Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейн: Ганьба нам, што мы ня можам даць Украіне зброю, у якой яна мае патрэбу


Джон Маккейн

Джон Маккейн

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн раскрытыкаваў рашэньне прэзыдэнта ЗША Барака Абамы аб адмове ў прадастаўленьні абарончай зброі для Ўкраіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні на сайце Маккейна.

«Гэта ганьба, што адміністрацыя працягвае адмаўляць Украіне ў прадастаўленьні ваеннай дапамогі, якая ёй вельмі неабходная пасьля таго, як прэзыдэнт Уладзімір Пуцін расчляніў яе і расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну. Украіна змагаецца, каб абараніць свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць. І, як сказаў прэзыдэнт Парашэнка ў Кангрэсе, немагчыма выйграць коўдрамі», — адзначае Маккейн.

Па словах амэрыканскага сэнатара, сытуацыя ва Ўкраіне пагрозьлівая для ўсяго сьвету.

«Прэзыдэнт Абама спрабаваў апраўдаць сваю адмову тым, што сытуацыя ва Ўкраіне не ўяўляе прамой пагрозы ЗША. Аднак, як адзначыў прэзыдэнт Парашэнка ў Вашынгтоне, крызіс ва Ўкраіне — гэта ня толькі справа Ўкраіны. Расейская агрэсія пагражае парадку ва ўсім сьвеце і асновам цэласнай Эўропы», — кажа сэнатар.

«Ганьба нам, калі мы ня можам ўвасобіць у жыцьцё нашы прынцыпы і даць дапамогу Ўкраіне, у якой яна мае патрэбу», — адзначыў Маккейн.

18 верасьня падчас выступу ў Кангрэсе ЗША ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка заклікаў прадаставіць Украіне зброю.

«Коўдры і прыборы начнога бачаньня таксама важныя, але нельга выйграць вайну толькі пастаўкамі коўдраў, больш за тое, мы ня можам захаваць мір, ваюючы коўдрамі», — адзначыў Парашэнка.

Ваенная дапамога ЗША цяпер уключае бронекамізэлькі, каскі, транспартныя сродкі, прыборы начнога бачаньня і цеплавізары, а таксама радары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG