Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кліматычныя ідэі — зь мінулага стагодзьдзя, — Леанід Заіка


Кліматычны саміт у Нью-Ёрку

Кліматычны саміт у Нью-Ёрку

Кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Мясьніковіч на кліматычным саміце ў Нью-Ёрку сёньня агучвае беларускія падыходы да праблемы забрудненьня плянэты. Гэта стымуляваньне прамыслоўцаў і інвэстараў адной краіны пры рэалізацыі канкрэтных экалягічных праектаў і кліматычных інвэстыцыяў — у іншай. Таксама Беларусь заклікае краіны сьвету адмовіцца ад спэкуляцыі паветрам праз продаж сваіх квотаў іншым дзяржавам.

23 верасьня ў Нью-Ёрку з ініцыятывы генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна праходзіць усясьветны саміт па зьмяненьні клімату. У ім удзельнічае як ніколі раней вялікая група кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў — са 125 краін.

Фармальна Беларусь у гэтай справе служыць станоўчым прыкладам для іншых. Калі многія краіны ня толькі не зьмяншаюць выкіды ў атмасфэру, а нават іх павялічваюць, то Беларусь з 1990 году скараціла гэты паказьнік на 35%.

«Асноўнае скарачэньне адбылося на пачатку 90-х гадоў пасьля распаду Савецкага Саюзу», — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Можна ўявіць тую сытуацыю. З магчымых 30 мільёнаў тон нафты мы перапрацоўвалі толькі 8 мільёнаў, гэта амаль у чатыры разы меней. Угнаеньні былі такія дарагія, што калгасы прадавалі іх у суседнюю Польшчу, а самі нічога ня ўносілі ў глебу. Падобнае было і ў іншых галінах. Таму тут нейкіх асаблівых цудаў няма».

У справах экалёгіі Беларусь па-ранейшаму застаецца ў савецкім часе. Яна выступае з рознымі ўсясьветнымі ініцыятывамі, робіць з гэтага многа шуму. А было б нашмат карысьней скарыстаць практычны досьвед ЗША, — падкрэсьлівае Леанід Заіка:

«Мы як маленькая краіна знайшлі нейкую вялікую тэму. Але гэтая тэма — з ідэяў мінулага стагодзьдзя. Цяпер кожная краіна вырашае праблемы забрудненьня самастойна. Возьмем, напрыклад, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Яны ставяцца да праблемаў ня так, як мы. У іх была нацыянальная праграма „Чыстае паветра“. Цяпер паветра ў гарадах ЗША чыстае. У іх была нацыянальная праграма „Чыстая вада“. А я, калі ў сябе дома ў цэнтры Менску па вуліцы Маскоўскай адкручваю кран, дык там ёсьць усё: жалеза, цынк, усё што заўгодна. І вада цячэ рудая, як кава. Дык вось і рабіце канкрэтныя рэчы, а ня марце пра гандаль нейкімі завоблачнымі ваўчарамі».

Пра дрэнную якасьць вады ў некаторых раёнах Менску гаворыць і эколяг Юрась Меляшкевіч:

Юрась Меляшкевіч

Юрась Меляшкевіч

«Амаль палова Менску атрымлівае ваду з адкрытай крыніцы, зь Менска-Вілейскай воднай сыстэмы праз вадасховішча Крылова. Гэтая вада ў параўнаньні з артэзіянскай вельмі кепская, яна ўтрымлівае даволі вялікую долю хлёру. Колькасьць арганічных злучэньняў у гэтай вадзе падрастае. Агульная забруджанасьць вады, якая трапляе ў вадасховішча, расьце. А сыстэмы ачысткі, якія цяпер ёсьць на ачышчальнай водаправоднай станцыі, недастатковыя, каб прыводзіць ваду ў належныя кандыцыі».

Пра новыя падыходы да праблемаў экалёгіі кажа і эканаміст Міхась Залескі. Ён таксама называе сёньняшнія беларускія ініцыятывы састарэлымі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Але што яны дадуць? Ня будуць краіны гандляваць квотамі. Гэта добра. Будзем мы заахвочваць замежных інвэстараў. Таксама добра. Але ўсё гэта не кардынальна.

Трэба заахвочваць менш спажываць. Парадаксальная склалася сытуацыя. Павінны быць праграмы скарачэньня нараджальнасьці. Праграмы ашчаджэньня ўсяго, што ёсьць на зямлі. Праграмы скарачэньня спажываньня. Таму што на зямлі ўжо сем мільярдаў чалавек. Калі б кожны кітаец пачаў зьядаць столькі яек, колькі кожны беларус, то спатрэбілася б столькі курэй, пракарміць якіх можна было б збожжам, якое дае ўся Аўстралія. А калі кожны індус будзе зьядаць столькі мяса, колькі кожны беларус (ня кажучы ўжо пра амэрыканца, які 125 кіляграмаў на год зьядае), то ўся зямля каровамі пакрыецца».

Нью-ёрскі саміт павінен падштурхнуць і паскорыць выпрацоўку новага ўсясьветнага кліматычнага пагадненьня. Яно заменіць Кіёцкі пратакол. На думку экспэртаў ААН, такі дакумэнт можна будзе падпісаць напрыканцы 2015 году.

Кіёцкі пратакол — міжнароднае пагадненьне, якое прадугледжвае скарачэньне выкідаў шкодных прамысловых газаў у атмасфэру. Яно падпісана ў 1997 годзе ў японскім горадзе Кіёта. Дакумэнт падтрымалі прадстаўнікі звыш 160 краін. Пратакол дазваляе дзяржавам, чые выкіды ў атмасфэру меншыя за ўсталяваны для іх парог, прадаваць частку сваіх квотаў іншым дзяржавам.

XS
SM
MD
LG