Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй распачаў дванаццаты «падпольны» сэзон


Лінейка на фоне былой альма-матэр

Лінейка на фоне былой альма-матэр

Новы навучальны год распачаўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Гэта ўжо дванаццаты сэзон, які калектыў ладзіць ва ўмовах «партызанскай школы» — у 2003 годзе Міністэрства адукацыі зьліквідавала навучальную ўстанову з ідэалягічных матываў.

Адзін з заснавальнікаў і нязьменны кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас кажа, што чарговы год не прынёс нічога новага: спадзяваньняў на легалізацыю на радзіме няма, а значыць, спасьцігаць навукі і далей давядзецца ў падпольлі:

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Ну які тут можа быць „прасьвет“? Мы ўжо прызвычаіліся да гэтага стану і ня думаем, што нешта памяняецца, калі ня будзе нейкіх глябальных пераменаў ва ўладных структурах. Таму гэты стан мы лічым абсалютна нармальным у такой сытуацыі. Дый увогуле, напэўна, было б непрыстойна неяк паляпшаць свае ўмовы на фоне таго, што робіцца навокал».

Калісьці конкурс у Коласаўскі ліцэй быў параўнальны з самымі прэстыжнымі факультэтамі ВНУ, установа ў кароткі тэрмін стала флягманам перадунівэрсытэцкай адукацыі на беларускай мове. На пачатку 1990-х не бяз цяжкасьцяў, але ўдалося прыдбаць добры будынак на вуліцы Кірава. Цяпер там суд Цэнтральнага раёну Менску, празь які, па іроніі лёсу, прайшлі ў тым ліку і некаторыя былыя ліцэісты.

А калі пасьля фактычнага зьнішчэньня ліцэю перад выкладчыкамі паўстала пэрспэктыва апынуцца на вуліцы без гарантыяў працаўладкаваньня, было прынятае рашэньне не капітуляваць. Заняткі ў офісах партыяў і арганізацыяў, на найманых кватэрах і ў катэджах не адбілі ахвоты працягваць справу, пачатую на мяжы 1980–90-х.

Як адзначае спадар Колас, цешыць, што за 10 прамінулых гадоў цікавасьць да ліцэю ня толькі ня зьменшылася, а наадварот, мае ўстойлівую тэндэнцыю да росту. Многія выпускнікі паступілі і ўжо адвучыліся ў каледжах і ВНУ Армэніі, Босьніі і Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, ЗША, Індыі, Італіі, Літвы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Польшчы, Сынгапуру і г.д.:

«Так, што нас зьдзівіла і парадавала адначасова, гэта значна большая колькасьць ахвотных вучыцца ў ліцэі і ўвогуле прыкметна большая ўвага да нашай справы з боку самых розных людзей. У прынцыпе, мы набываем усё большую папулярнасьць — прычым ня проста як навучальная ўстанова, вабяць людзей самі па сабе пытаньні беларускай мовы, нашай гісторыі, тоеснасьці, гэтыя моманты зноў выклікаюць хвалю цікавасьці. Нас гэта, зразумела, радуе, бо выяўляецца ў колькасьці тых, хто жадае да нас паступіць, вучыцца па нашых праграмах. Хачу сказаць, што вельмі добрыя сёлета дзеці прыйшлі, так што ўсё добра».

Бел-чырвона-белы сьцяг у каледжы армянскага Дыліжану

Бел-чырвона-белы сьцяг у каледжы армянскага Дыліжану

Традыцыйна акліматызацыя ліцэйскіх навічкоў пачынаецца падчас выязной летняй сэсіі за межамі Беларусі. Прычым, як удакладняе Ўладзімер Колас, сёлета да традыцыйнага навучальна-экскурсійнага падарожжа ў Польшчу дадалася яшчэ і Ўкраіна:

«Летняя школа была надзвычай цікавая, вельмі насычаную праграму арганізавалі нашы калегі з Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі. Як заўсёды, добрыя азнаямленчыя экскурсіі былі ў гістарычны музэй, у мастацкую галерэю, у музэй габрэйскай культуры, у каралеўскі палац. Таксама былі выбітныя сустрэчы: зь першай лэдзі Польшчы пані Камароўскай, жонкай прэзыдэнта Камароўскага, пасьля вузкім колам нават пабывалі на імпрэзе, дзе павіталіся з самім прэзыдэнтам. Таксама была сустрэча ў канцылярыі прэм’ера зь яе загадчыкам. І ўжо зусім нечаканым пунктам праграмы была вандроўка ў Львоў».

17 выпускнікоў узору 2014 году Беларускі гуманітарны ліцэй

17 выпускнікоў узору 2014 году Беларускі гуманітарны ліцэй

Спадар Колас не хавае, што нават спакойны Львоў выклікаў трывогу ў многіх бацькоў ліцэістаў. Аднак арганізатары запэўнілі, што бяруць на сябе ўсю адказнасьць за бясьпеку дзяцей і выкладчыкаў:

«Шчыра скажу: калі абмяркоўваліся пэрспэктывы такой вандроўкі, прынята гэта было далёка не без ваганьняў, многія бацькі баяліся выпраўляць дзяцей у краіну, дзе, як яны казалі, ідуць ваенныя дзеяньні. Кіраўніцтва ліцэю таксама да апошняга вагалася, але польскія сябры запэўнілі, што ў Львове ўсё спакойна, што яны самі ня раз туды наведваліся, што гарантуюць нам бясьпеку і калі сытуацыя раптам будзе мяняцца, безумоўна, такая паездка не адбудзецца. Паездка ўсё ж адбылася, і ўражаньні ад яе самыя лепшыя. Гэта цудоўная краіна, цудоўны народ, які кансалідаваўся ў барацьбе за адстойваньне сваёй незалежнасьці. Мы там не адчулі ніякай ксэнафобіі, ня бачылі ніякага экстрэмізму; людзі жадаюць спакойна жыць у сваёй дзяржаве, будаваць сваю будучыню. А тое, што мы там былі, гэта таксама сьведчаньне і нашай салідарнасьці ў справе нашых сяброў. Былі завязаныя цікавыя кантакты, якія, хочацца верыць, будуць працягвацца. Дзеці, зразумела, пераказалі свае ўражаньні бацькам, і гэта таксама важна, бо разбурае стэрэатыпы, якія будуюцца прапагандай нашага ўсходняга суседа».

Некалькі гадоў таму Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа здолеў часткова легалізавацца. Праўда, дзякуючы зусім не беларускім уладам, а польскім партнэрам — пры Гданьскай міжнароднай школе на дадатак да ангельскага аддзяленьня запрацавала беларускае. Дзякуючы гэтаму выпускнікі ліцэю маюць магчымасьць атрымаць дакумэнт аб адукацыі польскага ўзору, што дае права на паступленьне ў любую эўрапейскую ВНУ. У сваю чаргу, польскія дакумэнты аб адукацыі дазваляюць падавацца ў навучальныя ўстановы па ўсёй Беларусі.

Замест ліцэю – суд

Замест ліцэю – суд

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG