Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін абсалютна ўпэўнены ў сваёй праваце, і чхаць ён хацеў на Маршы міру


Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пакуль не дасягнуў сваіх мэтаў на ўкраінскім напрамку, таму ён працягне гэту лінію, у тым ліку шляхам эскаляцыі ваеннага канфлікту, нягледзячы ні на якія Маршы міру.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, які сам браў удзел ва ўчорашнім Маршы міру ў Маскве.

«На мой погляд, у маскоўскім Маршы міру ўдзельнічалі парадку 40–50 тысяч чалавек. У гэтым сэнсе я лічу яго вельмі пасьпяховым. Асабліва з улікам таго, што акцыі прыхільнікаў так званай „Наваросіі“ зьбіраюць ня болей за тысячу чалавек. Але істотнага ўплыву на палітыку Крамля гэта не акажа: Уладзімер Пуцін абсалютна ўпэўнены ў сваёй праваце, і чхаць ён хацеў на падобнага роду акцыі», — перакананы палітоляг.

Бялкоўскі таксама ўпэўнены, што шматтысячная акцыя ў Маскве ня сьведчыць пра нейкія зьмены ў настроях расейскага грамадзтва.

«85% падтрымліваюць ідэю далучэньняф Крыму, а тыя людзі, якія выйшлі ўчора на акцыю, заўсёды належалі да 15-адсоткавай меншасьці. Таму ніякай кардынальнай зьмены складу і структуры людзей, якія ўхваляюць і не ўхваляюць пазыцыю Ўладзімера Пуціна на гэтым напрамку і ў міжнародным вымярэньні ў прынцыпе, не адбылося», — падкрэсьлівае ён.

Што тычыцца новых менскіх дамоўленасьцяў наконт сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, то Бялкоўскі лічыць іх працягам сыстэмы вымушаных саступак з боку Кіева, за якія Пятра Парашэнку нельга асуджаць.

«Усе гэтыя саступкі — прамое наступства ваеннай паразы Ўкраіны пад Ілавайскам, пасьля таго як Пуцін кінуў на дапамогу сэпаратыстам рэгулярныя расейскія войскі. У гэтай сытуацыі Парашэнка мог або працягваць баявыя дзеяньня і пацярпець новае паражэньне, якое зрабіла б становішча Ўкраіны яшчэ цяжэйшым, або пайсьці на саступкі, што і адбылося», — кажа палітоляг.

У выніку, адзначае экспэрт, упершыню лідэры сэпаратыстаў былі прызнаныя ў якасьці суб’ектаў перамоваў, быў прыняты закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, а ўступленьне ў сілу эканамічнай часткі Дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу адкладзена да 1 студзеня 2016 году.

«Але трэба сказаць, што пад ціскам Пуціна цяпер саступае ня толькі Ўкраіна, але і ЗША. Вынікі візыту Пятра Парашэнкі сьведчаць пра тое, што Барак Абама ня хоча пакуль даваць Украіне летальную зброю і не гатовы даць Украіне асаблівы статус ваеннага саюзьніка па-за межамі НАТО. Гэта, безумоўна, імкненьне не раздражняць Расею і падтрымліваць мірны працэс, які сёньня шмат у чым задавальняе Пуціна», — падкрэсьлівае Бялкоўскі.

Між тым, экспэрт пакуль ня бачыць пэрспэктыў усталяваньня трывалага міру на ўсходзе Ўкраіны, таму што Пуцін яшчэ не дасягнуў сваіх мэтаў.

«У яго тры галоўныя мэты: не дапусьціць уступленьня Ўкраіны ў НАТО, дамагчыся фактычнага прызнаньня прыналежнасьці Крыму да Расеі — шляхам гарантыі жыцьцезабесьпячэньня Крыму і зьняцьця блякады як па ўкраінскай, так і па эўрапейскай лініі, а таксама аналягічнае дасягненьне ў адносінах да Прыднястроўя. Пакуль Пуцін не дасягнуў гэтых мэтаў, ён будзе ісьці наперад, у тым ліку і шляхам эскаляцыі ваеннага канфлікту, у той меры і ў тых сытуацыях, як яму гэта будзе неабходна, калі ён будзе лічыць, што перамовы буксуюць і не прыносяць яму належных вынікаў», — лічыць Бялкоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG