Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы паведамляюць пра абстрэл сваіх пазыцыяў


На ўсходзе Ўкраіны сытуацыя ў раёне правядзеньня апэрацыі ўрадавых войскаў супраць сэпаратыстаў застаецца напружанай, нягледзячы на дамоўленасьць аб перамір’і.

Пра гэта гаворыцца на старонцы прэс-цэнтру спэцапэрацыі ў «фэйсбуку». Як адзначаецца ў паведамленьні, сэпаратысты працягваюць абстрэльваць пазыцыі сілаў украінскіх вайскоўцаў. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся блёкпасты і апорныя пункты ўрадавых сілаў, разьмешчаныя ў раёне Макарава, у Луганскай вобласьці, піша УНІАН.

Таксама сэпаратысты абстралялі пазыцыі ваенных паблізу 24 населеных пунктаў Данецкай вобласьці.

Таксама прэс-цэнтар спэцапэрацыі паведамляе пра гібель за мінулыя суткі ў перастрэлках з ваеннымі каля 40 сэпаратыстаў.

«Інтэрфакс» са спасылкай на сэпаратыстаў перадае, што, паводле папярэдняй інфармацыі штабу так званага апалчэньня, ноч на нядзелю ў Данецку прайшла бяз выбухаў і аўтаматных чэргаў.

Сайт Данецкага гарсавету паведамляе аб артылерыйскім абстрэле Куйбышаўскага раёну горада мінулай ноччу. «У выніку трапленьня снарадаў пашкоджаны жылыя дамы, пацярпелі два мірныя жыхары. Яны атрымалі аскепкавыя раненьні і былі шпіталізаваныя», — гаворыцца ў паведамленьні гарадзкога савету.

XS
SM
MD
LG