Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Галко: «Зноў прыехаў ва Ўкраіну — дагледзець сюжэт да канца»


Зьміцер Галко
Зьміцер Галко

Карэспандэнт тыднёвіка «Новы час» Зьміцер Галко зноў выправіўся ва Ўкраіну.

З сакавіка па чэрвень Зьміцер Галко езьдзіў па гарачых кропках Украіны роўна 90 сутак. За гэты час журналіст наведаў Данецк, Днепрапятроўск, Адэсу, Хэрсон, Жытомір, Наваград-Валынскі, Кіеў, Харкаў, Луганск, Марыюпаль, а таксама шматлікія малыя гарадкі на Данеччыне. Тады ён напісаў для «Новага часу» 23 матэрыялы. Да таго ж было багата інтэрвію, якіх ён нават не лічыў — Радыё Свабода, «Украінскай праўдзе», «Гардону», іншым выданьням.

Цяпер Зьміцер Галко ў Марыюпалі.

— Зьміцер, што пацягнула зноў ва Ўкраіну, няўжо не хапіла ўражаньняў за тыя 90 дзён?

— Мы ж фільм глядзім да канца, альбо кнігу дачытваем? Калі я зьехаў апошнім разам з Украіны, здавалася, што там ужо хутка канец драматычным падзеям, а на самой справе гэта быў толькі пачатак. І цяпер яшчэ далёка не фінал. Так што прыехаў ва Ўкраіну дагледзець сюжэт да канца.

— Арганізаваць паездку ва Ўкраіну цяпер даволі цяжка — трэба ж недзе жыць, езьдзіць, перасоўвацца. Як вырашаліся арганізацыйныя пытаньні?

— Паводле той схемы, ранейшай — вельмі дапамаглі сябры. Хоць, напэўна, гэтым разам такой вялікай вандроўкі, напэўна, не атрымаецца — на 3 месяцы. Але, тым ня менш, на месяц я разьлічваю.

— На ваш погляд, што зьмянілася ва Ўкраіне? Вы не былі там 3 месяцы, што заўважылі?

— Проста патрыятычны фантан у Кіеве, па-першае. Неверагодная колькасьць жоўта-блакітных сьцягоў! Прычым відавочна, што іх не разьвешваюць улады, як звычайна, на слупах і адміністратыўных будынках. А вывешваюць простыя грамадзяне ў звычайных шматпавярховіках. Іх там проста мора, безьліч — у звычайных спальных раёнах.

Вельмі зьмяніўся Харкаў. Сілы самаабароны цяпер занялі цэнтральную плошчу. Там ёсьць такі своеасаблівы майданчык, дзе ідзе збор сродкаў, рэчаў для вайскоўцаў. Часам адбываюцца такія трэніроўкі, вучаць ахвотных зьбіраць і разьбіраць аўтамат, кулямёт. Там жа рыхтуюць людзей для ўмацаваньня мяжы, зьбіраюць атрады. Я таксама запісаўся, можа, яшчэ ўдасца зьезьдзіць. Так што грамадзкасьць займаецца ўмацаваньнем харкаўскай мяжы, стварае партызанскія атрады, забясьпечвае іх таксама для аховы Харкава. Ну, і жоўта-блакітных колераў у Харкаве стала таксама вельмі шмат.

Што тычыцца Марыюпаля — я цяпер там знаходжуся, і, дарэчы, у гэтыя хвіліны назіраю за трэніроўкай атрадаў самаабароны. Яны трэніруюцца на беразе мора, у патаемным месцы, рыхтуюцца абараняць свой горад. Бо, як мне сказаў кіраўнік гэтай самаабароны, «у адрозьненьне ад „чакаляднага“ прэзыдэнта, я ні з кім ні пра што не дамаўляўся і я свой горад, сваю зямлю здаць не дазволю».

Я з Харкава паехаў у горад Старабельск, хацеў там наведаць батальён «Айдар», быў побач. Дарога на аўтобусе прыкладна 6 гадзін займае, і прайшоў я 7 блёк-пастоў, прычым праверка не такая, як было раней, а досыць сур’ёзная. Мяне як грамадзяніна Беларусі трымалі пад падазрэньнем, аглядалі асабліва пільна, часта выводзілі, дадаткова правяралі. Бачыў я цягам паездкі чараду танкаў, цэлыя вязуць на ўсход, падбітыя — назад, паўсюль вайскоўцы, патрулююць верталёты, абстаноўка вельмі ваенная. Нават у Марыюпалі так не адчуваецца, а там, на Луганшчыне — вельмі моцна.

— А ў Марыюпалі працуюць школы, крамы? Як жывуць наагул людзі?

— Вонкава — усё нармальна, спакойна. Школьнікі вяртаюцца з заняткаў, нейкія падлеткі на роварах скачуць па фантанах — такія ў іх практыкаваньні. У Марыюпалі стану вайны я не заўважыў. Працуюць начныя клюбы, у крамах ёсьць усё. Нават у кулінарыі заўважыў жульен з курыцай і грыбамі ў тарталетках і пірожныя «Амур». Ёсьць усё, абсалютна ўсё. Часам узьнікаюць праблемы з выдачай грошай з банкаматаў (сам гэтым не карыстаўся, але ведаю ад знаёмых). Бадай, гэта адзіная праблема. Вайскоўцаў за гэтыя пару дзён бачыў значна менш, чым калі мінулым разам я быў у Данецку, акупаваным ДНРаўцамі.

— Зьміцер, а зьбіраецеся ў Данецк, у Луганск, у гарачыя дагэтуль кропкі?

— Не, не, не зьбіраюся. Я разумею ўсю рызыку, не атрымаецца ў мяне выйсьці адтуль «сухім» — з той мутнай вады. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, таму нават і рызыкаваць ня буду. Я буду тут, таксама на перадавой, але не на самай перадавой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG