Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод пераможцаў «Анімаёўкі» — беларускі мультфільм, зроблены ў праваслаўным манастыры


Анімаёўка, 2013 год.

Анімаёўка, 2013 год.

У Магілёве на міжнародным фэстывалі «Анімаёўка-2014» мультыплікацыйныя стужкі нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» засталіся без узнагародаў. У конкурснай праграме ўдзельнічалі сем мульцікаў кінастудыі — два зь іх беларускамоўныя. Яшчэ тры беларускія мультфільмы на расейскай мове былі прадстаўленыя ў конкурсе фэстывалю ад незалежных аматарскіх кінастудыяў. Адзін зь іх, мультальманах «Для самых маленькіх», зроблены на студыі ў імя сьвятога спавядальніка Яна Воіна, перамог у намінацыі «За найлепшы дзіцячы фільм».

Сябра журы конкурснай праграмы фэстывалю Алена Турава, апавядаючы пра яго вынікі, называе перамогу на «Анімаёўцы» мультыплікацыйнага альманаху «Для самых маленькіх» сэнсацыяй:

«Над альманахам працавалі як вядомыя мультыплікатары, гэтак і зусім пачаткоўцы, і ў выніку атрымалася добрая зборка. Яна адпавядае сваёй назьве „Для самых маленькіх“. У ім дзевяць добрых цёплых казак».

Што да вынікаў сёлетняга ўдзелу ў «Анімаёўцы» кінастудыі «Беларусьфільм», то Алена Турава кажа:

«Сёлета «Беларусьфільм» ня дужа сябе неяк паказаў на фэстывалі. Мультфільм з сэрыялу «Аповесьць мінулых гадоў, які амаль заўжды браў прызавыя месцы, гэтым разам зроблены быў горш, чым у папярэднія гады. Яго рабілі дэбютанты».

На думку Алены Туравай, тое, што праца аматарскай кінастудыі адзначана на фэстывалі, пазытыўны сыгнал, які сьведчыць, што паралельна зь «Беларусьфільмам» разьвіваюцца і маленькія студыі.

«Наш мультфільм адметны тым, што ў ім сапраўды гісторыі для самых маленькіх», — адзначае спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю праваслаўнага Сьвята-Елісавецінскага манастыра Вадзім Янчук. Паводле яго словаў, студыя ў імя сьвятога спавядальніка Яна Воіна — пляцоўка для пачаткоўцаў-аніматараў.

«Наш фільм проста атрымаўся так, што заняў свабодную нішу ў беларускай анімацыі. У ім няма рэлігійнай тэматыкі. У сюжэце — дабрыня, спагада, любоў, сяброўства. На жаль, ён зроблены на расейскай мове. Ён ствараўся пры царкве, а ў нас асноўная мова — расейская».

Гран-пры фэстывалю атрымаў мультфільм з Казахстану «Цімур і Дракон». Сярод пераможцаў мультфільмы з Італіі, Гішпаніі, Расеі. Усяго на конкурс фэстывалю былі дасланыя больш за 150 мультфільмаў з 39 краінаў.

XS
SM
MD
LG