Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: «З-за санкцыйнай вайны будзем без каўбасы і сала»


«Ці паўплывала якім-небудзь чынам санкцыйная вайна паміж Захадам і Расеяй на сытуацыю ў Беларусі? Ці адчулі вы гэта на сабе? Гэтыя пытаньні выпадковым мінакам на менскіх вуліцах задавала Галіна Абакунчык.

Спадарыня «Пастараюцца выкарыстаць гэты момант, пастараецца зарабіць на гэтым болей грошай наш урад — хто ж яшчэ? А для нас, я думаю, нічога істотна ня зьменіцца».

Юнак: «Мне складана сказаць: у нас усё суб’ектыўна, а аб’ектыўна ня можа быць аніяк. Пакуль я гэтага ніяк не адчуваю, але мяркую, што нейкім чынам гэта можа здарыцца».

Спадарыня сярэдняга веку: «На сабе не адчула нічога, але думаю, што для Беларусі гэта магчымасьць больш адправіць у Расею прадуктаў харчаваньня. Думаю, што ў Беларусі дастаткова тавараў і для сябе, і для Расеі таксама. Ніколі ў жыцьці мы не зьбяднеем, але лепш не было б ніякіх санкцый і ўсе б жылі спакойна».

Юнак: «Пэўна, так — больш тавараў у Расею будзе ісьці, асабліва прадуктаў харчаваньня».

Спадарыня старэйшага веку: «Я гэтага баюся і не хачу. Але пакуль санкцыі тычацца толькі Расеі, то ў Беларусі ёсьць шанец перакінуць свае тавары ў Расею. Гэта добра, бо нам патрэбныя рынкі».

Спадар сярэдняга веку: «Думаю, што так: хутка ў нас ня будзе каўбасы і сала і ўсяго астатняга — усё будзе ў Расеі. Некаторыя, хто возіць прадукты харчаваньня з Польшчы і Нарвэгіі і прадае ў Расеі...».

Спадарыня маладога веку: «Ну, я думаю, што для Беларусі будзе такі плюс, што больш стане якасных прадуктаў харчаваньня. Да прыкладу, я зь Берасьця, і ў нас у горадзе зьявілася польскае малако — раней яго ніколі не вазілі. Гэта па-першае, а па-другое — у гэтай складанай сытуацыі ў Беларусі зьявілася магчымасьць палепшыць адносіны і з Расеяй, і з Эўразьвязам».

Спадар маладога веку: «Думаю, што адмоўна паўплывае на Беларусь — ужо бачыў на Камароўцы лімоны па 50 тысяч. На сабе адчуў уплыў хутчэй маральны — страшна гэта ўсё».

Юначка: «Для Беларусі адзіны момант — магчыма, да нас будзе танная садавіна трапляць. А так нічога дрэннага — наадварот, ад Эўразьвязу нашай краіне цяпер толькі плюсы адны».

Спадар: «Пакуль ня дужа адчуў, але думаю, што адчую — на сваім кашальку».

XS
SM
MD
LG