Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія хоча ў Мытны саюз


Армянскае кіраўніцтва выступае за мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў Данбасе і рыхтуецца далучыцца да Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану.

Пра гэта заявіў сёньня амбасадар Армэніі ў Беларусі Армэн Хачатран. У прыватнасьці, ён сказаў:

«Для мяне пытаньне аб Украіне, можна сказаць, асабістае пытаньне. Я шэсьць з паловай гадоў працаваў амбасадарам Армэніі ва Ўкраіне і ведаю вельмі многіх палітычных пэрсонаў у гэтай краіне. Мы выступалі за мірнае ўрэгуляваньне, за дыпляматычнае рашэньне гэтага канфлікту.

Шчыра кажучы, мне незразумела, як можна страляць у сваіх. Ні з аднаго боку, ні з другога. Калі насельніцтва Ўкраіны арыентуецца на эўрапейскія каштоўнасьці, дык гэта, як кажуць, „на здароўе“: будуйце эўрапейскія дарогі, стварайце эўрапейскія вокны, рашайце інстытуцыянальныя праблемы па-эўрапейску, але спрабуйце гэта зрабіць мірна.

Украіна — найбагацейшая краіна, у яе ёсьць усё. І мне, як чалавеку, які працаваў у гэтай краіне, вельмі хочацца, каб гэтая краіна вырашыла ўсё мірным шляхам і пайшла наперад».

Амбасадар Армэніі таксама сказаў, што ён станоўча ставіцца да ролі Беларусі, якая дала магчымасьць весьці мірныя перамовы і такім чынам робіць свой важкі ўнёсак у справу станаўленьня міру і ўзаемаразуменьня.

Амбасадар Армэніі паведаміў, што яго краіна «самым бліжэйшым часам мае намер далучыцца да Мытнага саюзу». На просьбу ўдакладніць, калі гэта канкрэтна можа адбыцца, Армэн Хачатран адказаў:

«Цяпер ідзе завяршальная стадыя гэтага працэсу. Я не хацеў бы называць канкрэтны час, але ў бліжэйшай будучыні мы спадзяёмся падпісаць дамову аб уваходжаньні Армэніі ў Мытны саюз».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG