Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь ашчаджае атмасфэру, але раскідвае сьмецьце


Марш супраць зьмяненьня клімату ў Нью-Ёрку, 21 верасьня

Марш супраць зьмяненьня клімату ў Нью-Ёрку, 21 верасьня

23 верасьня ў Нью-Ёрку з ініцыятывы генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна пройдзе ўсясьветны саміт па зьмяненьні клімату. Беларусь будзе заклікаць краіны сьвету адмовіцца ад спэкуляцыі паветрам.

23 верасьня ў Нью-Ёрку з ініцыятывы генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна пройдзе ўсясьветны саміт па зьмяненьні клімату. Пра свой намер удзельнічаць у ім заявіла як ніколі раней вялікая група кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў — са 115 краін. Беларускую дэлегацыю ачольвае старшыня Савету міністраў Міхаіл Мясьніковіч.

Прыгожая мара эколягаў сьвету — да 2050 году напалову зьменшыць выкіды парніковых газаў ад роўня 1990 году. Беларусь у гэтым пляне сярод сусьветных лідэраў. Першы намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ія Малкіна перад адлётам у Нью-Ёрк заявіла:

«У рамках добраахвотных абавязкаў, якія мы ўзялі на сябе, Беларусь параўнальна з 1990 годам ужо скараціла свае выкіды на 35%. Практычна на сёньняшні дзень мы зьяўляемся лёгкімі Эўропы. Гэта ні для кога не сакрэт. Мы ашчадна ставімся да свайго нацыянальнага багацьця. Гэта — лясы і балоты».

«Беларусь сапраўды знаходзіцца на высокіх пазыцыях у барацьбе з парніковымі выкідамі», — адзначае ў размове са Свабодай загадчык навукова-дасьледчай лябараторыі экалёгіі і ляндшафту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Валянцін Яцухна:

«Мы за апошнія гады зьменшылі выкіды забруджвальных рэчываў. У першую чаргу гэта зьвязана з паляпшэньнем тэхналягічных працэсаў, бо выкіды галоўным чынам адбываюцца за кошт прамысловасьці і энэргетыкі.

І ў меншай ступені гэта тычыцца скідаў вуглякіслага газу зь сельскагаспадарчых і лясных тэрыторыяў».

Коміны ЦЭЦ у Менску, архіўнае фота

Коміны ЦЭЦ у Менску, архіўнае фота

Ія Малкіна паведаміла, што ў Нью-Ёрку кіраўнік беларускага ўраду агучыць новыя падыходы да эканамічных стымулаў, якія ўжо ёсьць у Кіёцкім пратаколе. Найперш гэта стымуляваньне прамыслоўцаў і інвэстараў адной краіны пры рэалізацыі канкрэтных экалягічных праектаў і кліматычных інвэстыцыяў — у іншай. Таксама Беларусь будзе заклікаць краіны сьвету адмовіцца ад спэкуляцыі паветрам. І гэта будзе добры прыклад для ўсяго сьвету.

«Любая ініцыятыва на карысьць прыроды — добрая», — адзначае эканаміст Міхась Залескі:

Сярэдняя менская сям’я дае 300 кіляграмаў сьмецьця з адной кватэры, неразбуральнага сьмецьця

«Але што значыць „ва ўсім сьвеце?“ Мы ж жывем тут, а не ва ўсім сьвеце. Каб яно запрацавала, трэба, каб кошт прыродных рэсурсаў быў вызначаны правільна. Яны павінны разглядацца як тыя, што практычна не аднаўляюцца. Пакуль падыход такі — не аднаўляюцца калійная соль, вугаль, яшчэ некаторыя рэчывы, якія людзі здабываюць і перапрацоўваюць.

А паглядзіце на ўсё засьмечанае ў нас, пачынаючы ад радыяцыі і заканчваючы плястыкавымі бутэлькамі. Гэта ж таксама — неадноўныя страты. Сярэдняя менская сям’я дае 300 кіляграмаў сьмецьця з адной кватэры, неразбуральнага сьмецьця. Вось такія тут нюансы».

Нью-ёрскі саміт павінен падштурхнуць і паскорыць выпрацоўку новага ўсясьветнага кліматычнага пагадненьня. Яно заменіць Кіёцкі пратакол. На думку экспэртаў ААН, такі дакумэнт можна будзе падпісаць напрыканцы 2015 году.

Кіёцкі пратакол — міжнароднае пагадненьне, якое прадугледжвае скарачэньне выкідаў шкодных прамысловых газаў у атмасфэру. Яно падпісана ў 1997 годзе ў японскім горадзе Кіёта. Дакумэнт падтрымалі прадстаўнікі звыш 160 краін.

Пратакол дазваляе дзяржавам, чые выкіды ў атмасфэру меншыя за ўсталяваны для іх парог, прадаваць частку сваіх квотаў іншым дзяржавам.

XS
SM
MD
LG