Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: пытаньне пра адзіную візу абмяркоўваецца зь Менскам


Масква і Менск абмяркоўваюць пытаньне пра ўвядзеньне адзінай уязной візы, хоць перамовы па канкрэтным праекце пакуль не пачыналіся.

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары Міністэрства замежных спраў Расеі ад 22 верасьня.

«Ва ўмовах адсутнасьці памежнага кантролю ўвядзеньне адзінай візы бачыцца цалкам лягічным крокам. Але штучна фарсіраваць падрыхтоўку адпаведнага двухбаковага дакумэнта ні ў Расеі, ні ў Беларусі не настроеныя — фармулёўкі будучага пагадненьня павінны быць адточаныя настолькі, каб яго рэалізацыя не стварала праблем добрапрыстойным падарожнікам. Акрамя таго, спатрэбіцца ацэнка тых выдаткаў, якія непазьбежна пацягне за сабой фармаваньне адзінай візавай прасторы», — паведамляе расейскі МЗС.

11 верасьня прадстаўнік беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык заявіў, што Менск і Масква не вядуць перамоваў аб увядзеньні адзінай візы для наведваньня «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

Раней дзяржсакратар «Саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота заявіў на бізнэс-саміце ў Ніжнім Ноўгарадзе, што Менск і Масква рыхтуюцца ўвесьці аналяг шэнгенскай візы і што кансультацыі ў МЗС дзьвюх краін у гэтым пытаньні ўжо праведзеныя.

Паводле прадстаўніка беларускага МЗС, новыя расейска-беларускія перамовы ў гэтым пытаньні не вядуцца.

XS
SM
MD
LG