Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле нядаўна апублікаванага рэйтынгу кампаніі Bloomberg, сыстэма аховы здароўя ў Беларусі больш эфэктыўная, чым у ЗША.

У сьпісе 51 краінаў сьвету Беларусь займае 42 месца, а Злучаныя Штаты — 44-е.

У рэйтынгу браліся пад увагу такія парамэтры ацэнкі эфэктыўнасьці сыстэмы аховы здароўя, як сярэдняя працягласьць жыцьця ў краіне, выдаткі на ахову здароўя (як працэнт ад ВУП), выдаткі на ахову здароўя на душу насельніцтва (у далярах), зьмена ў сярэдняй працягласьці жыцьця, зьмена ў выдатках на ахову здароўя на душу насельніцтва.

Паколькі Bloomberg бярэ пад увагу найперш эканамічныя паказчыкі, лічбы, пракамэнтаваць, наколькі рэальна, што Беларусь перагнала ЗША, Радыё Свабода папрасіла эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заіку.

Спадар Заіка адразу ж адзначыў, што кампанія Bloomberg наагул займаецца не сваёй справай. Таму што ёсьць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя, ёсьць індэксы ААН разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, паказчыкі здароўя, даступнасьці мэдычнай дапамогі, паказчыкі стану навакольнага асяродзьдзя. А Усясьветная арганізацыя аховы здароўя, іншыя структуры ААН робяць падлікі больш якасна і прафэсійна. А ў рэйтынгу Bloomberg канцы з канцамі не сыходзяцца.

Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі 72,1 гады, доля выдаткаў на ахову здароўя ў эканоміцы — каля 5%, выдаткі на душу насельніцтва — 339 даляраў. У ЗША дзяржава на кожнага траціць 8895 даляраў, доля выдаткаў у эканоміцы — 17,2%, а працягласьць жыцьця амэрыканцаў на 6 з паловай гадоў большая, чым у беларусаў — 78,7 года.

У рэйтынгу Bloomberg канцы з канцамі не сыходзяцца, сьцьвярджае Леанід Заіка.

«У Беларусі выдаткі на душу насельніцтва — каля 330 даляраў. Калі ў чалавека, да прыкладу, праблемы з сэрцам, адна ўпакоўка лекаў каштуе каля 20 даляраў, у месяц ён выдаткуе 50 — 70 даляраў, і плаціць ён сам. Калі мы бярэм 50 даляраў у месяц, на год атрымліваецца каля 600 даляраў выдаткаў асабістых толькі аднаго чалавек. Тут можна казаць шмат, але ў ЗША ахова здароўя горшая, чым на Кубе. І ў Беларусі горшая за Кубу, і ў Расеі. Таму што ёсьць паказчыкі, зьвязаныя з разьвіцьцём тэхналёгій, лячэньня. І ў лідэрах з пункту гледжаньня аказаньня якаснага лячэньня зьяўляюцца Нямеччына і Ізраіль. У Беларусі 5% от ВУП — гэта дзесьці 330 даляраў на чалавека. У амэрыканцаў — значна больш за 8 тысяч даляраў. Усе гэтыя паказчыкі, бязьлікія, абстрактныя і не зусім дакладныя. Так што дэталёвы аналіз паказвае што беларуская сыстэма аховы здароўя зусім ня лепшая за амэрыканскую».

Дарэчы, Bloomberg вызначыў, што найбольш эфэктыўна сыстэма аховы здароўя працуе ў Сінгапуры. Далейшыя месцы ў гэтым рэйтынгу займаюць Ганконг, Італія, Японія, Паўднёвая Карэя.

Вышэй за Беларусь ў рэйтынгу стаяць, да прыкладу, Лібія (25-е месца), Кітай (26), Вэнэсуэла (38).

Замыкае сьпіс на 51-м месцы Расея. Сярэдняя працягласьць жыцьця расейцаў менш, чым у Беларусі — 70,5 гадоў, хаця выдаткі на мэдыцыну значна большыя — 887 даляраў на душу насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG