Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Бітаў: Чаму Расея «скацілася на ўсход»


Андрэй Бітаў

Андрэй Бітаў

Расейскі пісьменьнік Андрэй Бітаў — аўтар кнігаў «Пушкінскі дом», «Абгрунтаваная рэальнасьць», «Выкладчык сымэтрыі» — лічыць, што анэксія Крыму Расеяй зьяўляецца эпізодам сусьветнай імпэрскай барацьбы, якая вядзецца стагоддзямі. На ягоную думку, жыцьцё імпэрыяў і палітыку дыктатараў трэба ацэньваць ня з пункту гледжаньня сёньняшняй сытуацыі, а ў маштабнай гістарычнай пэрспэктыве.

Фрагмэнт інтэрвію, якое Андрэй Бітаў даў нашаму радыё:

Бітаў: Як чалавек, які прысьвяціў сябе вывучэньню савецкай імпэрыі і які апісаў яе ў сваёй «Імпэрыі ў чатырох вымярэньнях» — праз існаваньне аднаго ўдумлівага чалавека, які шукае ўнутраную свабоду — я ўспрымаю тое, што адбываецца ў сьвеце, праз свае ўласныя традыцыі. Успамінаю, напрыклад, адзін выдатны эпізод — гэта было, калі Мікіта аддаў Украіне Крым, у годзе, напэўна, 1954-м. Я ў двары Саюза пісьменьнікаў у Маскве заходзіў у рэдакцыю «Дружбы народаў» ці «Юнацтва», ужо не памятаю дакладна. І вось там лібэральны чалавек, старэйшы за мяне, ад якога я не чакаў такога абурэньня, кажа: «Як жа так?! Мы ж 18 войнаў з Турцыяй правялі! Гэта ж наш, рускі Крым!» На што я яму адказаў: «Дык жа саветы проста пераклалі Крым з адной кішэні ў другую».

У чым былі недальнабачныя нашы крамлёўскія старцы? Думаю, віной Сяргей Міхалкоў, які напісаў «Саюз непарушны рэспублік свабодных». Вось гэта яны, савецкія правадыры, ведалі на памяць, і нічога іншага яны не ведалі. Гэтая непарушнасьць, яна была не ў сьвядомасьці народу, а ў мозгу насельнікаў Крамля: нічога не мяняецца ад перамены месцаў у ім.

Але ўсё-ткі Крым для мяне заўсёды заставаўся расейскім, зьвязаным з Чэхавым, з Кактэбелем, з маім першым морам у жыцьці, якое я ўбачыў у 1946 годзе. Гэтыя словы — «18 войнаў з Турцыяй» — я запомніў на ўсё жыцьцё. Чаму гэтыя словы з такім гневам вымавіў чалавек левага, зусім антысавецкага толку..? Расейская літаратура непадзельна зьвязаная з Крымам. Крым быў усё-ткі нашым Міжземнамор’ем, а мы народ хоць і паўночны, але, насамрэч, паводле Пушкіна — душою цалкам міжземнаморскі, нам цяпло трэба. Адсюль ня толькі наша імпэрская, ваяўнічая, але і літаратурная і культурная традыцыя. Поўдзень — наогул само па сабе паняцьце імпэрскае.

Калі вы прачытаеце мой апошні раман, «Выкладчык сымэтрыі», які ня так даўно нарэшце выйшаў цалкам, то знойдзеце там навэлу «Бітва пры Альфабэце», гэта пераклад з замежнай без слоўніка. Такім чынам, усе праекцыі там у асноўным ня рускія, а такія брытанскія. Я доўга ня мог зразумець, чаму Расея так гістарычна лёгка скацілася з захаду на ўсход. 18 войнаў правялі з Турцыяй, але ў той жа час бандыты-казакі пешшу прайшлі Сыбір, Аляску і Каліфорнію: «Маршам, маршам, маршам, братцы, маршам мы дойдзем да самага Чыкага!» Я хоць і апісваў імпэрыю, але ніколі дзяржаўнікам ня быў, дзяржава і ўлада мне заўсёды перашкаджалі ў гэтым. Але што рабіць з гэтым адчуваньнем вялізнай прасторы, якою дыхае любая імпэрыя..?

РС: А якія наступствы меў для Расеі гэты адкат на ўсход?

