Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: «Георгіеўскія стужкі» — гэта пачатак акупацыі


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Малады фронт» распачынае грамадзкую кампанію «Стоп імпэрыя», мэта якой — ачышчэньне вуліц беларускіх гарадоў ад расейскіх сьцягоў і «георгіеўскіх стужак», якія сёньня выступаюць сымбалем расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Пра гэта Радыё Свабода распавёў сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч лічыць, што «георгіеўскія стужкі» — гэта ня вынік расейскай прапаганды (бо яе вынік — акупацыя), а сама расейская прапаганда:

«Стужкі — гэта пачатак акупацыі, іх мэта — візуальна абазначыць тэрыторыю „расейскага сьвету“, Расейскай Фэдэрацыі. З гэтага ўсё пачынаецца. Калі прыходзяць сюды расейцы і яны бачаць у кожнай дзясятай маршрутцы, у кожным дзясятым аўтамабілі расейскі сьцяг, то яны, натуральна, лічаць, што гэта іх тэрыторыя, яны прыйшлі дамоў і могуць тут рабіць усё што хочуць», — кажа Дашкевіч.

Увага кампаніі «Стоп імпэрыя» будзе скіраваная пераважна на аўтамабілі і грамадзкі транспарт, таму што расейская сымболіка перш за ўсё раздаецца кіроўцам.

«Ёсьць юрыдычныя мэханізмы, якія дазваляюць пазбавіцца гэтага агітпропу — гэта звароты ў ДАІ, бо паводле правілаў дарожнага руху завешваць лабавое шкло якімі-кольвечы рэчамі забаронена. Маладафронтаўцы ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі будуць па меры магчымасьці фатаграфаваць, запісваць нумары аўтамабіляў з расейскай атрыбутыкай, і будзем зьвяртацца ў ДАІ. Па меры адказаў ДАІ мы будзем інфармаваць грамадзтва пра вынікі», — распавёў Дашкевіч.

Дашкевіч упэўнены, што кампанія будзе дастаткова эфэктыўная і хутка прымусіць аўтамабілістаў адмовіцца ад расейскай сымболікі.

Акрамя таго, лідэр «Маладога фронту» лічыць, што беларускія ўлады насамрэч таксама зацікаўленыя ў спыненьні расейскай прапаганды:

«Мы памятаем выступы Лукашэнкі, які шматзначна заяўляў, што ён будзе адстрэльвацца да апошняга патрона, калі нехта будзе пагражаць тэрытарыяльнай цэласнасьці. Мы памятаем, як улады Беларусі нават адмовіліся распаўсюджваць „георгіеўскія стужкі“, якія раней не выклікалі тут ані ў кога пытаньняў. Але пасьля Крыму яны сталі сымбалем расейскай інтэрвэнцыі, расейскага тэрору — гэта зразумеў нават „крамлёўскі паслугач“ Лукашэнка. Таму мы бачым, што нават да тых, хто трымае ўладу ў Беларусі, даходзіць, адкуль ідзе небясьпека. Толькі што Лукашэнка з прычыны сваёй вялікай залежнасьці ад Крамля ня можа так адкрыта змагацца з гэтымі стужкамі. Але мы можам выкарыстоўваць юрыдычныя мэханізмы, каб ачысьціць вуліцы нашых гарадоў ад засільля гэтай прапаганды», — падкрэсьлівае Дашкевіч.

Лідэр «Маладога фронту» канстатуе, што сёньня расейская прапаганда, на вялікі жаль, мае вельмі вялікі ўплыў на беларусаў. Пад узьдзеяньнем расейскай прапаганды стаўленьне да Крыму і вайны на ўсходзе Ўкраіны падзяліла беларускае грамадзтва, мяркуе ён. Прычым лінія падзелу ў некаторых выпадках прайшла паміж людзьмі, якія раней лічыліся быццам бы аднадумцамі, кажа Дашкевіч:

«Пытаньне Крыму падзяліла вельмі многіх людзей. Гадоў 15 таму так адстойвалі Лукашэнку. За 15 гадоў людзі зразумелі, што гэта за рэжым і куды ён ідзе. Я ўжо даўно не сустракаю тых, каму трэба было даказваць, што такое Лукашэнка. А тут зноў зьявілася такая лякмусавая папера, па якой мы можам бачыць, наколькі беларускае грамадзтва падзеленае», — адзначае Дашкевіч.

Паводле ягоных слоў, кампанія «Стоп імпэрыя» — гэта, безумоўна, лякальная акцыя, з дапамогай якой можна супрацьстаяць расейскай прапагандзе толькі на вуліцах беларускіх гарадоў. Але адэкватнага мэханізму барацьбы з расейскай прапагандай, якая ідзе з экранаў тэлевізараў, сёньня няма, прызнае Дашкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG