Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя цягне сокі з замарожаных Расеяй канфліктаў


Што агульнага паміж Ісламскай дзяржавай і ДНР? Карэн Давіша, экспэртка па расейскіх і постсавецкіх пытаньнях ва ўнівэрсытэце Маямі, піша пра гэта ў артыкуле ў The Moscow Times.

Зь першых сваіх дзён Савецкі Саюз быў ня менш непахісны ў пытаньні сувэрэннасьці ў «сваёй» зоне, чым Захад у сваёй. На практыцы гэта азначала, што, пачынаючы з 1960-х гадоў, міжнародная сыстэма засялялася дзяржавамі, незалежнасьць якіх была значна абмежаваная адной або другой звышдзяржавай пад покрыўкай дактрынаў Брэжнева і Манро.

Цяпер маем як мінімум дзьве вайны, у якіх галоўнымі акторамі зьяўляюцца недзяржаўныя суб’екты: Ісламская дзяржава ў Іраку і Сырыі ды Данецкая Народная Рэспубліка (ДНР) ва Ўкраіне. Абодва гэтыя суб’екты імкнуцца разбурыць дзяржаву, на тэрыторыі якой яны дзейнічаюць, і абодва маюць прыхільнікаў звонку. Хочучы стаць часткай ці то ісламскага халіфату, ці то «рускага сьвету», гэтыя рухі імкнуцца зьнішчыць дзяржавы, цалкам прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, і перакроіць прызнаныя межы.

ДНР цікавая тым, што гэта ўжо чацьверты «замарожаны канфлікт», створаны Расеяй, у дадатак да Прыднястроўя, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Гэтыя два апошнія суб’екты былі абвешчаныя незалежнымі пасьля ўварваньня Расеі ў Грузію, і іх прызналі толькі Расея, Вэнэсуэла, Нікарагуа і некалькі іншых краінаў, пра якія вы ніколі ня чулі (як Науру, да нядаўняга часу — адзін з сусьветных цэнтраў адмываньня грошай). І вось якраз цяпер «нараджаецца» ДНР, пры дапамозе акушэраў з расейскіх спэцпадразьдзяленьняў.

Вядома, параўнаньне Абхазіі з Украінай не зьяўляецца дасканалым. У адрозьненьне ад вайны з Грузіяй, якая трывала некалькі дзён, канфлікт ва Ўкраіне працягваецца значна даўжэй і сілкуецца праблемамі, якія, як здаецца, мацней закранаюць як Кіеў, так і Маскву.

Па-першае, няма ніякіх сумненьняў, што ва ўсходняй Украіне ёсьць людзі, якія лічаць, што Кіеў цалкам кантралюецца ультранацыяналістычнымі бандытамі. І, зразумела, усе расейскія тэлеканалы падаюць Украіну гэткім чынам, нягледзячы на тое, што эўрапейскія памкненьні Кіева зусім не фашысцкія. Гэтыя «фашысты», аднак, пашыраюць нешта небясьпечнае для аўтакратычнай натуры Крамля, а менавіта — вяршэнства закону і вяршэнства народнай дэмакратыі.

Адначасова няма ніякіх сумневаў, што заходняя Ўкраіна бачыць сябе як ахвяру гвалтоўнага савецкага прыгнёту, у якім яна апынулася пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, і цяпер гэтая частка Ўкраіны імкнецца атрымаць гістарычную кампэнсацыю. Будучы часткай Эўропы да Другой сусьветнай вайны, заходняя Ўкраіна імкнецца туды вярнуцца.

Расея, памятаючы, што некаторыя заходнія ўкраінцы былі настолькі люта антысавецкімі, што былі гатовыя ўступіць у саюз з нацыстамі, каб прадухіліць гвалтоўнае далучэньне да СССР, цяпер імкнецца зрабіць усё неабходнае, каб перашкодзіць уладам у Кіеве наблізіць межы Эўропы да Расеі.

І ўсё ж усходняя Ўкраіна ідзе па шляху да стварэньня яшчэ аднаго замарожанага канфлікту, а не да поўнага далучэньня, як у выпадку Крыму. І, як паказвае досьвед іншых маленькіх дзяржаваў-ізгояў, падтрымліваных Расеяй, гэтую таксама чакае карумпаваная будучыня.

Нягледзячы на зацікаўленасьць гэтых тэрыторый у далучэньні да Расеі, асабліва з боку Прыднястроўя, Расея да гэтага часу трымае іх на значнай адлегласьці. Замест далучэньня, Масква вырашыла стварыць малыя дзяржавы пад кіраўніцтвам сілавікоў у Прыднястроўі, Асэтыі, Абхазіі і, верагодна, у Данецку. Каб кіраваць гэтымі тэрыторыямі, былым афіцэрскім элітам ФСБ, ГРУ і спэцназу, як падаецца, дазволілі ператварыць гэтыя рэгіёны ў сядзібы арганізаванага бандытызму.

Дамо толькі адзін прыклад. Народжаны ў Расеі Уладзімір Анцюфееў быў камандзірам латвійскага АМОНу, які ў 1990 годзе адмовіўся прызнаць латвійскую незалежнасьць. Пасьля ўцёкаў з Латвіі ў Маскву, ён узяў удзел у змаганьні Прыднястроўя супраць Малдовы ў 1991 годзе.

Анцюфееў у канчатковым выніку стаў кіраўніком Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі Прыднястроўя, але ў 2012 годзе ён быў звольнены па абвінавачваньні ў злоўжываньні службовым становішчам і незаконным прысваеньні дзяржаўных сродкаў. Пасьля ўцёкаў у Маскву яшчэ раз, у ліпені сёлета, ён стаў намесьнікам прэм’ер-міністра Данецкай Народнай Рэспублікі.

Прысутнасьць Анцюфеева ў Данецку паказвае на расейскую вэрсію каляніяльнай палітыкі, у якім драпежныя эліты цыркулююць паміж зонамі фінансава выгадных канфліктаў. Гэтыя юрыдычна шэрыя зоны, несумненна, зьяўляюцца прывабнымі для пракрамлёўскіх сілавікоў, таму што ўсё гэта адбываецца здалёк ад цікаўных вачэй міжнароднай супольнасьці — у гэтых непрызнаных дзяржавах няма ні амбасадаў, ні міжнародных назіральнікаў.

Арганізаваная злачыннасьць, у змове з уладамі, якія дазваляюць ёй квітнець, ператварыла гэтыя непрызнаныя тэрыторыі ў цэнтры гандлю людзьмі, кантрабанды наркотыкаў і падробкі грошай. (...)

XS
SM
MD
LG