Бітаў: Гэты адкат — зваротная хваля чынгісханаўскага нашэсьця. Падзагаловак адной з маіх галоўных кнігаў «Пятае вымярэньне» — «На мяжы часу і прасторы». Гэта вельмі інтуітыўна сказана, паколькі такой мяжы існаваць ня можа. Геаграфічная мяжа Эўропы — гэта Ўрал і Каўказ. Вось што такое адваротны рух імпэрыі, калі яна падае... Імпэрыі абавязаныя падаць, яны доўга не трымаюцца, але наступствы іх распаду заўсёды жудасныя для суседзяў або былых калёній. Расея заплаціла за тое, каб захаваць сябе ў якасьці імпэрыі, Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Я ўпэўнены, што імпэрская гістарычная падсьвядомасьць спрацавала на тое, каб вылучыць больш жорсткі рэжым, які скаваў бы краіну лёдам ГУЛагу. І імпэрыя захавалася — толькі ў савецкім абліччы. Аплачана гэта было, між іншым, генацыдам, і дарэчы, рускага народу перш за ўсё. Ленін прайшоўся па дваранскай клясе, а Сталін скончыў сялянствам — і ўся краіна сышла ў ГУЛаг. Гэта было неабходна для таго, каб Расея не разьдзяліла лёс Аўстра-Вугоршчыны. Аўстра-Вугоршчына развалілася ў выніку Першай сусьветнай вайны, а расейская імпэрыя перарадзілася ў савецкую.

Рух Брытанскай імпэрыі ажыцьцяўляўся з мэтраполіі па ўсім сьвеце — увесь час захоўвалася ядро, а заваёвы англічане вялі па ўсім сьвеце. Хто цяпер спадчыньнікі Брытаніі? Чаму ангельскі леў такім аблезлым аказаўся? Брытанія — мая самая любімая краіна, і я заўсёды з задавальненьнем думаў, што брытанскі леў — горды. Рэч у зваротным руху Брытанскай імпэрыі, які спарадзіў Злучаныя Штаты. Расея «вылецела» у адваротны чынгісханаўскі рух, а ЗША — гэта зваротны рух Брытаніі. А Нямеччына спазьнілася на падзел сьвету — і вось вам дзьве сусьветныя вайны. Зноў жа віной — імпэрскае мысьленьне, але ня трэба думаць, што яно ёсьць толькі ў адной кропцы сьвету, у Лёндане ці ў Маскве.

РС: Як вам бачыцца тое, што адбываецца сёньня? Крым, расейскія войскі на паўднёвым усходзе Украіны...

Бітаў: Як я ўспрыняў тое, што здарылася з Крымам? Я разумеў, што Масква будзе дзейнічаць выведнымі мэтадамі — нечаму дапаможа, нечаму перашкодзіць, у нешта ўмяшаецца, нейкія рэчы схавае... Усё зноў, як у савецкі час, вырадзілася ў барацьбу дзьвюх сыстэм выведак.

Як толькі пасьля распаду СССР я выехаў на Захад, то адразу ўбачыў новую тэндэнцыю — настальгію па ворагу. Расея ўсё яшчэ цягнулася ў Эўропу, аднак настальгія па ворагу была праяўлена адразу, у тым ліку лібэральным, нібыта інтэлектуальным асяродзьдзем. Стала незразумела, хто вораг, а хто ня вораг. Як адчуць сябе лепш, чым у жудасныя гады глябальнага супрацьстаяньня?

Пытаньне палітыкі, відаць, у тым, спозьнісься ты ці пасьпееш у інтарэсах сваёй краіны зрабіць рашучы крок. Вось ад гэтага страху — спазьніцца або пасьпець — вельмі шмат што залежыць, і тут мусіць працаваць дыпляматыя. Можна было, напэўна, вялікім дзяржавам украінскую сытуацыю ператрываць, даць Украіне шанец разабрацца самой. Але Расея чакаць ня стала, так што Пуцін або пасьпеў са сваімі дзеяньнямі ў Крыме, або пасьпяшаўся.

Але наўрад ці, калі разважаць у парамэтрах імпэрскай лёгікі, Пуцін мог паступіць па-іншаму, таму што тыран — гэта частка арганізму імпэрыі. І Чынгісхан, і Напалеон. Яны разважаюць не сусьветнымі катэгорыямі, яны лічаць, што ўлада заўсёды мае рацыю. Гэтае адчуваньне правільнасьці — найгоршае зло з тых, якія я ведаю. А Расея да таго ж яшчэ і вельмі правінцыйная (як, зрэшты, правінцыйная цяпер і Эўропа) — правінцыйная, таму што заўсёды прагне прызнаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG