Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстарам патрэбныя ня форумы, а гарантыі недатыкальнасьці ўласнасьці, — экспэрт


Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Першы Беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум адкрываецца сёньня ў Нью-Ёрку. Беларусь разьлічвае на актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі, прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч ужо запэўніў, што прыехаў на форум не з пустымі рукамі:

«У нас ёсьць дастаткова важкія аргумэнты, каб актывізаваць працу з амэрыканскімі кампаніямі, банкамі. Нам трэба актыўна заходзіць сюды на фінансавыя рынкі, якія, на жаль, пакуль яшчэ асвоеныя недастаткова», — адзначыў ён.

Шанцы на эканамічны прарыў беларускай дыпляматыі ў Нью-Ёрку ацэньвае фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб:

«У нас з гэтымі інвэстыцыйнымі форумамі ўзьнікае досыць супярэчлівая сытуацыя. З аднаго боку, улады спрабуюць праводзіць такія мерапрыемствы — раней было ў Лёндане, Франкфурце-на-Майне, цяпер вось у Нью-Ёрку — трацяцца пэўныя грошы на піяр, але пры гэтым ня так шмат, як хацелася б, аддаецца ўвагі рэальнаму інвэстыцыйнаму клімату ў Беларусі. Па некаторых фармальных рэйтынгах, у прыватнасьці, згодна з рэйтынгам Усясьветнага банку, Беларусь рэгулярна атрымлівае ўсё больш высокія месцы. Тым ня меней бальшыні інвэстараў патрэбныя вельмі простыя рэчы: гарантыя недатыкальнасьці іх уласнасьці, іх інвэстыцый, а таксама незалежная судовая сыстэма, якая рэальна працуе.

Пра незалежную судовую сыстэму ў нашых рэаліях пакуль гаварыць не выпадае. Што тычыцца інвэстклімату, на жаль, выкарыстоўваюцца спробы рэанімаваць такі інструмэнт, як „залатая акцыя“: адносна нядаўна, па сутнасьці, нацыяналізаваныя акцыі „Камунаркі“ і „Спартака“, цяпер вельмі незразумелая гісторыя адбываецца зь „Мілавіцай“. На сёньня гэта цалкам, 100-працэнтна прыватнае акцыянэрнае таварыства, але дзяржава ў асобе Менгарвыканкаму спрабуе ўвайсьці ў склад акцыянэраў. Пакуль такія гісторыі ў Беларусі паўтараюцца, думаю, што многія інвэстары будуць ставіцца зь вялікай насьцярожанасьцю да магчымасьці зайсьці на беларускі рынак».

Беларуска-амэрыканскі інвэстыцыйны форум падзелены на тры блёкі. У першым будуць абмяркоўвацца пытаньні інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі, нацыянальных інвэстыцыйных праектаў, магчымасьці супрацоўніцтва ў прыярытэтных сэктарах. Другі блёк складуць IT-сфэра і навука, трэці ўключае ў сябе перавагі супрацоўніцтва зь Беларусьсю з улікам функцыянаваньня адзінай эканамічнай прасторы і стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу.

XS
SM
MD
LG