Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд дазволіў журналісту ОНТ Міхальчанку ўезд у Эўразьвяз


Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі выключыў са сьпісу неўязных у Эўраьвяз журналіста беларускага тэлеканалу ОНТ Аляксея Міхальчанку.

Паводле суду, Эўрапейская Рада, забараніўшы Міхальчанку ўезд у краіны Эўразьвязу, парушыла яго правы і дапусьціла памылкі ў абгрунтаваньні прычынаў гэтага кроку.

Усяго ў чорным сьпісе Эўразьвязу знаходзіцца больш за 200 прозьвішчаў і больш за два дзясяткі юрыдычных асобаў, адказных за рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксея Міхальчанку ўключылі ў гэты сьпіс у 2011 годзе з наступнай фармулёўкай: «Журналіст дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ з кіраўнічай і ўплывовай пасадай». У 2012 Рада Эўразьвязу захавала прозьвішча Міхальчанкі ў сьпісе, зьмяніўшы фармулёўку наступным чынам: «Журналіст дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ з уплывовай пасадай. Ён вядучы тэлепраграмы „Як ёсьць“. Праграма зьяўляецца інструмэнтам дзяржаўнай прапаганды на тэлебачаньні, падтрымліваючы і апраўдваючы рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць сыстэматычна асьвятляюцца нэгатыўным і зьняважлівым чынам, з ужываньнем фальшаванай інфармацыі. [Спадар Міхальчанка] быў асабліва актыўны ў гэтай сувязі пасьля здушэньня мірных дэманстрацый 19 сьнежня 2010 году і далейшых пратэстаў».

У сваім рашэньні 23 верасьня Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі падтрымаў пазоў Міхальчанкі ануляваць яму забарону на ўезд.

Паводле суду, паколькі абгрунтаваньне забароны на ўезд зьмянілася ў 2012 годзе, Рада павінна была загадзя праінфармаваць Міхальчанку пра гэта, каб ён мог выказаць свае аргумэнты. Па-другое, суд вырашыў, што фармулёўка абгрунтаваньня ў 2011 годзе была памылковай, бо з дакумэнтаў не вынікала, што Міхальчанка займае кіраўнічую пасаду ў тэлекампаніі ОНТ. Суд адзначыў, што Рада не дала доказаў таго, што ягоная тэлепраграма мела ўплыў на парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў і на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG