Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэд назваў кнігу пра Лукашэнку «Дапаможнік для дыктатараў»


Марцін Угла

Марцін Угла

Марцін Угла, кіраўнік праваабарончай арганізацыі Östgruppen, расказвае швэдам, як Аляксандар Лукашэнка пабудаваў у цэнтры Эўропы «эфэктыўную дыктатуру».

«Дапаможнік для дыктатараў» толькі выйшаў у выдавецтве Ruin і будзе прадстаўлены на міжнароднай кніжнай выставе ў Гётэборгу 26 верасьня.

Беларускамоўны праваабаронца да справы падышоў грунтоўна: кніга апісвае, як Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам і як яму ўдалося стварыць сыстэму, якая душыць любы супраціў.

«Я пішу пра тое, як выглядае сытуацыя са свабодай асацыяцыяў, сходаў, ёсьць асобны разьдзел пра палітвязьняў і пра тое, як працуе прапаганда. У кожным разьдзеле ёсьць апісаньне і аналіз, — апавёў Марцін Угла Радыё Свабода. — Асобна я гавару пра палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі і пра беларуска-швэдзкія стасункі».

Угла шмат гадоў працуе зь беларускай тэмай. Шмат высілкаў Östgruppen прысьвяціла кампаніі, каб скасаваць чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі — «Не гуляй з дыктатарам». Дзейнасьць праваабаронцы пасьпела дадзець уладам настолькі, што ў траўні Углу не пусьцілі ў Беларусь па набытым ім квітку на гэты чэмпіянат. У пэрыяд чэмпіянату з квітком на любы матч можна было трапіць у Беларусь бязь візы.

Угла аспрэчвае папулярнае цяпер сьцьверджаньне, што ў сьвятле агрэсіўнай палітыкі Ўладзімера Пуціна беларускі кіраўнік страціў ляўры «апошняга дыктатара Эўропы»

«Пагаршэньне сытуацыі ў Расеі ня значыць, што ў Беларусі стала лепш. Палітыкі на Захадзе не зусім гэта разумеюць. Рэпрэсіўны апарат дзейнічае і ўключыцца ў любы момант. Датэрміновае вызваленьне Алеся Бяляцкага не азначае, што ў Беларусі ня стала палітвязьняў, — кажа Угла. — Я ня думаю, што сытуацыя стала лепшай».

XS
SM
MD
LG