Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец прэзэнтаваў «Беларускую глыбіню» ў Івацэвічах, Жабінцы, Бярозе і Кобрыне


Павал Севярынец
Павал Севярынец

Павал Севярынец прэзэнтаваў сваю кнігу «Беларуская глыбіня» ў Івацэвічах, Жабінцы, Бярозе і Кобрыне на Берасьцейшчыне.

Каля двух дзясяткаў чалавек прысутнічалі на сустрэчы з Паўлам Севярынцам у Івацэвічах.

Аўтар распавёў аб сваёй кнізе «Беларуская глыбіня», якую пісаў у час адбыцьця пакараньня на «хіміі» ў Пружанскім раёне.

Павал Севярынец з жартам распавёў пра тое, як пракурор «паспрыяў» напісаньню «Беларускай глыбіні»:

«Гэтая кніга нарадзілася практычна ў залі суду. На судзе я не даваў паказаньняў, доўга думаў, маліўся... За мяне сьведчылі мае сябры — прыслалі шэраг рэкамэндацыяў... І адна з такіх рэкамэндацыяў, ад Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“, была такая — „калі ласка, не садзіце Севярынца ў турму, ён добры, мінулы раз, калі сядзеў па палітычнай справе, напісаў кнігу».

Я бачыў у гэты момант, калі судзьдзя зачытваў рэкамэндацыю, падымаецца пракурор і з такой усьмешкай хоча нешта сказаць, аж нахіляецца ў залю, але пасьля перадумвае і сядае на месца...

Але сэрца ў мяне ў гэты момант „ёкнула“, таму што я зразумеў, што хацеў сказаць пракурор — сядзеў Севярынец, напісаў кніжку, пасядзіш яшчэ, напішаш яшчэ адну...»

Палітык распавёў аб акалічнасьцях напісаньня кнігі, аб яе героях. Госьці імпрэзы атрымалі кнігу з аўтографам аўтара, а таксама пагутарылі з Паўлам Севярынцам аб беларускай рэчаіснасьці, мэнтальнасьці беларусаў ды пэрспэктывах дэмакратычных пераменаў.

Падобныя прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца адбудуцца яшчэ ў Берасьці, Маларыце, Камянцы ды іншых гарадах Берасьцейшчыны.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Павал Севярынец быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

Палітык быў асуджаны на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Трохгадовае пакараньне адбываў у спэцкамэндатуры Куплін каля Пружанаў.

На «хіміі» Севярынец і напісаў сваю кнігу «Беларуская глыбіня». Кніга складаецца з эсэ пра беларускую глыбінку, гісторыю, людзей Пружаншчыны і Берасьцейшчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG