Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт не пацьвярджае, што на літоўскай мяжы затрымалі начальніка ўправы па Менску


Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што начальнік управы СК па Менску Дзьмітры Канаплянік у адпачынку.

«Ніякай іншай інфармацыі пра яго ў мяне няма», — сказаў Герасімаў.

Так Аляксандар Герасімаў пракамэнтаваў паведамленьні ў мэдыях пра тое, што начальнік управы СК па Менску Дзьмітры Канаплянік разам з жонкай затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы.

Партал Delfi.lt са спасылкай на Генпракуратуру Літвы паведамляе, што на Медзінінкайскім кантрольна-прапускным пункце 21 верасьня пры аглядзе зарэгістраванага ў Беларусі легкавога аўтамабіля Honda CR-V выявілі некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. На гэтым аўтамабілі пасьля прыватнай паездкі зь Літвы ў Беларусь вярталіся муж і жонка, грамадзяне Беларусі. Было распачатае расьсьледаваньне для высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў здарэньня.

МЗС Беларусі пацьвердзіў факт затрыманьня двух беларускіх грамадзян пры перасячэньні літоўска-беларускай мяжы. Амбасада Беларусі ў Літве займаецца высьвятленьнем усіх акалічнасьцяў затрыманьня.

Паводле пракуратуры Літвы, прадстаўнікам амбасады дазволілі сустрэцца з затрыманым 22 верасьня.

У пракуратуры Літвы Tut.by не пацьвердзілі, але і не абверглі інфармацыю пра затрыманьне Канапляніка, бо «прынятае рашэньне не выдаваць асабістую інфармацыю пра затрыманых, іх месцы працы».

У пракуратуры Літвы сказалі, што «ў хуткім часе будзе прынятае рашэньне аб меры стрыманьня».

XS
SM
MD
LG