Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Берасьці: Калі Амэрыка дапаможа Ўкраіне, то Пуцін абломіць зубы


Польшча і краіны Балтыі непакояцца, што ўсьлед за Ўкраінай аб’ектам расейскай агрэсіі могуць стаць яны. Ці абгрунтаваныя такія апасеньні? Ці спыніцца Пуцін на Крыме і Данбасе?

Маладая дзяўчына: «Я думаю, што яму гэта ня трэба. Навошта, калі тут ніяк ня могуць урэгуляваць... Ваююць між сабой гэтыя Луганск ды Данецк, дый хай ваююць, галоўнае, каб ня выйшлі за межы. А калі выйдуць за межы, то ўжо атрымаецца тады вялікая вайна. А так, я думаю, наўрад ці...».

Мужчына: «Прыбалтыка, Польшча... Мне падаецца, яны проста выкалочваюць грошы з гэтых... з Альянса гэтага... А так, навошта Расеі тая Польшча, навошта Прыбалтыка? Крым ён узяў, але Крым спакон вякоў быў расейскім, там Хрушчоў, здаецца, яго ўкраінцам аддаў, падараваў сваёй былой жонцы ды далучыў да Ўкраіны. Хаця, кажуць, гэта незаконна, я, канешне, не палітык, ня ведаю».

Спадарыня сталага веку: «Аб’ектам агрэсіі гэтыя краіны могуць стаць, калі Пуцін усё возьме ў рукі, пераможа Ўкраіну. Тады ён ня спыніцца. Як кажуць, апэтыт прыходзіць падчас прыёму ежы. Пуцін і расейскі народ толькі набірае абароты ў агрэсіі».

Жанчына: «А хто ўвогуле яшчэ летась думаў, што Пуцін пойдзе на Крым? Таму зразумела, што Польшча і Прыбалтыка баяцца, ці мала чаго ад Расеі можна чакаць? Зразумела, Пуцін павінен баяцца такога кроку, бо гэта будзе сапраўдная вайна. Гэта ж ужо напад на краіны НАТО. Я думаю, што ён туды не палезе. Але калі так, то тады і нам дастанецца»...

Спадар сярэдняга веку: «Эўропа ўжо насьцярожылася, пачынае не давяраць Пуціну. Даўно ўжо і многія палітыкі кажуць, што нельга давяраць Пуціну. Гэты чалавек непрадказальны ў дзеяньнях. Ён сёньня сказаў адно, заўтра зрабіў другое, а пасьлязаўтра — трэцяе... І наступствы могуць быць, канешне, жахлівыя».

Спадарыня сярэдняга веку: Я лічу, што Пуцін спыніцца на Ўкраіне, таму што калі Амэрыка дапаможа Ўкраіне, то ён абломіць свае зубы. А Польшча і Прыбалтыка ў НАТО. А НАТО ніколі не дазволіць, каб гэтыя краіны былі пад гнётам Расеі. Ды і сама Расея не рызыкне ваяваць з НАТО".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG