Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыя і разьвіцьцё, або чарговае праяданьне крэдытаў?


Сёньня пачынаецца візыт у Беларусь дэлегацыі Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. У межах візыту чыноўнікі наведаюць Смаргонь, Фаніпаль, Баранавічы, а ў Менску сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускага ўраду, кіраўніцтвам Нацыянальнага банку ды іншымі партнэрамі.

Выглядае, што беларускія ўлады абвясьцілі верасень месяцам інвэстыцыяў. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка прымаў высокіх прадстаўнікоў Сусьветнага банку і параіў ім «не баяцца Беларусі». А міністар эканомікі Мікалай Снапкоў абвясьціў, што Беларусь чакае ад Сусьветнага банку 40 мільёнаў эўра на падтрымку прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу.

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч сёньня прысутнічае на адкрыцьці першага Беларуска-амэрыканскага інвэстыцыйнага форуму ў Нью-Ёрку. І, відавочна, спадзяецца на амэрыканскія грошы.

А ў Беларусь сёньня ўвечары прыбывае дэлегацыя ў складзе дзесяці чыноўнікаў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

ЭБРР — буйны інвэстар у Беларусь, паводле стану на 1 верасьня ён выдзеліў нашай краіне крэдытаў на паўтара мільярда эўра. Агулам банк падтрымлівае ў рэспубліцы 66 праектаў.

Прэс-сакратар ЭБРР Антон Вусаў адзначае, што банк значна актывізаваў сваю дзейнасьць у Беларусі за апошнія пяць гадоў:

«Банк больш сродкаў укладае ў прыватны сэктар, пачаліся інвэстыцыі ў муніцыпальныя прадпрыемствы. Так што пры добрым балянсе дыялёгу з уладай, пры добрай інвэстыцыйнай сытуацыі ўсё гэта будзе адлюстроўвацца на дзейнасьці ЭБРР. У стратэгіі банку для Беларусі прапісаныя рэчы, якія мы б хацелі, каб адбываліся ў краіне. Калі акцыянэры будуць бачыць прагрэс у гэтым кірунку, можна гаварыць пра актывізацыю супрацоўніцтва».

У праграме дэлегацыі заплянаваныя сустрэчы з прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам, віцэ-прэм’ерам Віктарам Сямашкам, кіраўніцтвам Нацыянальнага банку і беларускімі банкамі, якія выступаюць у праектах як контрагенты. Аднак пакуль няма пэўнасьці, што адбудуцца ўсе заплянаваныя сустрэчы.

Дэлегацыя таксама наведае прадпрыемствы, якія маюць інвэстыцыі ад ЭБРР. Гэта прадпрыемства па вырабе адзеньня «Марк Формэль», «Водаканал» у Баранавічах, «Штадлер» па вытворчасьці рухомага саставу ў Дзяржынску.

Антон Вусаў сьцьвярджае, што праблемнай запазычанасьці ў банку няма:

«Праекты ў прыватным сэктары, якія падтрымлівае ЭБРР, рэалізуюцца ў звычайным рэжыме. Аднак яшчэ рана гаварыць пра праекты як пра факт, які адбыўся, паколькі ЭБРР выдзяляе сродкі на доўгатэрміновай аснове. Для прадпрыемстваў прыватнага сэктару гэтае супрацоўніцтва вельмі добрае, і спадзяёмся на тое, што яно будзе добрым і надалей».

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ўлады Беларусі могуць выкарыстоўваць добрую рэпутацыю ЭБРР у сваіх мэтах, але насамрэч неахвотна рэагуюць на рэкамэндаваныя банкам рэформы:

Гэта выгадна для беларускай улады, бо гэта яшчэ адна крыніца грошай

«ЭБРР — структура, створаная на пачатку 90-х, каб дапамагаць краінам праводзіць сыстэмныя рынкавыя рэформы. Яны зрабілі шмат тэарэтычнай працы, зрабілі нават індыкатар пераходу ад плянавай эканомікі савецкага тыпу да рынку. Беларусь стандартна адна з трох краінаў, якія найгорш з 33 краінаў рэгіёну па гэтым індыкатары пераходу выглядаюць. Чыноўнікі ёсьць чыноўнікі, яны б таксама хацелі нешта рабіць у эканоміцы і падтрымліваць разьвіцьцё прыватнага сэктару. Прыватны сэктар у эканоміцы вельмі небуйны, таму ЭБРР нават вырашыў зрабіць тое, чаго ня робяць у іншых краінах — працаваць зь дзяржаўнымі банкамі, каб празь іх фінансаваць розныя праекты. У параўнаньні з тым, якія грошы атрымліваюць Расея, Украіна, Казахстан, тут значна сьціплейшыя паказчыкі. Але той факт, што яны тут працуюць і прадстаўляюць сваё бачаньне, — як кажуць, кропля камень точыць».

На пытаньне, як працуецца банку ў краіне з рэпутацыяй ня самай прыязнай для інвэстыцый эканомікі, Антон Вусаў адказвае надзвычай карэктна:

У Беларусі ёсьць праекты, якія заслугоўваюць увагі, і ёсьць цікавыя праекты, якія мы падтрымліваем

«Банк працуе ў краінах з нашмат больш складаным інвэстыцыйным кліматам — гэта Міжземнамор’е, краіны Блізкага Ўсходу. Таму ўсё адносна. Той факт, што банк павялічыў колькасьць праектаў, якія крэдытуюцца, кажа пра тое, што ў Беларусі ёсьць праекты, якія заслугоўваюць увагі, і ёсьць цікавыя праекты, якія мы падтрымліваем. Пакуль гэта ўсё прыватны сэктар».

Аднак, зьвяртае ўвагу Вусаў, было прынятае рашэньне падтрымліваць і муніцыпальныя прадпрыемствы. У гэтым эканаміст Раманчук бачыць нядобры знак.

Яраслаў Раманчук: «Гэта выгадна для беларускай улады, бо гэта яшчэ адна крыніца грошай. На сёньняшні дзень можна ўключыць такі інструмэнт, як гарантыі муніцыпальных уладаў, які яшчэ не выкарыстоўваўся. А з пункту гледжаньня інтарэсаў краіны — я лічу, што гэта вельмі дрэнна, бо ўзровень кампэтэнцыі і якасьці кіраваньня муніцыпальнымі прадпрыемствамі яшчэ горшы, чым прыватнымі. І калі ім пачнуць даваць грошы, то мы апынемся ў сытуацыі, калі мы крэдыты МВФ праелі, СБ праелі і будзем яшчэ праядаць крэдыты ЭБ, што пагоршыць сытуацыю са зьнешнімі пазыкамі нашай краіны. А аддаваць і так давядзецца беларусам».

Вынікі візыту дэлегацыі Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця будуць падведзеныя ў пятніцу на прэс-канфэрэнцыі.

XS
SM
MD
LG