншага боку, здаецца, Трэцяй сусьветнай вайны не было, так што можа і не зусім. Але гэтая канцэнтрацыя намаганьняў на ядзерным узбраеньні крыху памылковая, паколькі тады менш застаецца на тое, што можа сапраўды спатрэбіцца на будучым полі бою, бо ядзерная зброя і яе носьбіты – гэта зброя, якая не будзе выкарыстаная наогул ніколі.

СД: Калі ў сваёй заяве перад калегамі Рагозін меў на ўвазе ЗША і НАТО, як усё ж такі Масква зможа іх зьдзівіць?

ПФ: Распавядаюць, што ў нас будзе зброя нейкая, якой у іх няма. Пра гэта Пуцін шмат і часта кажа. Гэта вельмі радуе перш за ўсё амэрыканскіх вайскоўцаў, таму што ў іх вялікія праблемы апошнія 20 гадоў пасьля распаду СССР з-за таго, што ў іх няма годнага праціўніка. Таму ім скарачаюць бюджэтныя асыгнаваньні. Можна паказаць, што ёсьць Расея, ёсьць пагроза, і тады вядома лепш. Гэта значыць пагрозы нейкія ёсьць і акрамя Расіі, але калі гэта Ісламская дзяржава, халіфат, то навошта супраць халіфату ядзерныя падводныя лодкі – не патрэбныя зусім. А вось расейская пагроза, так, гэта выдатна, амэрыканскаму флёту, ядзернаму падводнаму флёту гэта вялікая радасьць.

СД: Ці можна сьцьвярджаць, што пасьля гэтай заявы Рагозіна гонка ўзбраеньняў будзе працягвацца ўжо ў іншых маштабах?

ПФ: Заявы Рагозіна тут ня так важныя, як рэальныя справы. А рэальныя справы ёсьць. Гэта не чысты піяр, гэта рэальныя справы.

XS
SM
MD
LG