Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка экс-дырэктара «Барысаўдрэва»: Пасьля арышту мужа ў нашых дзяцей дзяцінства няма


Судзяць экс-дырэктара «Барысаўдрэва»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:29 0:00
Наўпроставы лінк

Судзяць экс-дырэктара «Барысаўдрэва»

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над былым генэральным дырэктарам аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімерам Мальцавым, якога абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай з нанясеньнем асабліва вялікіх стратаў.

Працэс над Мальцавым вядзе судзьдзя Менскага абласнога суду Валянцін Вердыш, абвінавачваньне падтрымлівае пракурор Алена Філовіч, абараняе адвакат Дзьмітры Гарачка. Паводле сьледзтва, Уладзімер Мальцаў нанёс дзяржаве стратаў больш як на 18 мільярдаў рублёў. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Уладзімер Мальцаў разам з адвакатам з Дзьмітрыем Гарачкам
Уладзімер Мальцаў разам з адвакатам з Дзьмітрыем Гарачкам

Абвінавачваньне складаецца з двух эпізодаў. Першы тычыцца закупу і мантажу для прадпрыемства двух паравых катлоў турэцкай фірмы. Мальцаў нібыта незаконным чынам забясьпечыў перамогу гэтай фірмы ў тэндэры на пастаўку катлоў, хоць была альтэрнатыва ў выглядзе амэрыканскага ці італьянскага пастаўшчыка. Потым, паводле сьледзтва, туркі несвоечасова прадставілі дакумэнтацыю, спазьніліся з пастаўкай катлоў, ды яшчэ і ня мелі дазволу на мантаж абсталяваньня.

Уладзімер Мальцаў, паводле сьледзтва, іх нібыта пакрываў і ўсяляк лабіраваў іхнія інтарэсы. Рабіў ён гэта, як лічыць сьледзтва, дзеля «кар’ерных меркаваньняў», пры гэтым «дзейнічаў насуперак эканамічнай мэтазгоднасьці». У выніку, паводле сьледзтва, былі сарваныя тэрміны мадэрнізацыі «Барысаўдрэва», якія прызначыў урад і асабіста Аляксандар Лукашэнка, а прадпрыемства панесла стратаў больш як на 16 мільярдаў рублёў. Прыкладна такая ж фабула паўтарылася і ў эпізодзе зь лініяй для сушкі запалкавай саломкі, якую Мальцаў вырашыў набыць у швэдзкай фірмы. Гэтаксама, паводле сьледзтва, адбылася затрымка, плаціць за мантаж абсталяваньня давялося двойчы, прадпрыемства панесла стратаў на 1,5 мільярда рублёў. Пракурор Філовіч паведаміла суду, што віну Мальцава даводзяць сьведкі, а таксама сабраныя сьледзтвам дакумэнты і заключэньні экспэртаў.

А як сам Уладзімер Мальцаў паставіўся да выстаўленых яму абвінавачаньняў? Вось што былы гендырэктар заявіў з лавы падсудных, якая разьмешчаная ў жалезнай клетцы:

«Віну не прызнаю. Намеру ці іншай зацікаўленасьці ў мяне не было», — сказаў Уладзімер Мальцаў. Ён патлумачыў, што разумее выстаўленае яму абвінавачаньне цалкам, акрамя адной фразы:

«Незразумела адзіная фраза, якая часта ўжываецца ў абвінавачаньні. Да сьледчага зьвярталіся па тлумачэньні, у Крымінальным кодэксе расшыфроўкі гэтай фразы няма. Гэта словы „які выявіўся ў эгаістычным паразытаваньні службовымі паўнамоцтвамі“. Што гэтая фраза азначае, мне незразумела».

Суд пастанавіў пачынаць судовае сьледзтва з допыту сьведак і перанёс паседжаньне на заўтра, 24 верасьня.

Адвакат ад камэнтароў адмовіўся і параіў сваякам абвінавачанага Мальцава таксама нічога не казаць журналістам пра справу. Жонка Мальцава Алена паведаміла, што муж да апошняга дня на волі стараўся працаваць гэтак, каб вырашыць праблемы прадпрыемства як мага хутчэй:

Алена Мальцава разам з бацькам, які ня можа стрымліваць слёз
Алена Мальцава разам з бацькам, які ня можа стрымліваць слёз

«Да самага апошняга дня, да арышту, ён быў на працы ўключна з усімі выходнымі і сьвятамі, да гадзіны 10–11 вечара. За гэтыя два гады я мужа практычна ня бачыла. Ён ня верыў да апошняга, што яго арыштуюць. Быў перакананы, што ўсё рабіў дакладна, рабіў дзеля дабра нашай краіны. Ён быў вельмі далёкі ад паказушнасьці, ад кар’ерызму. І цяпер ён такі. Ён патрыёт. Быў перакананы, што падымае свой завод з каленяў».

Алена Мальцава распавяла, што яе мужа ўтрымліваюць у ізалятары на Валадарскага, на ўмовы ён ня скардзіцца. У Мальцава ёсьць праблемы са здароўем, але дактары на «Валадарцы», паводле жонкі экс-дырэктара, аказваюць неабходную дапамогу. За час зьняволеньня на «Валадарцы» ў іх было 6–7 спатканьняў. У іх з мужам двое дзяцей, сыну 5 год, а дачцэ 13.

«Яна ўжо ўсё разумее, гэта вялікі ўдар для ўсіх. Зразумела, што дзяцінства для дзяцей ужо няма», — сказала Алена Мальцава.

На суд прыйшлі таксама бацька, маці і браты абвінавачанага. Бацька не хаваў сьлёз. Працэсам зацікавіліся журналісты недзяржаўных мэдыяў ды першы і другі каналы дзяржаўнага тэлебачаньня. Калі вырашалася пытаньне пра дазвол на здымкі падчас працэсу, Мальцаў выказаў меркаваньне, што тэлевізія будзе скажаць падзеі. Здымкі ў судзе забаранілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG