Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны патлумачыў прычыны трагедыі пад Ілавайскам


Пятро Парашэнка даў вялікае інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам, у якім патлумачыў сваю пазыцыю адносна замірэньня ў Данбасе.

Прэзыдэнт Украіны сярод іншага заявіў, што адной з прычын атачэньня ўкраінскіх сіл пад горадам Ілавайскам Данецкай вобласьці была затрымка з прыбыцьцём на месца супрацьстаяньня ўдарнай украінскай групоўкі.

У інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам прэзыдэнт Украіны адзначыў, што бачыць дзьве прычыны няўдачы ўкраінскі ваенных пад Ілавайскам.

«Першая — гэта здача пазыцый, што дазволіла ўзяць у атачэньне», — сказаў Парашэнка. Ён зазначыў, што брыгада, салдаты якой пакінулі пазыцыі і здаліся ў палон расейцам, будзе расфармаваная.

«Другая (я цяпер ужо магу пра гэта сказаць) — ўдарная групоўка, якая павінна была падыйсьці, пасьля аднаўленьні баяздольнасьці, затрымалася на тры дні», — дадаў ён. Паводле ягоных слоў, калі б апэрацыя пайшла паводле пляну, «дзеяньні кардынальна адрозьніваліся б».

«Я гатовы да таго, каб рабіць высновы з аб’ектыўнага расьсьледаваньня. Замоўленыя ўсе экспэртызы», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

У выніку зьнішчэньня кадравымі расейскімі часткамі, якія ўварваліся ў Данбас, украінскіх войскаў у Ілавайскім катле, былі забітыя сотні салдат, каля тысячы ўзята ў палон.

Пятро Парашэнка таксама заявіў у нядзелю, што раёны Данбаса з асаблівым статусам будуць па пэрымэтры кантралявацца ўкраінскімі памежнікамі.

У інтэрвію украінскім тэлеканалам Парашэнка таксама распавёў, што Кіеў гатовы фінансаваць тыя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, якія вернуцца пад ўкраінскі сьцяг.

Украінскі прэзыдэнт асабліва падкрэсьліў, што дзякуючы прыняцьцю Вярхоўнай Радай законаў аб амністыі і асаблівым статусе шэрагу рэгіёнаў Данбас ідзе дээскаляцыі канфлікту. І калі б гэтага не здарылася, то Ўкраіна пазбавілася б міжнароднай падтрымкі і на яе маглі б ускласьці адказнасьць за зрыў мірнага працэсу.

XS
SM
MD
LG