Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Карасёў пра галубоў і ястрабаў ва ўрадзе Ўкраіны


Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

Ва Ўкраіне абмяркоўваюць вынікі пятнічнай сустрэчы ў Менску трохбаковай кантактнай групы па вырашэньні канфлікту ў Данбасе. Даць сваю ацэнку менскім дамоўленасьцям па Ўкраіне, а таксама пракамэнтаваць некаторыя выказваньні ў нядзельным інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам прэзыдэнта Парашэнкі Радыё Свабода папрасіла ўкраінскага палітоляга Вадзіма Карасёва.

— Як вы ацэньваеце вынікі апошняй менскай сустрэчы?

— Больш станоўча, чым адмоўна, таму што маленькі прагрэс хаця б у намерах ёсьць Паколькі падчас гэтай сустрэчы абмяркоўваліся рэальныя пытаньні аб спыненьні агню, пытаньні, зьвязаныя ня проста з намерам, а з рэжымам спыненьня агню і роляй тут АБСЭ, то ўсё ж такі гэта хоць і невялікі, але крок наперад.

Таму што для паўнавартаснага замірэньня, для рэжыму спыненьня агню павінны быць вызначаныя дэмілітарызаваныя зоны, павінны быць адведзеныя вайсковыя фармаваньні з абодвух бакоў. Гэта вельмі ўмоўнае, намінальнае замірэньне. Таму што ў асобных выпадках ні Парашэнка, ні Пуцін ня могуць гарантаваць спыненьня агню. Дык вось на апошняй менскай сустрэчы ў гэтым кірунку пачалі пра штосьці дамаўляцца. І цяпер будзем чакаць, ці зьменіцца хоць што-небудзь.

— Пятро Парашэнка ў нядзелю ў інтэрвію некалькім украінскім тэлеканалам выказваў даволі процілеглыя меркаваньні: «Выйграць мы можам толькі мірам», «Чым больш там будзе ўкраінскай арміі, тым больш там будзе расейскіх войскаў». І ў той жа час, паводле ягоных словаў, Украіна павінна ўзмацняць армію на той выпадак, калі — цытую — «мірны плян не спрацуе». Як стасуюцца між сабою такія выказваньні?

— Украіна і Парашэнка мусяць балянсаваць паміж вайной і мірам, імкнуцца да таго, каб забясьпечыць рэальны мір, што прадугледжвае ўсталяваньне кантролю Ўкраіны над усім Данбасам. Але, зь іншага боку, нельга выключаць і ваенных намаганьняў. Паколькі рэальны мір можа быць забясьпечаны толькі з пазыцыі дастаткова моцнай дзяржаўнасьці, якая немагчымая без аднаўленьня, адраджэньня моцнай арміі. А зараз гэта больш «ні вайны, ні міру». Пазыцыя Парашэнкі заключаецца ў тым, каб ня мір любой цаной, мір не прыніжальны, не «пахабны», не ганебны. Але, зь іншага боку, вайна да пераможнага канца сёньня таксама немагчымая.

— Ва Ўкраіне напярэдадні выбараў зьявіліся, сказам так, своеасаблівыя перадвыбарчыя намінацыі: «партыі міру» і «партыі вайны». Хто ў якія ўваходзіць, наколькі яны ўплывовыя? І ці ёсьць іншыя?

Парашэнка ня хоча раскручваць спружыну вайны, эскаляцыі, бо вельмі шмат рызыкі для прэзыдэнцкай улады

— Ёсьць партыі міру любой цаной — такі пацыфісцкі варыянт ахвярапрынашэньня, які адстойваюць аскепкі, рэшткі Партыі рэгіёнаў — таму што многім зь іх трэба захаваць свае актывы на Данбасе. Ёсьць партыі вайны — гэта больш ваенна-папулісцкія палітычныя сілы: вайна да пераможнага канца. Гэта партыі Ляшко, Грыцэнкі. І ёсьць партыі, якія не выключаюць міру, але, тым ня менш, выступаюць супраць міру любой цаной. І не выключаюць ваеннага вырашэньня канфлікту на Данбасе пры пэўных умовах. Гэта дзьве партыі ўлады: блёк Пятра Парашэнкі і партыя Кабміна Яцанюка. Больш жорсткі варыянт партыі «і вайны, і міру» — гэта Кабмін: Яцанюк, Турчынаў, Авакаў — кіроўная група адной партыі ўлады, больш «ястрабінай». І партыя ўлады Парашэнкі, менш «ястрабіная», больш «галубіная». Гэтыя «галубы» схіляюцца больш да міру, чым да вайны. Бо вайна — гэта непрадказальныя рызыкі, і ў тым ліку для ўлады Парашэнкі. Таму Парашэнка ня хоча раскручваць спружыну вайны, эскаляцыі, бо вельмі шмат рызыкі для прэзыдэнцкай улады. Яна і так слабая, як і слабая ўся дзяржаўнасьць сёньня.

І Юлія Цімашэнка, якая лічыць, што неабходныя таксама і дыпляматычныя намаганьні па вырашэньні сытуацыі на Данбасе, але не цаной залагоджваньня Пуціна. І дыпляматычны фармат павінен быць іншы, ня ў межах Менскай групы, а жэнэўскі фармат: ЭЗ, ЗША, Украіна і Расея, дзе ў Ўкраіны ёсьць сур’ёзная падтрымка з боку ЗША і Эўразьвязу. Пры гэтым Цімашэнка не выключае і магчымасьці ваеннага вырашэньня канфлікту на Данбасе.

— На вашу думку, правядзеньне парлямэнцкіх выбараў падчас сур’ёзнага супрацьстаяньня і палітычнага крызісу — гэта нармальна?

— Гэта дрэнна, гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для краіны. Проста зараз прэзыдэнт Парашэнка спрабуе пры дапамозе датэрміновых выбараў сфармаваць больш падкантрольную Вярхоўную Раду і ўрад. Можа, улада Парашэнкі ўмацуецца па выніках выбараў, але тое, што дзяржава аслабне, для мяне цалкам зразумела. Выбары толькі абвостраць абстаноўку ва Ўкраіне. І замест таго каб думаць пра тое, як без гістэрык шукаць аптымальнага выйсьця з найглыбейшага крызісу, як са стану рэвалюцыі і вайны выйсьці на сьцежку стабільнасьці, у краіне будуць выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG