Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы незадаволеныя: пехатой праз мяжу ўжо не пяройдзеш


Пераважная большасьць гарадзенцаў, якія пехатою праходзяць мяжу з Брузгоў у Кузьніцу Беластоцкую, перакананыя, што ўлады наўмысна спыняюць пешы рух, і ня вераць, што ён хутка адновіцца.

Сёньня раніца на памежным пераходзе ў Брузгах пачалася з працяглага праліўнога дажджу. Ліло амаль гадзіну, але гэта не спыніла тых, хто пехатою накіроўваецца з Кузьніцы ў Брузгі. Людзі з парасонамі, з заплечнікамі і сумкамі ў руках ідуць да сваіх машынаў на стаянцы. Пераважна гэта пэнсіянэры.

Размаўляю з трыма спадарынямі, якія вяртаюцца з Кузьніцы, намоклі, але кажуць, што намераныя хадзіць цяпер штодня, бо з 1 кастрычніка пешы пераход забароняць.

«Мы ўсе ў трансе, што пешы пераход зачыняюць. Я думаю, што яны спэцыяльна гэта робяць, бо зачыняюць і зь Літвой, і з Латвіяй, каб людзі не хадзілі. На цягніку для нас білет дарагі, на машыне трэба заплаціць страхоўку. Кажуць, многія ня сталі езьдзіць на машынах і купляць страхоўкі, а пачалі хадзіць пешшу — таму і зачыняюць пераход».

Часьцей за ўсё людзі ходзяць у Польшчу, каб нешта купіць, бо там таньней. Дзьве кабеты ідуць з пакетамі ў руках. Кажуць, што купілі харчы для сям’і, пераважна для малых дзетак.

«Там, як па мне, то ўсё смачнейшае і выбар харчоў значна большы... Ды ўсё там: і тварог, і сыры, і мясныя прадукты, усё там лепшае і таньнейшае».

«Ну а як жыць, калі ў мяне мільён 730 тысяч пэнсія? Скажыце, за гэтыя грошы можна пражыць, ды яшчэ за кватэру заплаціць? Харчавацца — на хлеб і ваду толькі».

Цягніком ці на аўта на такія закупы езьдзіць будзе надта дорага.

Іншая кабета кажа, што хацела пешшу прайсьці ў Польшчу на дзень нараджэньня і на вясельле, але рашэньне ўладаў можа зламаць гэтыя пляны, трэба будзе некага прасіць, каб падвёз.

Да размовы далучаецца яшчэ адзін пэнсіянэр:

«Вунь харчоў добрых накупіў, і хлеб мне іхні падабаецца. Прынясу дадому, і ўсё добра. І сябе неяк выгуляў: схадзіў, пабыў, паглядзеў. А што сядзець у хаце? У нас што, для пэнсіянэраў ёсьць нейкія клюбы ці яшчэ што? Няма нічога. А пэнсіянэраў столькі ў горадзе, што дзяваць няма куды».

Размаўляю яшчэ з адной спадарыняй, якая толькі пад’ехала на стаянку на ўласным аўта і зьбіраецца ісьці ў Польшчу. Яна ня можа зразумець, навошта ўлады раптам зачыняюць пешы пераход, калі ўсім так зручна нават пасьля працы прыехаць сюды і пайсьці ў краму па таньнейшыя харчы.

«Ведаеце, пешкі вельмі зручна, бо нікога і нічога ня трэба чакаць. Я прайшла сама, купіла што трэба, вярнулася, села ў машыну, і ўсё. А страхаваць машыну для мяне зусім нявыгадна. Вядома, калі пешы пераход зачыняць, то можна на маршрутку сесьці і паехаць. Але гэта нашмат даражэй, і часта гэтага сабе не дазволіш. Было вельмі зручна. Я вось сёньня справы парабіла, маю вольны час, прыехала, зраблю закупы — і назад».

Непадалёк мужчына нясе кухонны камбайн, запакаваны. Распавядае, што гэта апошнія разы ўжо носіць тавар. Ён кажа, што ня верыць у нейкую раптоўную патрэбу зачыняць пешы пераход і думае, што хутка яго ўжо не адчыняць.

«Папярэдняя вэрсія такая, што яны хочуць зрабіць пешы пераход належным чынам, каб ён адпавядаў усім нормам. Але паўстае пытаньне: колькі гэта працягнецца? Палякі гэта зрабілі хутка, а нашы, думаю, будуць рабіць доўга. І прычына зусім ня ў гэтым — проста яны хочуць абмежаваць людзей, каб меней хадзілі».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай пешаходны рух часова спыняецца, бо ў беларускіх пунктах пропуску няма неабходнай інфраструктуры для пешаходнага руху: асобных пешаходных калідораў, асобных тэрміналаў мытнага і памежнага афармленьня. Гэта нібыта не забясьпечвае неабходны ўзровень бясьпекі пешаходаў і стварае складанасці ў пунктах пропуску, якія раней праектаваліся выключна як аўтадарожныя.

XS
SM
MD
LG