Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першай палове сьнежня ў Беларусі мае адбыцца Ўсебеларускі кангрэс за незалежнасьць. Такое рашэньне было прынятае 20 верасьня ў Менску на чарговым паседжаньні аргкамітэту кангрэсу.

Каардынатарка аргкамітэту Алена Анісім распавяла Радыё Свабода:

«Адбылося два паседжаньні аргкамітэту. Найвялікшую небясьпеку і хваляваньні выклікае той факт, што вось-вось чакаецца ратыфікацыя пагадненьня аб Эўразійскім эканамічным саюзе, якім прадугледжана стварэньне адзінай эўразійскай эканамічнай прасторы. Тут закладзена вельмі небясьпечная рэч, як адзначыў доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў. У гэтай дамове ёсьць палажэньні, якія нясуць непасрэдную пагрозу незалежнасьці Беларусі. Да прыкладу, згодна з артыкулам 13 краіна-падпісант ня можа выйсьці з ЭАЭС бяз згоды іншых краін. І калі гэтая дамова будзе ратыфікаваная, можна сьцьвярджаць пра рэальную небясьпеку для сувэрэнітэту Беларусі.

Гэта прымушае актывізаваць памкненьні грамадзкасьці дзеля адстойваньня нашай дзяржавы і яе незалежнасьці. Таму што, як паказвае досьвед і сёньняшняя сытуацыя ў сьвеце, страціць дзяржаўнасьць, страціць незалежнасьць — вельмі лёгка і проста, а вось аднавіць, адрадзіць яе нават пры самых дэмакратычных варунках даволі складана.

Мы адчуваем, што гэтая пагроза не зьнікае, яна ўвесь час паўстае. І наша задача — прааналізаваць сытуацыю і мабілізаваць усе сілы ў грамадзтве, каб яшчэ раз пацьвердзіць і засьведчыць перад усім сьветам наша жаданьне жыць у сваёй незалежнай, самастойнай краіне, а ня быць прыдаткам, аскепкам чаго-небудзь».

Да працы аргкамітэту па скліканьні Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасьць далучыліся акадэмік Радзім Гарэцкі, прафэсар Мікола Савіцкі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, кінарэжысэр Уладзімер Колас, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў.

Сябры аргкамітэту чакаюць ад людзей канкрэтных прапановаў па фармаце кангрэсу, яго тэматыцы, месцы і часу правядзеньня, наконт мэханізму вылучэньня дэлегатаў і збору сродкаў для арэнды памяшканьня і на іншыя выдаткі.

Свае прапановы і заўвагі можна дасылаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG